Асіповіцкі егер Фурс і 42 ваўкі

Асіповіцкі егер Фурс і 42 ваўкі

На асабістым рахунку егера Асіповіцкай аргструктуры РДГА “БТПР” Валянціна Фурса 42 здабытыя ваўкі і яшчэ 10 — сумесна з другімі паляўнічымі. Гэта свайго роду рэкорд!

Для Валянціна Іосіфавіча ачыстка лесу ад непажаданага драпежніка не руцінны службовы абавязак, а хутчэй змаганне з разумным, хітрым і дужым ворагам. Найчасцей ён ідзе на паляванне адзін, таму атрымліваецца нешта накшталт рыцарскага адзінаборства. Зразумела, наколькі гэта рэальна ва ўмовах, калі паміж яго ўдзельнікамі мірнае суіснаванне немагчыма па вызначэнні.

Ваўкі — бадай адзіны від млекакормячых, які знішчаецца не ад таго, што нясе пагрозу непасрэдна чалавеку (як тая ж ліса — пераносчык шаленства). Усё прасцей і непазбежней: “шэрыя паляўнічыя” ніяк не ўпісваюцца ў правілы, якія людзі прадпісваюць навакольнаму асяроддзю, і вымушаны іх парушаць для таго, каб не памерці з голаду.

“Санітарамі лесу” ваўкі даўно не з’яўляюцца — за здароўем і памерам папуляцый дзікіх жывёл пільна сочаць арандатары паляўнічых угоддзяў, а разумныя драпежнікі ствараюць пагрозу моладзі дзікіх капытных ды хатняй жывёле. Так што нават у запаведніках іх колькасць жорстка рэгулюецца, а на звычайных тэрыторыях гэты звер увогуле аб’яўлены па-за законам.фурс и волки

— Ці справядліва, што чалавек адабраў у ваўкоў іх спрадвечныя паляўнічыя ўгоддзі і, па сутнасці, не пакінуў ім месца “пад сонцам”? — стаўлю рубам правакацыйнае пытанне. Ды толькі вопытны егер сабе на яго даўно адказаў:

— Даць ваўкам волю, дык яны будуць імкліва размнажацца, з’ядуць амаль усіх лясных жывёл. Дастанецца і свойскай жывёле, пры пэўных умовах і лю-дзям. Такое ўжо было пасля Вялікай Айчыннай…

Калі быў яшчэ малы, у Татарцы жыў вядомы паляўнічы Анатоль Дражын. Ваўкоў у наваколлі вадзілася яшчэ даволі многа, але ваўчанят яму было шкада. Неяк паспрабаваў прыручыць “зубасцікаў”. Знешне атрымалася паспяхова — прызнавалі чалавека сваім важаком і ва ўсім слухаліся. За адным выключэннем: не нападаць на жывёл-птушак, што лічылі “здабычай”, яны не маглі. Адточаныя драпежныя інстынкты не пераадолець ніякай дрэсіроўкай…

Ды і нельга сказаць, што ваўкам у нашай краіне зусім няма месца. Хутчэй — наадварот, у той ж Чарнобыльскай зоне драпежнікам ніхто не перашкаджае. Ды і ўвогуле паляўнічыя сёння не асабліва зацікаўлены ў барацьбе са шкоднымі драпежнікамі — няма матэрыяльнага стымулу. За кожнага забітага ваўка ці ваўчыцу налічаецца адпаведна па 3-5 балаў. Набярэш тузін — маеш права бясплатна здабыць казулю, 26 балаў — маладога лася, 40 — лася дарослага. Аднак калі палічыць, колькі трэба для здабычы ваўкоў часу і клопату, дык узгаданыя бонусы не выглядаюць асабліва прывабнымі. Для параўнання: у СССР за здабытага ваўка плацілі 100 рублёў і давалі бясплатную ліцэнзію на маладога дзіка, а за сем — адпаведна 700 рублёў і ліцэнзію на трафейнага лася. Адчуваецца розніца?

— І колькі ж сёння ваўкоў на Асіповіччыне?

— Апошнім часам у драпежнікаў назіраецца падзел па вонкаваму выгляду: звычайныя для нашых мясцін — высокія, доўгія, з масіўнай мускулатурай і прышэльцы — нізкія, шырокія, больш лёгкія. Адкуль з’явіліся апошнія не ведаю, але дарослы воўк за суткі прабягае да 80 кіламетраў і перасоўвацца з такой хуткасцю можа больш тыдня. Так што да нас могуць завітаць “турысты” з той жа Чарнобыльскай зоны, з Украіны, Расіі, Літвы, Польшчы…

На маю думку, колькасць ваўкоў на Асіповіччыне зараз можа дасягаць 70 асобін. У лясах вакол Татаркі, Ясеня, Ялізава, якія ведаю добра, іх недзе трыццаць. Ёсць сярод татаркаўскай міні-папуляцыі адзін зусім не звычайны — чорны. Некалькі разоў ён трапляў у поле зроку паляўнічых, у тым ліку і мне, аднак ні на якія людскія хітрыкі пакуль не паддаецца.

