— Хіба вясковаму чалавеку трэба прывыкаць да калгаснай працы? — так ёмка адказала на пытанне, ці не складана было пасля 27-гадовай работы ў бібліятэцы перайсці на ферму, Ніна Рыгораўна Міхадзюк, аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы з СВК «Калгас «Каўгарскі”. Праблем не было тым больш, што і дома яна заўсёды трымала немалую гаспадарку: ёсць на падворку і карова, і конь. Праца жывёлавода Рыгораўне падабаецца, усё даўно ўжо ўвайшло ў звычку — і «разарваны” дзень, і адсутнасць выхадных. Ёсць, канечне, адзін мінус: з-за недахопу часу давялося развітацца з кнігамі. Летам пра іх няма калі нават успамінаць…
Ніна Рыгораўна — чалавек, які з душою адносіц-ца да любой справы, ці то лірычнай, ці то фізічнай. Не выключэнне і работа з цялятамі. У мінулым месяцы яе гадаванцы штодзень прыбаўлялі па 958 грамаў, а з пачатку года сярэднясутачныя прывагі адпавядаюць 969 грамам. Валавая прывага за студзень-чэрвень — 14.144 кілаграмы. Была Ніна Рыгораўна ў ліку пераможцаў не толькі раённага, але і рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і за мінулы год. Група цялят у Міхадзюк немалая — зараз больш за 80 галоў. І да кожнага трэба праявіць увагу.
Дапамагаюць Ніне Рыгораўне дзеці. Iх у яе чацвёра, усе ўжо свае сем’і маюць, нарадзілі 10 унукаў. Некалькі гадоў таму назад у бабулі ўзнікла новае захапленне — упрыгожваць сваю сядзібу малымі архітэктурнымі формамі. Побач з хатай «вырасла” дрэва з цуда-«пладамі” — рознакаляровымі гладышамі, у двары і каля яго «пасялілася” некалькі сямей «лебедзяў”, грэе свой камяністы бок вясёлы «парсючок”… Звычайна розныя ідэі падкідвае і дапамагае рэалізаваць дачка Валя, якая жыве ў Мінску, з задавальненнем падключаюцца і ўнукі. Ад такога захаплення ў некаторай ступені змянілася светабачанне Рыгораўны: калі жыццё вакол сябе можна зрабіць больш прыгожым і ўтульным, дык чаму б гэтым не скарыстацца? Зараз яе сядзіба выдзяляецца сярод іншых у Краях сваім «эксклюзівам”.
Шмат чаму можна павучыцца ў жывёлавода Міхадзюк, і Ніна Рыгораўна, чалавек добразычлівы і адкрыты, з задавальненнем дзеліцца сваімі і прафесійнымі, і проста жыццёвымі сакрэтамі. А яны, у прынцыпе, усе зводзяцца да аднаго: жыві ў згодзе з самім сабою, як падказваюць сэрца і сумленне.