Больш за трыццаць гадоў на асіповіцкай зямлі жыве і працуе сямейная пара Зэйдэляў. Напрыканцы сямідзясятых гадоў маладыя спецыялісты Аляксандр і Аліна пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага інстытута прыехалі па размеркаванні ў Дараганаўскую сельскую бальніцу. Аляксандр Канстанцінавіч быў назначаны галоўным урачом лячэбнай установы, Аліна Пятроўна — урачом агульнай практыкі.
Любоў да прафесіі, актыўная жыццёвая пазіцыя, паважлівыя адносіны да мясцовых жыхароў зрабілі сваю справу — насельніцтву спадабаліся дактары. Ім таксама, нягледзячы на тое, што нарадзіліся і выраслі ў горадзе, прыйшліся па душы і людзі, і ўмовы працы, і тутэйшыя краявіды. Атрымалі і ўласнае жыллё — дыхтоўны дом на жывапісным беразе ракі Пціч з вялікім прысядзібным участкам. Калі не лянуешся — трымай сабе падсобную гаспадарку. Дарэчы, Зэйдэлі якраз з тых гаспадароў, якія ўпэўнены, што асноўным жыццёвым лозунгам павінен быць кароткі двухслоўны выраз: “Трэба працаваць”. Менавіта ім увесь час і кіруюцца ў дружнай і вялікай сям’і сельскіх інтэлігентаў. Сын Косця наогул стварыў уласны плакат з тэкстам любімага выказвання і прымацаваў яго на сцяне ў сваім пакоі, так што і прачынаецца, і кладзецца спаць з гэтымі словамі. Астатнія дамачадцы таксама прытрымліваюцца такой жа пазіцыі.
Сёння Аляксандр і Аліна Зэйдэлі — госці тэматычнай старонкі “Людзі і лёсы”. Яны разважаюць аб сутнасці работы ў жыцці, праблемах выхавання і сямейных каштоўнасцях.
А.К.: — З дзяцінства прывучалі дзяцей да працы. У кожнага з іх былі свае абавязкі па дому. Старэйшыя, Таццяна і Іна, дапамагалі ў выхаванні малодшых — Канстанціна і Кацярыны. Завіхаліся разам з матуляй на агародзе, але часцей праяўлялі ініцыятыву самі, сачылі за парадкам у пакоях і на двары. Для мяне, як для бацькі, прыемна, што сын вырас сапраўдным мужчынам. Ён можа падмяніць у любой працы: ці то з касой прайсціся, ці то пчол дагледзець (трымаем вялікую пасеку), ці якую іншую работу выканаць.
А.П.: — Нам і сапраўды не сорамна за дзяцей. У сям’і ніколі не паўставала пытанне аб тым, як выхоў-ваць дзяцей, якія метады і прыёмы выкарыстоўваць пры гэтым. Чаму? Лічу, што здаровая сямейная атма-сфера ўжо станоўча спрыяе працэсу станаўлення падрастаючага пакалення. Калі паміж бацькамі пануе ўзаемаразуменне, калі яны жывуць арганізавана і мэтанакіравана, то і дзеці будуць выкарыстоўваць у жыцці менавіта такія ж прынцыпы.
Дарэчы, мы з мужам выраслі ў добрых, паважаных сем’ях, дзе цанілі працу, клапаціліся пра сямейны дабрабыт, вучылі цярплівасці і сумленнасці. Гэта адыграла значную ролю ў станаўленні нашых характараў і маральных асноў. Усе бацькі жадаюць даць дзецям самае лепшае. Хочацца, каб яны былі ветлівымі, міласэрнымі, моцнымі па сіле духа, а галоўнае — шчаслівымі. Але ў адных атрымоўваецца дасягнуць жадаемага, а ў другіх — не. На вопыце ж нашага вялікага роду даказана, што ў яго прадстаўнікоў словы не разыходзяцца са справай. І кожны дабіваецца пастаўленых мэт.
А.К.: — Жыццё ўвесь час выпрабоўвае кожнага з нас на трываласць. І толькі дзякуючы настойлівасці, згартаванасці, прыроджанай цягавітасці ўсе праблемы вырашаюцца станоўча. Памятаецца, як напачатку станаўлення сям’і прыходзілася шмат працаваць. Хацелася, каб і жонка, і дачушкі-пагодкі, якія радавалі сваім шчэбетам, ні ў чым не мелі патрэбы. Таму трымалі вялікую гаспадарку, якая дапамагала мець, як кажуць, лішнюю капейку. Каб не быць адарванымі ад цывілізацыі, купілі машыну, на якой аб’ездзілі паўсвета. Калі нарадзіліся Косця з Кацяю, мы былі ўжо вопытнымі і ў некаторай ступені мудрымі бацькамі. Сямейны стаж налічваўся дзясяткам гадоў. Нягледзячы на тое, што дзевяностыя гады былі вельмі складаныя, нам удалося справіцца.
А.П.: — Гэта пры тым, што абодва былі заняты на працы, што я ні разу, нарадзіўшы чацвёра дзяцей, не брала адпачынак па догляду дзяцей да трох гадоў. Са старэйшымі дапамагалі бацькі, з малодшымі вазіліся Таня з Інаю. Прычым ніхто ніколі не скардзіўся на занятасць. Дзень быў распісаны па хвілінах, таму і паспявалі ўсюды: акрамя агульнаадукацыйнай, вучыліся ў музычнай школе, удзельнічалі ў грамадскім жыцці абедзвюх навучальных устаноў, дома працавалі як пчолкі. А якія канцэртныя праграмы рыхтавалі да сямейных свят! Знахо-дзіўся час і на ўлонні прыроды пасядзець — яна ж пад бокам.
А.К.: — Часта прыхо-дзіцца чуць ад іншых бацькоў, што іх дзеці не прывучаны да працы. Мяне гэта вельмі непакоіць. Асабліва, калі тычыцца хлопчыкаў. Яны ж павінны быць здабытчыкамі, абаронцамі інтарэсаў сям’і, цалкам адаптаванымі да жыцця, а не мамінымі сынкамі.
А.П.: — Ды і дзяўчынкам трэба думаць, што яны — будучыя маці. Для таго каб роды прайшлі нармальна, каб на свет нарадзілася здаровае дзіця, трэба развівацца фізічна, актыўна трэніраваць мышцы цела. Мае старэйшыя дачушкі справіліся з родамі выдатна (дарэчы, двойчы), бо змалку працавалі. У іх растуць цудоўныя дзеці. Спадзяюся, што і малодшая з гонарам выканае сваю асноўную на зямлі ролю.
А.К.: — Безумоўна, каб быць самадастатковым, трэба мець пэўны багаж ведаў, атрымаць добрую адукацыю, пастаянна працаваць над сабой. Вельмі важна даць дзецям вышэйшую адукацыю, не шкадаваць на гэта сродкаў. Таццяна і Іна скончылі кааператыўны інстытут, набылі эканамічную спецыяльнасць, а Косця і Каця — студэнты медыцынскага ўніверсітэта. І хто ведае, можа, праз пэўны час яны прыйдуць нам на змену?
А.П.: — І гэта было б цудоўна, бо большасць з нас марыць перадаць нашчадкам сваю любімую справу, назапашаны прафесійны вопыт, цвёрдыя маральныя ўстоі. Тым самым ствараючы надзейную аснову для працягнення свайго роду.