Мы прывыклі бачыць прыгажосць па тэлевізары і чытаць аб ёй у газетах ды часопісах. Але чалавек цалкам здольны стварыць казку і ў звычайным жыцці! Да такой высновы прыйшла пасля сустрэчы з гараджанкай Любоўю Трон і знаёмства з казачным хараством карцін, створаных умелымі рукамі гэтай жанчыны.
Нарадзілася Любоў Пятроўна ў Лапічах праз два гады пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Бацька быў вайсковец, а таму давялося нямала павандраваць па абшарах былога Савецкага Саюза і за яго межамі. Першы клас дзяўчынка скончыла ў Германіі, а далей жыццёвая дарога яе прывяла ў наш горад — пасля выхаду ў адстаўку бацькі. З другога па 9 клас Люба вучыцца ў былой “ста-лінскай” школе, затым паступае на бібліяграфічнае аддзяленне Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. Першым месцам працы маладога бібліятэкара стала Цэльская сельская бібліятэка, некалькі гадоў “гаспадарыла” ў пасёлку Ялізава, але большую частку свайго працоўнага жыцця яна аддала гарадской дзіцячай бібліятэцы. Бібліятэкар, загадчыца чытальнай залы, у 1988 годзе завочна закончыла Мінскі інстытут культуры, працяглы час узначальвала ўстанову…
— Гэта зараз, — з зайздрасцю гаворыць жанчына, — у час камп’ютараў і інтэрнэту можна зрабіць што пажадаеш, а раней нам даводзілася ўсё афармляць уручную, пры дапамозе звычайных фарбаў ды алоўкаў. Таму пры аздабленні бібліятэчных стэндаў, якіх заўсёды патрабавалася безліч, шмат даводзілася маляваць. Атрымоўвалася ў мяне гэта нядрэнна — мусіць, дасталіся татавы гены, бо ён меў добры эстэтычны густ і нават пісаў карціны — маляваў па звычайных клетачках. У мяне, праўда, да палотнаў не даходзіла, але ілюстрацыі да розных мастацкіх твораў рабіць даводзілася не раз…
Калі выйшла на пенсію, зразумела, што сядзець без справы вельмі цяжка. Нягле-дзячы, што жыву ва ўласным доме, вольнага часу стала значна болей. Каб нечым сябе заняць вырашыла паспрабаваць вышыванне. Першы ўрок дала нявестка. Алена мая вельмі таленавіты чалавек, шмат чаго ўмее рабіць сама і іншых вучыць. Паказала, што такое аснова, пяльцы ды шыццё крыжыкам. Паспрабавала — спадабалася. Даспадобы прыйшлося падбіраць тон каляровых нітак. Адбывалася ўсё гэта зімою. А таму натуральна, што першай работай стала карціна “Зімовы пейзаж”. Родныя і знаёмыя далі станоўчую адзнаку, пахвалілі…
Паспрабавала вышыць кветкі — атрымалася яшчэ лепш.
Так з таго часу і пайшло: убачу дзе ў часопісе прыгожае палатно — няма спакою, пакуль не аднаўлю яго на тканіне. Нейкі час захапілася вышываннем ікон, і, як вынік, сёння сярод калекцыі каля дзясятка карцін на біблейскую тэматыку. Вышываю для душы, каб прынесці радасць родным і блізкім. Паспрабавала працаваць бісерам. Але гэта пакуль што ў маіх планах. Як, магчыма, і авалоданне майстэрствам гладдзю.
Трапіўшы ў дом да Канстанціна Пятровіча і Любові Пятроўны Трон пачынаеш разумець, якім разнастайным можа быць вышываны свет, што адлюстраваны ў творах гаспадыні. Немагчыма не заўважыць сярод гэтага хараства і нацыянальны беларускі каларыт — пераважна чырвона-зялёны колер.
Акрамя занятку з ніткамі, Любоў Пятроўна спявае ў раённым хоры ветэранаў, наведвае клуб пажылых людзей “Ад усёй душы”, які працуе на базе раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, шмат чытае газет, часопісаў і мастацкай літаратуры. Словам, яна працягвае жыць актыўна і творча, нягледзячы на свой паважаны ўзрост.
— Не трэба сядзець і пры-слухоўвацца, дзе што баліць, — пераканана яна. — Трэба займаць сябе карысным і прыемным!