Энергетыку дабрыні і шчырасці гэтага дома адчуваеш з першых хвілін. Ідзе яна ад гасціннасці і адкрытасці гаспадыні, ад стрыманай цёплай усмешкі гаспадара, ад малодшых насельнікаў — Дзімкі і Ванюшкі. На жаль, пазнаёміцца асабіста са старэйшым сынам Яўгенам не давялося: ён — навучэнец каледжа, і быў на занятках.
Рыгор Іванавіч і Вольга Рыгораўна Краснашчок пераехалі ў новы дом не вельмі даўно. Адчуваецца, што абсталёўваюць жыллё з любоўю. У пакоях утульна, сучасная мэбля, светлыя шпалеры, прыгожыя фіранкі на вокнах. Яшчэ шмат чаго плануецца купіць, але ўсё адразу сямейны бюджэт не здолее, таму кожная будучая пакупка дэталёва абмяркоўваецца на сямейным савеце.
Сваё сумеснае жыццё пачыналі яны ў Каўгарах. Мясцовыя: дзяўчына нарадзілася і вырасла там жа, хлопец — у суседніх Птушычах. Абодва закончылі Дараганаўскую школу. Муж крыху старэйшы, і, як сцвярджае Вольга, па школе яна яго зусім не памятае. Пазнаёміліся на мясцовых танцах, калі хлопец прыйшоў з арміі. Спатканні былі пяшчотнымі, рамантычнымі. Потым згулялі вяселле. Цікавы факт: пазнаёміліся маладыя 20 лістапада, а праз год, зноў жа 20 лістапада 1993 года, пад непаўторную музыку Мендэльсона для іх расчыніліся дзверы ЗАГСа. Сярод дажджлівай і змрочнай восені раптам расквецілася зала ад красак, усмешак, пяшчотных слоў і позіркаў…
Ехаць у горад не хацелася, цягнула маладых людзей да зямлі. Пасля вяселля некаторы час пажылі ў бацькоўскім доме Вольгі. Уладкаваўся Рыгор працаваць у калгас трактарыстам — атрымалі жыллё. Будні, быт не расчаравалі закаханых.
У працавітых людзей, якіх злучыла моцнае шчырае пачуццё, усё ладзілася. Паступова сям’я павялічвалася — падрасталі тры сыны. Усім дзеткам хапала бацькоўскай любві, пяшчоты і клопату. Рухавая, працавітая Вольга не баялася цяжкасцей. Сама яна гадавалася ў шматдзетнай сям’і, у бацькоў іх было трое, так што навуку выхавання дзяўчына добра засвоіла.
Чатыры гады таму Краснашчокі памянялі месца жыхарства — купілі прасторны дом у Дараганаве, пра які доўга марылі. Дзяржава пагасіла большую частку крэдыту за набыццё жылля, а астатнюю суму сям’я будзе выплачваць паступова.
Зараз Рыгор Іванавіч працуе на вагонабудаўнічым заводзе ў Асіповічах. Выдатнаму слесару давяраюць самую складаную тэхніку. У свой час Вольга Рыгораўна атрымала спецыяльнасць бухгалтара. Праўда, прымяняць веды на практыцы па спецыяльнасці давялося нядоўга — самым галоўным і важным для яе сталі мацярынскія клопаты. Зараз яна працуе прадаўцом 5 разраду ў Дараганаўскім магазіне ААТ “Жэлдорсэрвіс г. Магілёў”.
Крочаць па жыцці яны побач амаль васямнаццаць гадоў. Усе радасці і нягоды пераадольваюць разам. Мужчына аказаўся надзейным спадарожнікам. Ён добры муж і клапатлівы бацька.
Маці з непадробным гонарам і цеплынёй расказвае пра сваіх сыноў. Старэйшы Жэня — студэнт Бабруйскага аўта-транспартнага каледжа, матулін дарадчык і памочнік. Сямікласнік Дзіма пакуль не вызначыўся, кім будзе ў дарослым жыцці. Ванька — пестунок-любімец усіх — вучыцца ў трэцім класе. Як старэйшы, так і малодшыя спасцігаюць музычную грамату ў мясцовай школе мастацтваў — іграюць на акардэоне. Дарэчы, Вольга Рыгораўна сціпла прызналася, што не развітваецца з думкай “прыдбаць” яшчэ і дачушку…
— Нават уявіць сябе не магу недзе ў іншай мясцовасці! — не перастае захапляцца сённяшнім месцам жыхарства маладая жанчына. — Што горад?! Вось у нас… Тут — агарод, там — кветнік, гаспадарка, лес, птушкі спяваюць… Занятак заўсёды знойдзеш, сумаваць не прыходзіцца.
Дружная сям’я Краснашчок зусім не засмучаецца, што жыве ў вёсцы. У іх цудоўны дом. Адчуваецца, што гаспадыня вельмі любіць кветкі. Маляўнічыя квяцістыя палянкі і горкі-кветнікі ў двары з ранняй вясны да позняй восені прыцягваюць погляд прахожых.
У гэтых людзей шмат сяброў і сваякоў. Нават тыя, што пераехалі жыць у горад, часта наведваюцца ў госці. Разам наладжваюць адпачынак — лес жа побач. Шашлыкі, юшка, гоман дзятвы, любімыя песні — гэта так цудоўна!
…Пасадзіць дрэва, пабудаваць дом, прадоўжыць род. Гэтую задачу Рыгор і Вольга Краснашчок выканалі. А яшчэ вывелі сваю формулу сумеснага шчасця: любоў плюс узаемапавага плюс дзеці і здароўе.