Валянціне Васільеўне Козел, тынкоўшчыцы БУ-89, у некаторай ступені можна пазайздросціць: ніколі ў яе не ўзнікала адчування, што пражыла не сваё прафесійнае жыццё. І зараз, калі працоўны стаж вымяраецца амаль чатырма дзясяткамі гадоў, не шкадуе, што абрала такую дарогу. Скажаце, тынкаванне — не зусім жаночая справа? Можа, зараз яно і так. Калі ж Валянціна Васільеўна працавала ў БУ-27, у іх брыгадзе, якая налічвала каля 30 чалавек, было толькі 2 мужчыны. Гэта цяпер моладзь ставіцца да выбару прафесіі больш прынцыпова і, можна сказаць, з падрабязным пралікам будучых для сябе выгод. Ніхто і не гаворыць, што гэта няправільна. На той жа час юнакі і дзяўчаты паступалі часцей туды, куды была магчымасць, ды яшчэ пажадана бліжэй да дому. Чалавек, які вывучыўся і меў спецыяльнасць, быў у вялікім прэстыжы. Асабліва што тычылася вяскоўцаў.
Жыццёвы і працоўны вопыт Валянціны Васільеўны дазваляе зрабіць рознабаковы аналіз прафесіі. Шмат чаго змянілася за гэты час, але ёсць і нязменнае. Як і раней, работа тынкоўшчыцы застаецца цяжкай фізічна. Становіцца звыклым, калі пасля працоўнага дня навальваецца моцная стом-ленасць, а з раніцы рукі, асабліва правая, якой прыходзіцца размешваць раствор, адмаўляюцца слухацца… З цягам часу сталі больш якаснымі і дасканалымі будматэрыялы, з імі лягчэй працаваць, аднак паралельна ўзнік шэраг дадатковых патрабаванняў. Дарэчы, да апошняга пункта ў Валянціны Васільеўны свае асабіс-тыя адносіны. У яе прынцыпах выконваць работу так, каб да зробленага ўжо не вяртацца. Таму і давяраюць ёй найбольш складаныя ўчасткі, бо ўпэўнены, што гэты спецыяліст не падвядзе. Неяк аднойчы, назіраючы за ўвішнай работай тынкоўшчыцы, будучая гаспадыня адной з кватэр сказала, што першы раз бачыць, каб клалі плітку з такой любоўю. А па-іншаму ў працаўніцы Козел і не атрымліваецца. Як прыемна, акінуўшы зробленае прафесійна-прыдзірлівым поглядам, канстатаваць: усё даведзена да ладу. Маральная плата за старанне — натхненне. Без яго, згадзіцеся, не атрымаецца музыкі ні ў якой справе.
Мае Валянціна Васільеўна за вынікі гэтага вось унутранага гарэння шмат розных грамат, сярод якіх і ад свайго прадпрыемства, і ад райвыканкама. Ужо не адзін год яе здымак знаходзіцца на Дошцы гонару.
Для Валянціны яе прафесія аказалася лёсавызначальнай. Так, прыехаўшы па размеркаванні ў Асіповічы пасля заканчэння вучобы ў Бабруйскім ДПТВ-60, пасялі-лася ў рабочым інтэрнаце. Там жа жыў і малады слесар КВПіА з кардонна-руберойдавага завода Уладзімір. Пазнаёміліся, пасябравалі. Потым Валя чакала Валодзю два гады з арміі. Добрая сям’я атрымалася, выхавалі двух дзяцей, Наталлю і Дзмітрыя, далі ім выдатную адукацыю. Зараз Козелы ўжо маюць шасцігадовую ўнучку Валерыю.
…Жыццёвая плынь не спыняецца ні на хвіліну, яна то віруе, то павольна рухаецца наперад, пакідаючы пройдзеныя паўсядзённыя праблемы і ціхія радасці… Канечне, у кожнага чалавека, акрамя працы, ёсць і свет сваіх асабістых захапленняў. Валянціна Васільеўна любіць бавіць час за вязаннем, прыносіць ёй вялікае задавальненне догляд за кветкамі. Калі прыходзіць сезон, выхадныя дні праводзіць на дачы. Тым больш яе туды цягне, што гэта бацькоўскі дом на роднай Глушчыне.