Сцэнарый жыцця, напісаны вайной

На адной з першых карцінак, што адлюстравала яе
дзіцячая памяць, — крытыя брызентам машыны, у якіх сядзяць людзі з зоркамі на
фуражках, шпарка рухаюцца ў бок Свіслачы. Гэты кадр змяняецца наступным, на ім
— матацыклісты ў блішчастых касках з аўтаматамі наперавес. Чатырохгадовай
дзяўчынцы дзіўна было: столькі транспарту ў роднай Орчы ніколі раней не
прыходзілася бачыць. I людзі на ім выглядаюць нязвыкла. Але дарослыя чамусьці
не падзялялі дзіцячай цікаўнасці, мітусліва загналі яе ў хату, а самі з жахам у
вачах вымаўлялі: “Вайна”.

Значэнне гэтага нядобрага слова дзіця не ведала,
асэнсавала яго пазней, адчула і паспытала. Вайна выглядае пачварна, гучыць
жахлі-вымі выбухамі, пахне дымам. А на смак… Яна не мае смаку, бо нясе
пастаяннае адчуванне голаду.

Бацька, пабываўшы ў лапах паліцыі, памёр у
снежні сорак першага. Вёску спалілі немцы. I цяпер перад вачыма Ганны
Цімафееўны Лаўрэнавай стаіць тая карціна: фашысцкія салдаты падносяць факелы да
дахаў, і тыя ўмомант займаюцца полымем. Ад усяе вёскі засталі-ся 4 хаціны, у
якіх і згуртаваліся ўцалелыя жыхары.

А потым у навакольных лясах сталі фарміравацца
партызанскія атрады. I дарослыя, і дзеці пацягнуліся ў гушчар, да сваіх. Там
было больш надзейна. 11 месяцаў жылі ў зямлянцы. Пасцеллю служыла лісце дрэў.
Не хапала вопраткі, харчу. Замест солі ежу пасыпалі прынесеным з вёскі ўдабрэннем.
Елі кісліцу, яшчэ нейкія расліны.

А затым пачалася блакада. Лес прачэсвалі атрады
карнікаў з аўчаркамі. Дзяўчынка ледзь не загінула, хаваючыся пад вываратнем,
напоўненым вадою. Але маці адчула бяду, прыйшла на дапамогу. У час страляніны
паранілі Ганніну сястру. Дзяўчынка згубіла многа крыві. Нейкім чынам яе
даставілі ў Ліпень, дзе доктар дастаў асколак, апрацаваў раны. Ён распытваў
маці пра партызан, да якіх хацеў трапіць. Воляй лёсу гэты чалавек з-пад Вязьмы
апынуўся ў беларускай вёсцы, дзе немцы заставілі яго аказваць дапамогу іх
параненым.

Калі акупантам быў падрыхтаваны “Бабруйскі
кацёл”, дзеці хаваліся ў жыце. I ледзьве ўцалелі, бо зверху ўжо нашы
самалёты абстрэльвалі мясцовасць, дабіваючы фашыстаў, што ўцякалі з акружэння.

А потым — мірнае жыццё. Без жаху і стрэлаў, але
вельмі цяжкае. З васьмі гадоў Ганна жала, рабіла ўсякую хатнюю работу. Маці
купіла за 17 пудоў жыта стопку, з якой склалі талакою хату. Старэйшы брат
пайшоў вучыцца на слесара, 16-гадовая сястра стала працаваць эвакуатарам —
такую загадкавую назву насіла работа па знаходжанні дзяцей-сірот і дастаўцы іх
у дзіцячы дом.

Ганна пайшла ў Вяззеўскую школу. Класы налічвалі
да 40 вучняў розных узростаў. Доўгія парты пазбівалі з дошак, чарніла насілі ў
руках за 7 кіламетраў. Сшыткі прыладзіліся рабіць з нейкіх старых мяхоў. Не
хапала вучэбных прылад, але дзеці займаліся старанна. Урокі рабіць даводзілася
ў паў- змроку, хлебная дзежка служыла сталом…

Напрамкам сваёй прафесійнай дзейнасці дзяўчына
вы-брала медыцыну. Чаму менавіта яе? Змалку пабачыла многа хвароб, ран, пакут —
сітуацый, у якіх мала чым магла памагчы, а хацелася. Таму рашэнне выспела неяк
само сабой.

Адпрацавала Ганна Цімафееўна медсястрой 43 гады.
Лячыла ў санаторыі “Вяззе” людзей, хворых на сухоты, затым — з
захворваннямі апорна-рухальнага апарату.

У 1962 годзе пераехала з сям’ёй у райцэнтр. Самі
пабудавалі дом. Муж працаваў на аўтабазе. Адна дачка мае ўласную сям’ю, другая
па стану здароўя патрабуе догляду, таму жыве з матуляй.

Ганна Цімафееўна і цяпер дзеліцца сваімі
медыцынскімі ведамі на карысць людзям. У мікрараёне, які мясцовы люд
“ахрысціў” “трохвугольнікам”, да яе звяртаюцца, бадай, не
ра-дзей, чым да доктара: давяраюць добрым рукам і чыстаму сэрцу “лекаркі”.
А яе аповедам аб былым заслухаліся ўсе, хто па збегу абставін прысутнічаў пры
нашай гутарцы.

Угледзьцеся ў здымак! Боль, смутак, жыццёвая
мудрасць, чалавечае цяпло і гатоўнасць да суперажывання — усю гаму пачуццяў
змяшчае ў сабе пранікнёны позірк добрых вачэй…

Кацярына IВАНОВА.

Последние новости

Власть

Лукашенко: Европе надо подключиться к мирному процессу по Украине и сыграть свою роль

22 августа 2025
Читать новость
Общество

В питомнике Осиповичского опытного лесхоза выращивают несколько десятков видов растений

22 августа 2025
Читать новость
Общество

Прямая телефонная линия с управляющим делами Осиповичского райисполкома

22 августа 2025
Читать новость
Общество

НЕТ домашнему насилию

22 августа 2025
Читать новость
Общество

26 августа состоится очередная сессия Осиповичского районного Совета депутатов

22 августа 2025
Читать новость
Образование

Завяршаецца прыём дакументаў у Асіповіцкі дзяржаўны каледж

22 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем