Рухаючыся цягніком з Магілёва да нашага райцэнтра або ў адваротным накірунку, праязджаеш праз станцыю Асіповічы-ІІ. Нічым асаблівым яна не выдзяляецца. Роўным шнурочкам цягнецца ў адзін і ў другі бок чыгуначнае палатно. Паабапал дарогі — аздобленае па-сучаснаму памяшканне вакзала, па-суседству з ім размясціліся іншыя станцыйныя гаспадарчыя пабудовы. Трошкі далей віднеецца двухпавярховы дом, дзе 32 гады таму ў сям’і чыгуначнікаў Таісіі і Аляксандра Чаропкаў нарадзіўся сын Міхаіл. Яго дзяцінства і юнацтва былі звязаны непасрэдна са станцыяй. Часта прыходзілася назіраць за работай бацькоў, якія ўсё сваё жыццё аддалі працы на чыгунцы: тата займаў пасаду начальніка станцыі, а маці была дзяжурнай. За добрасумленныя адносіны да выканання службовых абавязкаў яны неаднаразова ўзнагароджваліся памятнымі падарункамі і Ганаровымі граматамі, якія захоўваюцца Міхаілам і яго сям’ёй як самая дарагая рэліквія ў гонар светлай памяці блізкіх людзей.
Бацькі марылі, каб сын таксама стаў чыгуначнікам, аднак ён прыняў іншае рашэнне — захацелася сесці за баранку аўтамабіля. У сярэдзіне васьмідзясятых гадоў многія юнакі выбіралі сабе менавіта прафесію шафёра. Тады без праблем вывучыцца на вадзіцеля можна было ў ДТСААФ, прычым бясплатна. Вучоба далася лёгка, і праз адпаведны тэрмін Міхаіл атрымаў вадзіцельскія правы. Затым — служба ў арміі. Адслужыўшы тэрміновую, уладкаваўся на працу ў былую сяльгасхімію, пабраўся шлюбам з каханай дзяўчынай. Стварыўшы сям’ю, атрымаў у Замошшы новенькі дом ад работы. Так і застаўся на роднай зямлі. Праз некаторы час на сямейным савеце прымаюць Чаропкі вельмі важнае рашэнне — памяняць сферу працоўнай дзейнасці галавы сямейства, бо яго заработнай платы не хапала нават на тое, каб аплаціць за харчаванне сына і дачкі, якія наведвалі дзіцячы садок. Куды падацца? Малады Чаропка, на радасць родным, вырашыў працягнуць справу бацькоў — стаць чыгуначнікам. Але адно — кожны дзень сачыць за работай чыгуначнікаў бацькоў, і другое — самаму выконваць тыя ж функцыі. Ну дык чаго баяцца? Ёсць жа каму падказаць. А тэарэтычную базу можна папоўніць. Галоўнае, каб было жаданне. Яно і прывяло яго ў Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту.
Міхаіл стаў дзяжурным на роднай станцыі. І вось ужо колькі гадоў з сігнальнымі атрыбутамі ў руках сустракае і праважае цягнікі. Як гэта рабіла яго матуля…
“Паненка- сялянка”
Калісьці ў дзяцінстве Таццяна вельмі марыла стаць тэлеграфісткай. Чым жа захапіла гэтая прафесія вясковую дзяўчыну, якая вырасла на ўлонні прыроды? Можа, хацелася быць падобнай да гераіні з вядомай на той час песні Высоцкага “Ноль сем”? Памятаеце: “Милая! Я прошу, продлите! Вы теперь как ангел — не сходите с алтаря!”? А, можа, таму, што ёй вельмі падабалася ўтульнасць гарадскіх тэлеграфных памяшканняў? Словам, паступіла прыгажуня з вёскі Матавіла аж у Брэсцкае вучылішча сувязі, пасля заканчэння якога трапіла па размеркаванні на працу ў Магілёў.
Што ж, як кажуць, мара збылася, цешся любімай працай і будзь шчаслівай. Аднак лёс распарадзіўся па-іншаму. У яе юным сэрцы жыло каханне да маладога чалавека, з якім пазнаёмілася на вяселлі сваёй сяброўкі, якая жыла ў Замошшы. Было ёй тады ўсяго пятнаццаць гадоў. Частае расставанне толькі замацоўвала іх пачуцці. Апынуўшыся ў абласным цэнтры, дзяўчына адчувала, што жыць без каханага не хоча. Ды і Міхаіл прапанаваў ёй руку і сэрца.
