Асіповічы: ведай нашых!
Аляксандр Дораш у
асяроддзі асіповіцкіх аматараў гісторыі — чалавек паважаны і ў пэўным сэнсе
ўнікальны. Такую рэпутацыю ён атрымаў дзякуючы свайму захапленню —
рэканструкцыі артэфактаў, якія маюць прамыя адносіны да гісторыі нашага раёна.
Некаторыя з іх, як, напрыклад, рыцарскі меч ранняга сярэдневякоўя, рэшткі якога
былі знойдзены ў раёне вёскі Брыцалавічы, рэканструктар узнавіў у выглядзе
ўмоўна-дакладнай копіі. Сёння паўтарыць працэс атрымання жалеза з балотнай руды
і кавальскай зваркі амаль што немагчыма, таму свой меч Аляксандр зрабіў з куды
больш якасных сучасных матэрыялаў і — патрабаванне часу! — такім, каб яго
немагчыма было ўжываць па прамым прызначэнні, у якасці халоднай зброі. Тое ж
можна сказаць і пра каменныя сякеры, вырабляць якія па аўтэнтычных тэхналогіях
— справа занадта марудная і, шчыра кажучы, зусім не цікавая.
А вось гістарычныя будынкі
Дораш узнаўляе ў выглядзе маштабных макетаў, не шкадуючы часу на дасягненне
максімальна магчымай да-кладнасці дэталяў. Прычым, да гонару майстра, гатовыя
работы ён не хавае дома, а перадае туды, дзе іх могуць бачыць усе землякі.
Да нядаўняга часу на яго
рахунку такіх міні-пабудоў было дзве: макеты гарадзішча Жужлянка і Свіслацкага
замка. Першая ў свой час папоўніла спіс экспанатаў раённага гісторыка-краязнаўчага
музея. А другая захоўваецца ў музеі Свіслацкай СШ. Прынамсі, гэта работа даўно
стала свайго роду брэндам нашага краю — выява старажытнай пабудовы абавязкова
ўваходзіць у кожнае выданне, прысвечанае мясцовай археалогіі. Ёсць яго адлюстраванне
і ў кнізе “Асіповічы: гісторыя і сучаснасць”, што была выдадзена да 140-годдзя
горада.
Днямі майстар закончыў
трэці макет — будынак Свята-Мікалаеўскай царквы, якая існавала ў мястэчку
Свіслач.
Распавядаючы пра работу
над незвычайнай “новабудоўляй”, якая, прынамсі, цягнулася амаль пяць месяцаў,
Аляксандр Дораш адзначыў, што стварэнне макета вядомай з канца XVIII стагоддзя
царквы стала магчымым дзякуючы дапамозе самага дасведчанага знаўцы асіповіцкай
даўніны — Юрыя Клеванца, які ўдзельнічаў у распрацоўцы рабочых чарцяжоў і амаль
цалкам узяў на сябе фарбаванне гатовага макета ў характэрныя для сярэдзіны XIX
стагоддзя колеры.
21 красавіка гатовая
работа была перададзена абшчыне свіслацкіх праваслаўных вернікаў, якія разам са
святаром айцом Андрэем рупліва працуюць над стварэннем летапісу мясцовага
прыходу.
Аляксандр прызнаецца, што
гэтая справа забірае вельмі многа часу і пасля завяршэння надоўга прападае
жаданне брацца за міні-дойлідства. Свой першы макет — Свіслацкі замак — ён
зрабіў у 2002 годзе, Жужлянку завяршыў у 2005.
Пакуль майстар не плануе
брацца за макет чарговага гістарычнага будынка, хаця і не вы-ключае такой
магчымасці: займаецца ж макетаваннем выключна для ўласнага задавальнення і пад
адпаведны настрой.
Ад рэдакцыI. Хацелася б
пажадаць майстру натхнення ў яго цікавай і вельмі карыснай справе ды выказаць
думку наконт магчымага “кандыдата” для стварэння чарговай копіі незвычайнай
пабудовы. Вельмі цікава было б паглядзець на княжацкі дварэц эпохі Кіеўскай
Русі, дэталёвае апісанне якога ў свой час зрабіў Юрый Клеванец на старонках
нашай газеты (“Княжеский дворец” — “АК” № 47 ад 14.06.2005 г.).
Дзмітрый САЎРЫЦКI.