Асіповіцкі раён: крайняя хата. Поўдзень

Пасёлак перасяленцаў
Многа розных найменняў носяць беларускія паселішчы. І ў кожнай з іх заключаны глыбокі сэнс. Урочышча Лука, з якога пасля і ўзнікла аднайменная вёска, уяўляла мясцовасць ўздоўж ракі Пціч з выгібамі русла. А згодна з тлумачальным слоўнікам У. Даля, такія рачныя дугі менавіта і называліся “лука”.
У 1639 годзе ўрочышча тэрытарыяльна адносілася да Мінскага ваяводства, якое пазней ператварылася ў засценак з адным дваром. Пазней лясы вакол рэчкі пачалі вырубацца Дараганамі, якія іх купілі. А тутэйшыя свабодныя землі засяляліся малазямельнымі сялянамі з суседніх уездаў. Амаль тры гады (1907-1909) сюды імкнуліся людзі, каб нарэшце быць з куском хлеба.
— Ехалі на новае месца, як правіла, вясной, — гаворыць Алена Сямёнаўна Багдановіч, праўнучка аднаго з першых перасяленцаў Яўмена Даўбенкі, які патрапіў сюды разам з жонкай Матронай і двума дзецьмі. — Дарога была няблізкай. Перапраўляліся праз чатыры ракі: Сож, Днепр, Бярэзіну і Пціч. Везлі з сабой усё нажытае, гналі скаціну. Усяго ў тыя гады ў Луку перасялілася сямей 50. Хаты стаялі абапал ракі. Пачынаць жыццё на новым месцы заўсёды складана. Праца ад раніцы да змяркання асаблівага прыбытку не прыносіла: зямля аказалася не такой урадлівай, як хацелася. Многія займаліся ткацтвам. Дзеці ва ўсім дапамагалі бацькам. Школы тут напачатку не было, яна ўзнікла толькі ў трыццатых гадах. Некаторыя бацькі адважваліся адпусціць дзяцей ад сябе на вучобу ў іншыя месцы.
Час ішоў. Колькасць жыхароў павялічвалася. Нехта браўся шлюбам у сваёй мясцовасці, а некаторыя хлопцы і дзяўчаты шукалі сабе пары ў суседніх сёлах. Мой бацька Сямён нарадзіўся ужо тут. Калі ажаніўся, хату сабе паставіў на пасёлку Росін, дзе пабудаваліся яшчэ 19 гаспадароў. Яшчэ адзін пасёлак Арыжня складаўся з 36 хат. Так і жылі. Хапіла ўсяго жыхарам за стогадовую гісторыю вёскі, з якой звязана і біяграфія нашай сям’і. У ёй перапляліся некалькі вялікіх родаў. Мы з мужам Уладзімірам Паўлавічам таксама пазнаёміліся тут. Ён жыў недалёка, у суседнім Глускім раёне, да мяжы якога напрамкі рукой падаць. Раней нас звязвалі масты праз раку. Часта бегалі адны да адных то на танцы, то ў госці. Моладзь завязвала знаёмствы, жанілася. Вось і наша сям’я так узнікла ў далёкім шасцідзясятым. Выгадавалі двое дзяцей, маем трое ўнукаў. Сын жыве ў Радуцічах, амаль што побач. І добра, што побач.
Шкада мне, што многія пакінулі родную вёску і параз’ехаліся па ўсім свеце. Засталося толькі 6 хат, дзе пастаянна жывуць людзі. Наша стаіць амаль на ўскрайку. За намі — яшчэ тры, заняты дачнікамі. І гэта добра, значыць, пабудовы не разваляцца, агароды не пазарастаюць палыном. А то балюча глядзець на тыя дамы, дзе ніхто не жыве: дахі паправальваліся, платы пападалі, улетку пустазелле ў пояс на ўчастках, дзе калісьці расла агародніна. Сельсавету з імі адзін клопат. Хацелася б, каб яны набылі гаспадороў, каб чуліся дзіцячыя галасы, каб поле не пуставала. Непадалёк ад нас, напрыклад, узяў у арэнду зямлю адзін чалавек. Пасеяў там грэчку, бульбу, ячмень. Аж душа пяе, гледзячы, як яны па вясне набіраюць сілу, улетку каласяцца і цвітуць, увосень радуюць ураджаем. Дай бог яму здароўя. Добра было б, каб знайшоўся яшчэ хто-небудзь падобны і наша зямелька не пуставала.
Ніна ВІКТОРЧЫК.