Человек, производящий холод – осиповчанин Петр Буяк

Прафесіянал
Пётр Міхайлавіч Буяк паважае малочную прадукцыю. На смак яна падабаецца, ды яе вытворчасцю займаецца больш за 4 дзясяткі гадоў. І хоць ужо не першы год на пенсіі і, між іншым, з’яўляецца актыўным удзельнікам ветэранскага руху, але і любімую работу не пакідае.
Прыйшоў на завод, калі туды пачыналі завозіць абсталяванне, а запусцілі толькі малочны і кампрэсарны ўчасткі, на апошні з якіх Пятра прынялі машыністам халадзільных установак.
Незвычайны быў час! Поўным ходам ішло ўзвядзенне цахоў. Набіралі калектыў. Усе былі маладыя, з вялікім жаданнем працаваць. На кампрэсарны ўчастак прыйшло 14 чалавек, разам з якімі і вывучалі новую для сябе справу.
Пазней Пётр скончыў Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум і стаў майстрам участка.
Разам з прадпрыемствам прайшоў усе этапы станаўлення як чалавек і як прафесіянал. Пятру Міхайлавічу ёсць што ўспомніць. У 90-я гады пачалася буйная мадэрнізацыя: у новых эканамічных умовах трэба было вучыцца вытрымоўваць канкурэнцыю. Таму сур’ёзныя пераўтварэнні адбываліся ва ўсіх цахах і на ўчастках. Так і кампрэсаршчыкі перайшлі з аміячных установак на фрэонавыя. Быў пабудаваны цэх электрадыялізу. Пазней узвялі цэх па вытворчасці сыру. Разам з ім з’явіўся ўчастак па падрыхтоўцы ледзяной вады для патрэб завода, камеры захоўвання сыроў.
Зараз завадскі аксакал узначальвае кампрэсарны ўчастак і кацельню. Усюды адносіцца да даверанай справы адказна. Аб гэтым сведчаць і вынікі праверак Дзяржпрамнагляду.
І хоць столькі гадоў выпрацоўвае холад, сам жыццярадасны і вясёлы. Пра сваё прадпрыемства расказваць гатоў бясконца, бо гэта яго жыццё, яго лёс. Ганарыцца тым, што яно ідзе ў нагу з часам. Кажа, што ад таго маладога камбіната, на якім пачынаў працаваць, засталіся толькі сцены. Усё абсталяванне сучаснае, нават па кацельні гэта можна прасачыць. Закончыліся работы па замене катла на новы паравы, абсталяваны сістэмай аўтаматыкі. А таму замест былых 20 чалавек зараз тут працуе ўдвая менш людзей.
Калектыў таксама змяніўся. Старая “гвардыя” саступіла дарогу моладзі, якой зараз большасць у філіяле “Асіповіцкі”. Маладыя работнікі спасцігаюць навуку не з кніг і папяровых схем, як папярэднікі, а з дапамогай інтэрнэту. І гэта нармальна, лічыць наш герой. Тое ж датычыцца і адпачынку. 40 гадоў таму работнікі часта збіраліся разам, праводзілі вечары, дыскатэкі. Зараз вольны час Пётр Міхайлавіч праводзіць на прысядзібным участку з жонкай Таццянай, дзецьмі і ўнукамі. Збіраючыся ва ўтульным дворыку каля сажалкі, разам пьюць чай, расказваюць кожны пра сваё, дзеляцца навінамі.