Увогуле, не такая і рэдкасць, калі воўк дажывае да глыбокай старасці. Чалавек вядзе сярод гэтых жывёл інтэнсіўны натуральны адбор, таму з пакалення ў пакаленне свае гены перадаюць толькі самыя дужыя, асцярожныя, прадбачлівыя і разумныя. Ды і жыццёвым вопытам дзеляцца — часта разам з ваўком і ваўчыцай жыве ваўчаня-пераярак, з мінулагодняга памёту, які ад бацькоў вучыцца змагацца за жыццё, дапамагае ім гадаваць малых ваўчанят.

Зараз двое ваўкоў здольны без рызыкі для сябе зарэзаць лася вагой у паўтоны, а пры зімовым паляванні на зайцоў яны, можна сказаць, ужываюць зусім чалавечую тактыку: адзін перакрывае сцежку, пратаптаную ў снезе грызунамі, астатнія акружаюць месца кармёжкі і гоняць аблавухіх на “засаду”. Спрыяе ваўкам і рост колькасці баброў, якіх здабываць таксама нескладана.

Што ж тычыцца “запасаў трываласці” арганізма драпежніка, дык яны проста казачныя. Неяк воўк патрапіў у пастку і, хоць здолеў выцягнуць лапу, яна аказалася зламанай-перакручанай вышэй каленнага сустава. З цягам часу нага зраслася, толькі няправільна: тры нагі нясуць уперад, адна клыпае назад… Аднак і пакалечаны, ён памёр не з голаду, а загінуў у аблаве.

— Калі ваўкі так добра прыстасоўваюцца да самых неспрыяльных умоў, паляўнічым трэба шукаць больш дзейсныя спосабы іх знішчэння?

— Хутчэй — карыстацца самымі надзейнымі з правераных часам. Іх усяго два: аблава ды пастка.

Для аблавы трэба папярэдне акружыць кавалак лесу плошчай каля 5 квадратных кіламетраў стужкай з чырвонымі сцяжкамі. Чырвоны колер — даніна традыцыі: воўк спадзяецца не на зрок, а на нюх ды слых, так што галоўнае ў агароджы — яе моцны “чалавечы” пах і правільная вышыня, каля паўметра. Потым група паляўнічых прачэсвае агароджаны лес і гоніць усіх жывёл аддуль у бок “нумароў” — лініі стралкоў. Аднак далёка не заўсёды ўдаецца здабыць усіх акружаных ваўкоў. Той, што са страху пераскочыў праз “пахучую” вяроўку, больш яе не баіцца. Сам з аблавы ўцякае і іншых за сабой вядзе.

Паставіць правільна  пастку — таксама цэлая навука. Трэба дакладна вылічыць месца, дзе трымаюцца ваўкі, і зрабіць прыманку. Для яе бяруцца ласіныя вантробы і скура — рэшткі ўдалага палявання. Побач з прыманкай ставяцца пасткі. Іх папярэдне рыхтуюць — настойваюць пэўны час у вадзе, куды намешаны тыповыя для выбранага месца расліны ды глеба. Ну і схаваць трэба ўсё так, каб прыкмет чалавечай дзейнасці не засталося. Самая нязначная памылка — воўк адчуе небяспеку і, хутчэй за ўсё, не стане рызыкаваць.

— Ваўкі выдатна разумеюць, што ад чалавека ім лепш трымацца падалей. Аднак раз-пораз яны адважваюцца на “рэйды” ў вёскі. Чаму?

— На такія авантуры ідуць звычайна старыя ваўкі-адзіночкі. У іх выпадаюць зубы, здабыць спрытную дзічыну ўжо не па сілах, а буйная рагатая жывёла на ферме насамрэч даволі лёгкая здабыча. Сабак ваўкі не баяцца, хутчэй — наадварот, у вартаўнікоў зброі няма, а калі і ёсць, гэта не заўсёды небяспечна.

Быў выпадак, калі воўк параніў на ферме ў вёсцы Ясень 7 цялят, аднак да таго, як на шум прыбег наглядчык, зарэзаць ніводнага не здолеў. Драпежнік збег, але я быў упэўнены, што ён вернецца, каб давесці справу да канца. Пераканаў у гэтым кіраўніцтва гаспадаркі, зрабілі засаду на даху фермы. Воўк сапраўды з’явіўся на наступную ноч, аднак аднаму з паляўнічых не хапіла вытрымкі, ён стрэліў надта рана і недакладна. Звер да апошняй магчымасці трымаўся за плотам, і гэта тактыка спрацавала: карцеч патрапіла ў штакеціны, а непажаданы госць зноў знік, не атрымаўшы ніводнай драпіны.

Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКІ.

Последние новости

Общество

Жыхароў аграгарадка Ясень абслугоўвае магазін Глускага адасобленага структурнага падраздзялення Клічаўскага райста

27 июля 2025
Читать новость
Общество

По данным Главного статистического управления Могилёвской области, розничный товарооборот Осиповичского района в I полугодии составил 181,5 млн руб

27 июля 2025
Читать новость
Общество

В “Белбланкавыде” всегда подберут желаемое

27 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 26 июля для всех знаков зодиака

26 июля 2025
Читать новость
Общество

Иностранцы без ВНЖ: как правильно сдать жилье и узаконить трудовые отношения

25 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко дал интервью одному из наиболее известных мировых изданий

25 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем