Особенности профессии: диспетчер-“восьмиручка”

Чамусьці сусветнавядомы нямецкі васьміног Пауль сваімі спартыўнымі прадказаннямі заслужыў нацыянальнае прызнанне і нават помнік, хаця ўласнымі шчупальцамі толькі адчыняў кармушкі. А вось дыспетчар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, у якога дзве рукі, але якія працуюць за ўсе восем, нярэдка чуе ў свой адрас не самыя прыемныя рэчы ад жыхароў уласнага ж раёна. І гэта нягледзячы на тое, што ад яго залежыць выратаванне чалавечага жыцця, а не вынік футбольнага матча. Парадаксальна, але факт…
Чым займаецца дыспетчар і за што яго “выхоўваюць”?
На першы погляд падаецца, што праца дыспетчара і не праца зусім: сядзі сабе ўвесь дзень каля тэлефона і прымай званкі. Тым больш, што пажары ў раёне, да шчасця, здараюцца не надта часта, а крэсла ў кабінеце мяккае і зручнае. Аднак…
— Адзін дыспетчар абслугоўвае тры лініі “101”, адну гарадскую і 15 прамых, — распавядае дыспетчар пажарна-аварыйнай выратавальнай часці № 1 Іван Шкурын. — Багата паступае і “памылковых” званкоў, калі людзі блытаюць нумары, напрыклад, “хуткай дапамогі” і РАНС. Тады проста пераводжу званок у патрэбную
службу, з якімі ў нас наладжана прамая сувязь. Здараецца і так, што пра адзін і той жа пажар паведамляюць некалькі людзей. Хапае і званкоў ад начальства з Магілёва, якое не пакідае нас без заданняў. А людзі, не ведаючы ўсяго гэтага, абураюцца, маўляў, у РАНС спяць ці гарбату п’юць — не датэлефанавацца!..
За што яшчэ злуюцца на дыспетчара? Што ён запытвае нумар і адрас заявіўшага пра пажар.
— У стрэсавай сітуацыі людзі могуць няправільна назваць месца здарэння, — тлумачыць Іван Міхайлавіч. — Таму страхуемся, запісваем каардынаты званіўшага — каб была магчымасць пераправерыць адрас месца ўзгарання.
Вясна — час званкоў
Колькасць званкоў залежыць ад сезона. Найбольш іх прыпадае на вясенні час, калі людзі паляць траву, здараюцца паводка ці іншыя прыродныя катаклізмы. У апошні час спіс здарэнняў, на якія выязджаюць пажарныя, крыху скараціўся. Напрыклад, РАНС цяпер не дапаможа вам зняць з дрэва любімага ката, як гэта магло быць раней.
— Наконт рэагавання на званкі, не звязаныя з пажарамі і аварыйнымі сітуацыямі, мы раімся з кіраўніцтвам, — удакладняе дыспетчар. — Каб зняць жывёлу з дрэва, патрэбна спецтэхніка — “лесвіца”. А машына ў нас адна, яна павінна праслужыць як мага болей, а памерлых катоў на дрэвах яшчэ ніхто не бачыў…
Газета “Запаветы Леніна” і вёска Пясчанка
І сёння ў “раёнку” паступаюць яшчэ званкі з пытаннем: “Гэта “Запаветы Леніна”?” — часта людзі называюць рэчы і месцы старымі імёнамі, што значна ўскладняе працу пажарных. Напрыклад, аднойчы дыспетчару паступіла паведамленне пра ўзгаранне ў вёсцы Пясчанка, а крыху пазней — выклік з вёскі Булгары. Дыспетчар слушна палічыў, што загарэлася ў двух месцах, і, падзяліўшы брыгаду на дзве часткі, адправіў у гэтыя населеныя пункты. Аднак хутка высветлілася, што агонь заняўся толькі ў адным месцы — у Булгарах, якая калісьці насіла назву Пясчанка.
— Таму абавязкова запытваю не толькі вуліцу і дом, але сельсавет і нават раён, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Іван Міхайлавіч. — Бо здаралася і такое — паступіў званок з вёскі Аляксандраўка Старадарожскага раёна…
Хто ён?
Суткі праз двое — дыспетчар, у астатні час — шматпрофільны валанцёр. Нярэдка ў выхадныя выратаваль-нікі замест адпачынку займаюцца рознымі неадкладнымі справамі. Напрыклад, ладзяць праверку гідрантаў
— прылад для адбору вады з водаправоднай сеткі для тушэння пажару. Апошнія могуць быць закатанымі ў асфальт альбо засыпанымі зямлёй і схаваны пад агароджай прыватных дамоў. Некаторыя жыхары і службы, напэўна, не задумваюцца,што з-за “замаскір аванага” такім чынам гідранта можа згарэць цэлы квартал — вады з пажарнай цыстэрны хапае толькі на 5-7 хвілін. Таму ў райаддзеле МНС ёсць карта, на якую нанесены ўсе 975 гідрантаў Асіповіччыны, і двойчы на год тут займаюцца гэтай працаёмкай, але патрэбнай праверкай.
Акрамя таго, сённяшні пажарны — гэта практыкуючы хімік-дазіметрыст, аквалангіст, будаўнік, фатограф і прафесійны ўзломшчык. Усе ўзгаданыя навыкі выкарыстоўваюцца, калі выратавальнікі дапамагаюць міліцыі, вадалазам і “хуткай дапамозе”. Такія спецыя-лісты на дарозе не валяюцца, таму і варта ставіцца да іх з большай павагай і паразуменнем. Вы б змаглі, напрыклад, за 45 секунд прывесці сябе ў баявую гатоўнасць, каб выехаць на месца надзвычайнай сітуацыі, ці рэагаваць на некалькі званкоў адразу?
Ганна МАЦКЕВІЧ.