Асіповіцкі раён: крайняя хата. Захад

Асіповіцкі раён: крайняя хата. Захад

Цікава пазнаваць новыя мясціны нават калі яны знаходзяцца ў межах тваёй вёскі або раёна. Падчас падарожжа заўсёды знойдзецца, чым падзівіцца, штосьці незвычайнае адкрыць, пабачыць, пачуць. А яшчэ можна сустрэць цудоўных людзей, ад якіх зыходзяць цяпло і неверагодная станоўчая энергетыка. Пагутарыш з чалавекам — быццам кніжку добрую прачытаеш: і розуму набярэшся, і над сэнсам жыцця задумаешся. Ды і зарад бадзёрасці нядрэнны атрымаеш. Асабліва шанцуе ў гэтым плане журналістам. У пошуках тэм і герояў яны вандруюць як па горадзе, так і па раёне. На гэты раз паклікала ў дарогу ідэя расказаць чытачам пра самыя крайнія кропкі асіповіцкага краю.

Згодна з картай РУП “Белкартаграфія”, на тэрыторыі раёна знаходзіцца 155 населеных пунктаў. Да крайніх адносяцца Пясчанка, Лука, Галынка і Градзянка.

Працавітыя і дружныя

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З дзіўным пасяленнем, што мае цёплую назву Пясчанка, пазнаёмілася некалькі гадоў таму. Пражывае там усяго 19 чалавек, 16 з якіх — пенсіянеры. Працавітыя, цярплівыя і гаспадарлівыя людзі са шчырай душой і добрым сэрцам, з вялікім жыццёвым вопытам і багатай народнай спадчынай. Іх аб’ядноўвае адзіная вуліца Асіповіцкая. Усе хаты туляцца блізенька, і дом пад нумарам 17 — не выключэнне. Яго гаспадыню завуць Марыя Якаўлеўна МАСЛОК. Пачуўшы, што нехта пад’ехаў і спыніўся пад вокнамі, яна выйшла насустрач і адчыніла веснічкі.

Апынуўшыся на незнаёмым двары, заўважаю, што гаспадарчыя пабудовы таксама стаяць побач. У дрывотніку — неблагі запас дроў, каля склепа — кошык з духмянымі яблыкамі, агародчык ужо акуратна перакапаны на зіму, паўз плот растуць вяргіні і радуюць вока апошнімі фарбамі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

— Пясчанка як Пясчанка, хаты як хаты, — крыху недаверліва пачынае гутарку Марыя Якаўлеўна. — Вёсачка заўсёды была невялікая, у некалькі дзясяткаў дамоў. Але людзей калісьці тут жыло многа, нас нават кітайцамі звалі ў акрузе. Бывала, як выйдуць мужыкі на касавіцу, — сцяна цэлая. А зараз засталося тры калекі, — смяецца, паказваючы на свайго дапаможніка — кійка. — Моладзь з’ехала, гаспадары паўміралі. Майго няма ўжо 5 гадоў. Пражыла з ім 52 гады. Цяжка адной, але спраўляюся з дапамогай дзяцей. Дроў прынясу, печ прапалю дый сяджу, чакаю, пакуль хто пазвоніць або прыедзе. Побач жыве старэйшая сястра Волька — схаджу, яе праведаю. Усё жыццё блізка адна ад адной. Яна засталася ў бацькоўскім доме. Мы пабудаваліся аднымі з першых на вёсцы. Як вядома, сяло наша ўзнікла на былых памешчыцкіх землях, як пачалі абагульніваць сялянскія гаспадаркі. Сюды пазвозілі хаты з былых хутароў. Наш зваўся Трыбелец. Мужавы бацькі паставілі сваю хацінку непадалёк. Так што замуж пайшла амаль у свой двор. Мама не надта хацела мець за зяця хлопца-суседа. Рос ён без бацькі, бо той загінуў у фінскую. Сям’я вялікая. Пасля вайны — нястача і галеча. А маім хацелася, каб мне жылося лягчэй. Але ж усім прыходзілася цяжка. З дому з’ехаць не было як. Дарога да горада далёкая, аўтобусы не хадзілі. Да Старых Дарог дабіраліся пешшу. Хадзілі туды, каб што-небудзь на базары прадаць: тыя ж грыбы, ягады, рыбу, асабліва ўюноў, на якія была тады багата Пціч. Наловіць гаспадар спецыяльным прыстасаваннем — і ў гарачую печ. Падсмажацца — такія смачныя! Калі цікава, зараз пакажу, чым лавіліся ўюнцы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAРазам накіроўваемся да гарышча, што на склепе. Дастаю адтуль некалькі незвычайных корабаў.

