Асіповіцкі раён: крайняя хата. Усход

Дарожны ўказальнік з назвай “Галынка” стаіць на павароце аўтадарогі Свіслач-Бабруйск уздоўж ракі Бярэзіна. Панарама, якой пачынаецца паселі-шча, не выклікае асаблівых уражанняў, і думалася, што яна невялікая і не надта прыглядная. Але калі праехаць углыб па адзінай доўгай вуліцы, то перад вачыма адкрываецца не толькі прыгожы ландшафт, але і здатныя збудаванні. Некаторыя з іх нагадваюць сапраўдныя палацы — гэта ўласнасць дачнікаў, якія набытыя ўчасткі ператварылі ў райскія куточкі. Ёсць, безумоўна, і звычайныя хаты, дзе жывуць простыя сяляне. Для іх галынская зямля — родная. Па дадзеных Свіслацкага сельсавета, да якога адносіцца вёска, тут пастаянна пражывае 30 чалавек, у тым ліку двое дзяцей і 11 пенсіянераў. Усіх домаўладанняў 99.
Вось і дзве крайнія хаты насупраць адна адной — па левы і правы бок вуліцы Дачная, а далей пачынаецца лес. Праўда, дом з левага боку пад назву хата не падыходзіць: у неба ўзняўся двухпавярховы асабняк. Справа праз дарогу — яго антыпод. Прычым, на ўчастку стаяць некалькі жылых збудаванняў. У якую ж пастукацца? Пытанне вырашыла гаспадыня: пачуўшчы брэх сабакі, яна выйшла на двор і запрасіла ў хату.
— З раённай газеты? — даведаўшыся мэту візіту карэспандэнта, спытала жанчына. — Мяне завуць Людміла Міхайлаўна Равінская, а гэта мая сястра — Алена. Акрамя нас, ёсць яшчэ сястра і брат. Нарадзіліся і выраслі тут. Бацькі, вярнуўшыся з Казахстана, дзе асвойвалі цалінныя землі, спачатку жылі з бабуляй, а пасля паставілі свой дом. Тут жа, наводшыбе. Насупраць была канюшня, за хатай — пустка, куды добра было выпусціць статак. Тым больш, што амаль каля дома і невялічкая сажалка, дзе гусі плёскаліся. Ды і матулі недалёка да работы: праз некалькі соцень метраў знаходзіўся санаторый Бабруйскага гідролізнага завода. Так што ніколі не шкадавалі, што жывем напрыканцы вёскі.
Закончылі школу, пакінулі роднае гняздо, раз’–ехаліся па гарадах. У кожнага — свая сям’я, але калісьці прыходзіць час, і чалавека цягне да родных каранёў, да зямлі, якая яго ўзгадавала. Так адбылося і з намі. Тым больш што наша малая радзіма — цудоўнае месца, такога наўрад дзе знойдзеш. Зараз жывем, бадай, на адным агародзе з матуляй: і ёй падмога, і нам спакайней. Многія цяпер вяртаюцца ў бацькоўскія дамы: хтосьці ставіць новы зруб, а нехта аднаўляе стары — у каго на што грошай хапае. Раней у кожнай хаце было многа дзяцей. Бывала, як збяромся ісці ў школу ці гуляць, атрымліваўся добры гурт — пастаяць адзін за аднаго заўсёды маглі. Дзе вучыліся? Хто ў Кассё хадзіў, хто ў Сычкава. Звычайна маршрутным аўтобусам дабіраліся, але часам дык і пехатою. І ніколі не сумавалі і не наракалі, што далёка. Нам дык і наогул спачатку ўсю вёску трэба прайсці. Збяромся з суседскімі дзецьмі — і дзе подбегам, дзе ў развалачку. Сыплем анекдоты і розныя байкі — не заўважаем, як ужо на месцы. Цікавае было дзяцінства! Зімой, напрыклад, прападалі на рэчцы: гулялі ў хакей, каталіся на санках. А яшчэ была адна забаўка, пра якую другія падлеткі нават не здагадваліся. Бацька зрабіў нешта падобнае на карусель: да звычайнага кола прымацоўваўся жалезны штыр і прывязвалася вяроўка, за якую чапляліся санкі. Неяк усё гэта ўсталёўвалася на лёдзе. Седзячы ў санках, круцішся сабе вакол штыра — усе навокал зайздросцяць. Летам — футбол, валейбол, іншыя гульні з мячом, скакалка, тэніс. Прычым самі на лузе рабілі гульнёвыя пляцоўкі. У грыбы-ягады хадзілі. Лес быў чысценькі, ніхто нават не думаў яго засмечваць. Зараз жа балюча глядзець — ператварылі ледзь не ў звалку...
Як трошкі пасталелі, пачалі наведваць клуб. Туды з усёй акругі сыходзілася моладзь. Галынскія дзяўчаты прыцягвалі да сябе хлопцаў з Ізюмава, Саломінкі, Копчы, Касся. Многія па–суседску пабраліся шлюбам. Клуб знаходзіўся якраз пасярэдзіне вёскі. Нягледзячы на наш ускраек, хлопцы не думалі, што далёка вяртацца назад. Многім нават падабалася: можна было пастаяць пад зоркамі дзе-небудзь у бярэзніку, які ўтойваў ад лішніх вачэй.
— Суседства з дачнікамі не перашкаджае?
— Хутчэй — наадварот, дзякуючы ім, наша вёска мае сучасны выгляд. Гляньце самі: прыгожыя дамы ды палісаднікі проста прыцягваюць да сябе разнастайнай кветкавай гамай і экзатычнымі дрэвамі. А яшчэ дачнікі нікога з вяскоўцаў не кідаюць у бядзе: і з транспартам дапамогуць, і прывезці што з горада не адмовяць. Хаця крыўдаваць на дастаўку харчовых тавараў нельга: летам магазін працуе, аўталаўка два разы на тыдзень пад самы дом пад’язджае. Дарэчы, з хвіліны на хвіліну павінна прыбыць. Трэба малака купіць, мукі, дражджэй, можа, яшчэ што прыйдзецца даспадобы…
Падчас размовы заўважыла, што ў доме ўсталявана душавая кабіна — прыкмета сучасных выгод. Разам з тым і з атрыбутам сялянскай хаты — печкай — не развіталіся: на пліце сушыліся гарбузовыя семачкі, ад якіх сыходзіў знаёмы з дзяцінства водар…
— Вось так і жывём, — выходзячы з хаты, сказалі сёстры. — І лепшага месца не жадаем. Любім роднае наваколле, аднавяскоўцаў, дачнікаў, падтрымліваем імідж крайняй хаты. Як кажуць, няма смачнейшай вадзіцы, чым з роднай крыніцы.
Ніна ВІКТОРЧЫК.