Заўсёды там, дзе патрэбна дапамога
Дзеці ў гэтай сям’і нараджаліся ў
розных кутках СССР. Хто — у Ленінградскай вобласці, нехта — пад Гомелем, іншыя
— ля Асіповіч. Бацька працаваў майстрам, а затым брыгадзірам, займаўся рамонтам
чыгуначных пуцей — і жонка з дзецьмі суправаджалі яго паўсюль.
Маці пры такой раскладцы была хатняй
гаспадыняй. Дзеці таксама з малых гадоў прызвычайваліся да працы. Разбівалі на
паласе адчужэння агарод, гаспадарку трымалі. Карова, свінні, куры — усякай
жыўнасці хапала. Таму і не галадалі, нават цукеркі па святах былі. Шкада, што
толькі сямі дзецям удалося вырасці, астатнія памерлі зусім маленькімі…
Алена — адна з дзесяці народжаных у
сям’і — з’яві-лася на свет у Жлобіне. Дзяўчынка вылучалася сярод братоў і
сясцёр сціплым і нясмелым характарам, таму бацька палічыў яе слабенькай для
таго, каб самастойна ехаць вучыцца далей, і пасля школы дачка засталася дома.
Займалася гаспадаркай. Выходзіла пасвіць карову ў поле і там давала волю
эмоцыям: пела песні, плакала. Потым старэйшая сястра забрала меншую да сябе ў
Гомель, дапамагла ўладкавацца працаваць у ашчадную касу.
А тут — вайна. Сястра Надзея —
вясёлая, энергічная дзяўчына — паспела атрымаць медыцынскую адукацыю, з першых
дзён фашысцкага нашэсця была прызвана на службу і на “санлятучцы” з
перадавой вывозіла раненых. Алена разам з іншымі эвакуіравалася з Гомеля, які
праз два дні акупіравалі фашысты. Спыніўшыся ў адным з расійскіх населеных
пунк-таў, папрацавала там у калгасе, але ў гэты цяжкі час хацелася аказаць
больш дзейсную дапамогу сваёй краіне.
Так 20-гадовая дзяўчына трапіла на
фронт. Адразу — у самае пекла, пад Сталінград. Служыла ў санітарным батальёне.
Курск, Арол, Беласток, Кёнігзберг… Прайшла не адну сотню кіламетраў,
дапамагаючы наблізіць перамогу.
Дзяўчыне, якую ўсе лічылі кволай і
якая да смерці баялася крыві, прыйшлося суткамі завіхацца ля раненых. Толькі
паспявала пераварочваць, падымаць, карміць, падносіць ваду, памагаць
перамяшчацца… Падтрымлівала і словам, што таксама было вельмі дзейсным сродкам
лячэння. Прыйшлося прысутнічаць і на аперацыі, якая праводзілася ў
ваенна-палявых умовах: трымала лямпу над сталом, а самой стала дрэнна…
Дзяўчаты ў рэдкія хвіліны перадыху
спявалі, а Ганна не магла: вельмі сур’ёзна ўспрымала чужое гора. Яна ішла туды,
дзе былі самыя цяжкараненыя, каб хоць крыху паменшыць іх пакуты. Сілу прыдавала
пачуццё таго, што камусьці неабходна дапамога. А чужы боль Алена заўсёды
ўспрымала як уласны. Нават пасля вайны, калі бачыла чалавека, пакалечанага
фашыстамі, не магла стрымаць слёз…
Перамогу франтавічка сустрэла ў
Берліне. Прадстаўнікі медыцынскага персаналу іх батальёна прымалі ўдзел у
гістарычнай сустрэчы на Эльбе. Вяртаючыся дадому, у Польшчы дзяўчына наведала
касцёл. На мяжы людзі схілялі галовы, станавіліся на калені, вітаючы родную
вызваленую зямлю…
Апынуўшыся ў роднай старонцы, не
змагла ўся-дзець на месцы. Адна з сясцёр ехала з мужам у Карэю — з імі адправілася
на цягніку і яна. Даехала да Уладзівастока, уладкавалася на сударамонтны завод
імя Лені-на старэйшай табельшчыцай. Пажыла на Далёкім Усходзе — перабралася да
старэйшай сястры Марфы ў Новасібірск. Тут пражыла цэлых 18 гадоў, потым крыху
парабіла ў Разані — побач з сястрой Надзеяй.
Скончыла тэхнікум у Омску, затым —
Новасібірскі фінансава-эканамічны інстытут. Працавала на пусканаладачным
участку трэста “Сібэлектрамантаж”. Вучылася састаўляць справаздачы,
асвойвала пераход на новыя ўмовы аплаты працы. Нават у аблфінаддзеле давялося
рабіць граматнаму спецыялісту.
У Асіповічы прыехала вопытным
эканамістам. Для яго расчыніла дзверы спачатку будаўнічае ўпраўленне, а потым
млынкамбінат, на якім жанчына і працавала да пенсіі. Тут Алену Пятроўну Бусель
напаткаў лёс у выглядзе начальніка аддзела забеспячэння Iвана Аляксандравіча
Рашчэні. Былы франтавік аўдавеў, адзін выхоўваў траіх дзяцей, і ў яго сям’ю
арганічна ўвайшла сціплая, адказная і вельмі добрая жанчына. Дзеці ўспрынялі
новую гаспадыню дома добразычліва і з разуменнем, ды і яна іх палюбіла, як
родных.
Пражыўшы ў згодзе 21 год, Алена
Пятроўна страціла мужа, але не сям’ю. Дзеці рэгулярна наведваюць яе,
дапамагаюць. Вось і на свой дзевяносты дзень нараджэння жанчына чакала прыезду
дарагіх гасцей.
…На сцяне — фотаздымкі блізкіх
сэрцу людзей, на пінжаку ў шафе — ордэны і медалі, у памяці — шматлікія
ўспаміны. Гэта — яе жыццё, гісторыя абаяльнай прыветлівай жанчыны. Якая заўсёды
ішла туды, дзе гора, дзе яе дапамога была патрэбнай.
Iна ЗаскевIч.