Неўзабаве адгулялі вяселле, і Таццяна на правах нявесткі ўвайшла ў дом свёкраў, якія вельмі чула і паважліва ставіліся да яе. Прывыкла да новага месца хутка, улюбілася ў музыку вагонных калёс, смаляністы пах шпалаў, працяжны гудок паравозаў. Словам, зразумела, што жыць на станцыі падабаецца, але дзе ўладкавацца на працу тэлефаністцы? Пакуль падрасталі маленькія дачушка Аленка і сынок Ігарок, можна было і падумаць. Калі ж дзеткі пайшлі ў садок, уладкавалася прыбіральшчыцай службовых памяшканняў на станцыю, затым гадоў 10 адпрацавала сакратаркай. І ўсё ж няўрымслівасць натуры клікала яе зноў у нязведанае. Вырашыла набыць спецыяльнасць бухгалтара, паступіла ў Гомельскі тэхнікум чыгуначнікаў. І з 2004 года жанчына працуе ў лакаматыўным дэпо па абранай спецыяльнасці.
Больш за ўсё на свеце Таццяна Іванаўна любіць сваю сям’ю, паважае мужа, ганарыцца дарослымі дзецьмі і па праву лічыць сябе шчаслівай. І ніколькі не крыўдуе на тое, што іх утульны дом знаходзіцца ў вёсцы, што ўжо азначае працу на зямлі, што калі-нікалі знаёмыя і жартам і ўсур’ёз клі-чуць яе “паненка-сялянка”. Яна лічыць сябе сучаснай жанчынай, з чым, дарэчы, згодны і сын. Аднак гэта акалічнасць не перашка-джае ёй, адной з нямногіх замошскіх гаспадынь, трымаць карову, якую ўмеюць даіць нават яе любімыя мужчыны. Ёсць у гаспадарцы і іншая жыўнасць, без якой Чаропкі проста не ўяўляюць свайго жыцця і па праву лічаць законнымі членамі сям’і.
Не зарасце бацькоўская сцежка
Грукат калёс і прыгажосць чыгуначнай формы, сямейныя размовы пра цягнікі і семафоры захапілі і сучаснага юнака Ігара, сына чаты Чаропкаў. Ён працуе памочнікам машыніста, завочна вучыцца ў Смаленскім універсітэце шляхоў зносін. Нядаўна адсвяткаваў сваё дваццацігоддзе. Узрост, пагадзіцеся, прыгожы. Як і думкі і справы, якімі поўняцца галава і рукі маладога Чаропкі. Юнак вельмі паважае бацькоў і лічыць сям’ю асновай асноў. Значыць, стварыўшы сваю, будзе і сам сапраўдным сем’янінам, прадаўжальнікам сямейных традыцый.
На роднай станцыі сыду…
Рамантызм натуры Алены Чаропкі прывёў яе ў лінгвістычны інстытут. Яшчэ падчас вучобы ў СШ № 2, якая славілася сваімі дасягненнямі ў навучанні англійскай мове, дзяўчына зразумела, што ёй падабаецца гэтая навука. Вось і вырашыла абавязкова стаць студэнткай адной з самых прэстыжных навучальных устаноў. Можна было, канечне, працягнуць сямейную дынастыю чыгуначнікаў. Аднак дома з рашэннем дзяўчыны пагадзі-ліся і вельмі ўзрадаваліся яе паступленню. У будучым, упэўнена Алена, яна абавязкова стане сапраўд-ным прафесіяналам. І хто ведае, можа, прыйдзе той час, калі яна будзе стаяць каля вытокаў новай ды-настыі настаўнікаў або перакладчыкаў. Пакуль што пра гэта не думае — навошта, калі і так цудоўна жыць? Побач жа родныя людзі — тата, матуля і брат, якія цябе разумеюць і падтрымліваюць…
Импортозамещение и рост наукоемкости ВВП. Лукашенко обозначил ключевые направления в работе НАН
5 августа 2025
Общество
В Осиповичах прошли областные соревнования по мотокроссу
5 августа 2025
Общество
Хроника происшествий в Осиповичском районе с 28 июля по 3 августа
5 августа 2025
Общество
Праздник для вдохновения. “Именинная” суббота 2 августа стала еще одним ярким моментом в славной биографии нашего города
5 августа 2025
Общество
В ходе рабочей поездки в Осиповичский район помощник Президента Республики Беларусь — инспектор по Могилёвской области Сергей Наливайко принял участие в очередном заседании райисполкома
5 августа 2025
Общество
Локомотивное депо Осиповичи занесено на Доску почета Могилёвского отделения Белорусской железной дороги