Галоўнае на Асіпоўшчыне — узаемадзеянне

Дэпутат — не прафесія
Фёдар ВАРАБЕЙ у складзе райсавета дэпутатаў ужо трэцяе скліканне. У прынцыпе, выбар вяскоўцаў не здзіўляе: каму ж яшчэ даверыць абараняць свае інтарэсы, як не старшыні калгаса? Чалавеку, які дасканала валодае сітуацыяй “рэгіёна”, яго магчымасцямі і праблемамі?
Дарэчы, мясцовасць гэтая Вараб’ю заўсёды падабалася. Як кажа старшыня, Пціч і ў яго родных Майсеевічах, і ў Каўгарах — адна і тая ж, сэрцу заўсёды мілая. Магчыма, менавіта таму, калі яму прапанавалі ўзначаліць на выбар адзін з калгасаў, і абраў менавіта “Каўгарскі”: і палі-лясы знаёмыя, і людзі таксама. I першае, на што звярнуў увагу новы старшыня сельгаспрадпрыемства — стварэнне дзеяздольнага калектыву: заўсёды лічыў, што людзі — гэта галоўнае.
У тым, што сельская мясцовасць менавіта тое, што патрабуецца для душэўнага камфорту, Варабей пераканаўся, пажыўшы не толькі ў райцэнтры, але і ў сталіцы — быў час, калі ён рабіў слесарам-зборшчыкам, а потым інжынерам-тэхнолагам на Мінскім маторным заводзе. Найбольшы ж перыяд — з 1980 па 1999 год — адпрацаваў у Асіповіцкай райсельгасхіміі. Ужо з добрым вопытам за плячыма завочна атрымліваў дадатковыя веды ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “механізацыя сельскай гаспадаркі”.
Якімі бачацца перспектывы сваёй акругі дэпутату? У першую чаргу, трэба заасфальтаваць дарогу на Крынку, на Краі. Дарэчы, наконт апошняга ў святле цяперашніх падзей наогул справа важная: у хуткім часе тут пачне працаваць новы модуль малочнатаварнай фермы з сучасным абсталяваннем. Увод аб’екта дасць не толькі спадзяванне на паляпшэнне спраў у жывёлагадоўлі, але і некалькі дадатковых рабочых месцаў, што для сельскай мясцовасці факт немалаважны.
Людзей хвалюе і магчымасць газіфікацыі. Зразумела, што населеныя пункты з невялікай колькасцю жыхароў наўрад ці выйграюць такі бонус, як газаправод, а вось Дараганава, Каўгары, Радуцічы — справа іншая. Часцей за ўсё землякоў клапоціць яшчэ жыллё, дарогі, камунальнае абслугоўванне. І тут ужо без цеснага ўзаемадзеяння з сельскім Саветам не абходзіцца.
Сказаць, што Фёдар Рыгоравіч можа вырашыць любыя пытанні сваіх выбаршчыкаў, было б, канечне, перабольшваннем. А вось што па меры магчымасці стараецца з імі справіцца — так. Праблемы, з якімі вяскоўцы звяртаюцца да Вараб’я, не заўсёды можна раздзяліць “па намінацыях”: адны — да кіраўніка прадпрыемства, другія — да дэпутата райсавета. Хаця, гэта не так і важна. Галоўнае — каб быў станоўчы вынік.
Валянціна КОРБАЛЬ.