Сплецены яны з карэнняў хваіны, днішча палатнянае, — тлумачыць жанчына. — Апускалася прылада ў раку, пакідалася на пэўны час, а пасля падымалася ўжо з рыбкай. У кожнай хаце такія рабілі. А яшчэ кашы плялі, выкарыстоўвалі ракіту. Моцныя атрымліваліся, да гэтага дня трымаюцца.

— Рарытэт, — кажу ёй. — А куды ў школу хадзілі?

 У Дворышча. Правучылася ўсяго 4 гады, ды і то не заўсёды выпадала патрапіць туды, асабліва вясной і восенню. Без граматы не вельмі куды пойдзеш, а ў калгасе рабочыя рукі заўсёды патрэбны. Так усё наша з мужам жыццё і прайшло тут, на роднай зямлі. Нягледзячы на цяжкасці, змаглі паставіць свой дом, падняць дзяцей. Хаця гадаваліся яны, як прый-дзецца. На работу ішла — са свякрухай пакідала. Можна сказаць, што ў нас сапраўдныя яслі былі, бо многія жанчыны прыносілі сюды сваіх дзетак. Часта зараз думаю: і чаму цяпер жанчынам не раджаць? Дзяржава атуляе клопатам і матуль, і немаўлят. А тады кінеш малое і пабег, бо нормы далі — і кроў з носу, а іх трэба выканаць. Ад іншых жанок не хацелася адставаць. Акрамя калгаснай працы і дома хапала клопатаў. Асабліва цяжка было летам. Нарыхтаваць сена для скаціны — праблема з праблем. На балотах не дазвалялі, таму касілі па карчах. Ды і то рабілі так, каб ніхто не бачыў. Прыходзілася нават тую амялу выжынаць сярпом. Прыцягнеш дадому ноччу, затым у сячкарню яе, гарачай вадой зальеш і — карове. А пра кок-сагыз чулі? Не? Сеялі такую культуру на тарфяніках. Яна нечым падобная на дзьмухаўцы. Рабілі з яе “рызіну”. Лісце абразалі, корань здавалі, насенне прасявалі праз рэдчык (марля — аўт.). Уся сям’я займалася гэтай працай, бо мяхі з карэннямі дамоў прывозілі і па вечарах апрацоўвалі. І так — у кожнай хаце. Наогул, народ у Пясчанцы працавіты. Ад бацькоў перадалася цяга да зямлі. Толькі шкада, што сіл ужо не стае…

Час прабег імгненна. Хоць і нядоўгай была размова, але ўспомніліся гэтай па-ранейшаму мілай жанчыне суровыя гады жыцця. Нягледзячы ні на што, жылі дружна, разам радаваліся, гаравалі, разлічвалі толькі на сябе і былі шчаслівыя. Нават удалечыні ад усіх выгод цывілізацыі…

Працяг будзе.

Ніна ВІКТОРЧЫК.

Последние новости

Общество

Жыхароў аграгарадка Ясень абслугоўвае магазін Глускага адасобленага структурнага падраздзялення Клічаўскага райста

27 июля 2025
Читать новость
Общество

По данным Главного статистического управления Могилёвской области, розничный товарооборот Осиповичского района в I полугодии составил 181,5 млн руб

27 июля 2025
Читать новость
Общество

В “Белбланкавыде” всегда подберут желаемое

27 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 26 июля для всех знаков зодиака

26 июля 2025
Читать новость
Общество

Иностранцы без ВНЖ: как правильно сдать жилье и узаконить трудовые отношения

25 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко дал интервью одному из наиболее известных мировых изданий

25 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем