Для Юрыя Міхайлавіча Асмалоўскага, заслужанага трэнера Савецкага Саюза, спорт — гэта жыццё. Вопыту яму не пазычаць: пяць гадоў працаваў з жаночай зборнай СССР і пятнаццаць — з БССР. Цяпер жыве ў Ялізаве і ўзначальвае аддзяленне веславання на байдарках і каноэ Магілёўскай абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў «Беразіна”.
Ганарыцца трэнер сваімі выхаванцамі і гаворыць, што пашчасціла трапіць яму ў пасёлак. А яшчэ Юрый Міхайлавіч займаецца і са свіслацкімі школьнікамі. Кожны дзень ён наведвае суседнюю вёску ўлетку і тры разы на тыдзень зімой. Асмалоўскі ўпэўнены, што мясцовыя дзеці мацнейшыя за гарадскіх, бо з маленства дыхаюць чыстым паветрам, працуюць разам са старэйшымі на зямлі. За адносна нядоўгі час трэніровак ужо два хлопцы і столькі ж дзяўчынак атрымалі I дарослы разрад па веславанні на байдарках і каноэ. Мае Юрый Міхайлавіч вялікую надзею на сямікласніцу са Свіслачы, імя якой адкрываць не хоча.
Многія бацькі разумеюць, як важна прывіць свайму дзіцяці любоў да якога-небудзь карыснага занятку, развіць яго талент, таму і прыводзяць сыноў і дачок да Юрыя Міхайлавіча, які заўсёды рады вітаць навічкоў. Бо спорт для яго — не гульня, а магчымасць паказаць новаму пакаленню шлях да перамогі.
Адзінае, што замінае ў рабоце — недахоп спортінвентару. З выратавальных сродкаў — толькі камізэлькі. У яго распараджэнні чатыры байдаркі, грошы на набыццё якіх выдзеліў Рэспубліканскі савет прафсаюзаў. Але ў Юрыя Міхайлавіча займаецца сорак хлопчыкаў і дзяўчынак, а для эфектыўнага навучання ў кожнага павінна быць свая лодка. На жаль гэта недасягальная раскоша па Ялізаўскіх мерках, бо каштуе адзін такі спартыўны снарад звыш трох мільёнаў рублёў. Ды толькі нельга забывацца, што Ялізава — малая радзіма славутых братоў Аляксандра і Віктара Багдановічаў — заслужаных майстроў спорту Рэспублікі Беларусь, Ганаровых грамадзян Магілёўскай вобласці і Асіповіцкага раёна, чэмпіёнаў па веславанні на каноэ Пекін-скай Алімпіяды-2008. Усё ж у ім павінна быць добра абсталяваная спартыўная школа.