Некабінетная размова Галоўная рыса — жаноцкасць
Алену Зайцаву,
дырэктара Асіповіцкага раёна газазабеспячэння філіяла РУП “Магілёўаблгаз”,
ведаюць многія землякі. Жанчына прайшла доўгі шлях ад звычайнага слесара
газавага абсталявання да кіраўніка прадпрыемства і заслужана мае рэпутацыю
мудрага адміністратара і сапраўднага прафесіянала ў сваёй галіне. Гэта пацвярджае
і атрыманае ў мінулым годзе званне ганаровага работніка РУП “Магілёўаблгаз”,
якога на Магілёўшчыне ўдастоены толькі 10 чалавек.
А як выглядае
яна па-за межамі кабінета, з “недзелавога” боку?
— Дзяцінства
прайшло ў вёсцы Бозак і заўсёды было напоўненым рознай сялянскай працай:
агарод, сенажаць, збор буякоў і журавін у мясцовым балоце, — з настальгіяй успамінае субяседніца. — Тады
марыла стаць настаўніцай матэматыкі, чамусьці гэтая навука цікавіла больш за
іншыя. Па вялікім рахунку, і педагогам я стала — з задавальненнем дзялюся
набытымі за 35 гадоў працы ведамі, і матэматыкі ў рабоце дастаткова.
— А як наконт
лірыкі? На вуліцы — вясна! Хіба яна не натхняе?
— У любой пары
года ёсць свая прыгажосць. Лета апісваць лішняе, восень прывабная шчодрымі
дарамі, зіма — чысцінёй снягоў, а вясновымі дзянькамі надзвычай прыемна зноў
адчуць цеплыню ласкавага сонца.
— І папрацаваць
на агародзе?
— А як жа без
гэтага? Найбольш люблю грады з агуркамі. Калі рассаду перцаў і памідораў
звычайна купляю, то агуркі заўсёды вырошчваю сама з насення ў парніку, рупліва
даглядаючы кожны зялёненькі парастак.
— Толькі не
кажыце, што не захапляецеся серыяламі, як гэта робіць пераважная колькасць
жанчын…
— Бывае, але
без фанатызму. Калі завіхаешся на кухні з вячэрай, то чаму б паралельна і не
пазнаёміцца з чыёйсьці жыццёвай гісторыяй? Пажадана, канечне, каб там было не
толькі каханне, але і прысутнічаў дух эпохі, існавала магчымасць пачарпнуць
якія-небудзь гістарычныя звесткі.
— У кожнай
жанчыны ёсць занятак, які ёй прыносіць найбольшую асалоду…
— Для мяне гэта
шыццё. Калі дастаю сваю швейную машынку — спадчыну свекрыві, забываю на ўсякія
праблемы. Прыемна скінуць цяжар назапашаных за дзень клопатаў, змяніць месца
кіраўніка калектыву, дзе сем дзясяткаў чалавек, на меладычнае стракатанне
машынкі… Дарэчы, некалі курсы кройкі і шыцця скончыла, якія былі арганізаваны
пры гарадскім Доме афіцэраў. Да цяперашняга часу маю папку, дзе сабраны розныя
выкрайкі. Раней магла нават сукенку або сарафан пашыць — дастаткова было толькі
захапіцца ідэяй. Зараз звычайна займаюся больш будзённымі “вырабамі”.
— Якім павінен
быць дом у сапраўднай гаспадыні?
— Адметным. Я,
напрыклад, люблю ўсякія эксклю-зіўныя рэчы. Пашыеш на вокны занавескі — і
прыемна: такія толькі ў цябе. Не кажучы ўжо пра розныя дызайнерскія задумкі.
— Якія рысы
характару людзей лічыце самымі прывабнымі?
— Дабрыню,
спагаду, шчырасць. Ну а што тычыцца жанчын, тут яшчэ і жаноцкасць.
— І з чаго,
лічыце, яна складаецца?
— З умення
стварыць утульнасць у доме, каб паўсюдна адчувалася клапатлівая рука гаспадыні
і прыцягваў пах прыгатаванай ежы. Ну і, канечне, у адпаведным знешнім выглядзе
— ніякіх старых халатаў!
— Аб чым марыць
Алена Зайцава?
— Каб жыццё
мела спакойную плынь і было стабільным, а нашы дзеці жылі гэтак жа цікава, як
некалі мы. Ну і стаць сведкам, як здзяйсняюцца ўжо іх мары…
Валянціна
КОРБАЛЬ.