Асоба Былых суддзяў не бывае…

Кар’ера старшыні Асіповіцкага суда Станіслава
Сітніка завяршаецца заўтра — 11 красавіка. Была яна доўгай — суддзёй Станіслаў
Сцяпанавіч адпрацаваў роўна 36 гадоў, з якіх амаль чвэрць стагоддзя займаў
сённяшнюю пасаду, і, безумоўна, паспяховай: мясцовы суд пад яго кіраўніцтвам
набыў і стабільна пацвярджае рэпутацыю аднаго з лепшых у краіне.

Свой апошні працэс Сітнік ужо правёў (каму
цікава — гэта была звычайная справа аб разводзе), але да апошняй хвіліны
апошняга рабочага дня яму давядзецца працаваць з поўнай нагрузкай. А ўсё таму,
што суддзя — гэта не столькі прафесія, колькі стыль жыцця і асаблівы светапогляд.
І менавіта з гэтай нагоды размова са Станіславам Сцяпанавічам, якая адбылася за
некалькі дзён да яго выхаду ў адстаўку, будавалася на разважаннях аб…

…Судзейскай псіхалогіі, законе і
справядлівасці

— Добры суддзя павінен у першую чаргу быць
добрым чалавекам, мець вялізную працаздольнасць і развітае пачуццё
справядлівасці, умець браць на сябе адказнасць. Толькі маючы ўзгаданыя якасці
здолееш навучыцца знаходзіць максімальна магчымы баланс паміж законнасцю і
справядлівасцю.

Суддзі, як ніхто іншыя, разумеюць, што паміж
гэтымі паняццямі не можа быць поўнага супадзення. Закон — свайго роду халодная
матэматычная формула, разлікі па якой даюць дакладны і аб-грунтаваны вынік, а
справядлівасць хутчэй катэгорыя пачуццёвая, таму яна не можа ўспрымацца ўсімі
аднолькава. Адсюль, відаць, і ўзнікла наша прафесійнае прыслоўе: “Там дзе два
юрысты, заўсёды тры меркаванні”.

Растлумачу сказанае наступным прыкладам.
Разглядаецца справа чалавека, які ў стане алкагольнага ап’янення здзейсніў
крадзеж. Ён ужо адбываў пакаранне за такое ж злачынства, таму, па законе,
прысуд павінен быць сур’ёзным. Але гэты злодзей цалкам прызнаў віну,
кампенсаваў урон пацярпеламу і… мае непаўналетніх дзяцей, прычым бацькоўскія
абавязкі выконвае без “напамінку” праваахоўных органаў. Зыходзячы з апошняй
абставіны, раённы суд прызначыў яму мінімальна магчымае па адпаведнаму артыкулу
Крымінальнага кодэкса пакаранне. Вышэйстаячы суд, які правяраў вынесены прысуд,
вырашыў, што калі справа тычыцца рэцыдыўнай злачыннасці, пакаранне па-вінна
быць больш жорсткім, і таму накіраваў справу на новы разгляд…

…Вынясенні прысудаў

— Суддзя ні ў якім разе не павінен разглядаць
справы родзічаў і блізка знаёмых людзей. У ідэале яму ўвогуле пажадана не
ведаць аб удзельніках працэсу нічога, акрамя таго, што зафіксавана ў судовай
справе. Зразумела, у Асіповічах такую эмацыянальную адхіленасць забяспечыць
удаецца не заўсёды, але на працэсах, якія вядуцца ў нашым судзе, такія “лішнія
веды” дапушчальныя, хоць і ствараюць дадатковы маральны ціск. А напружання
падчас вынясення любога прысуду і без таго хапае — кожны з іх вырашае лёс
чалавека.

З прафесійнага пункту гледжання для мяне
асабіста самымі складанымі з’яўляюцца справы аб аднаўленні на рабоце.
Найбольшае задавальненне адчуваю, калі завяршаю доўгі і складаны працэс. Але
ўвогуле пачуцці суддзя праяўляць не павінен: тое, што патрабуе закон, павінна
быць выканана.

Не так даўно давялося судзіць мужа, які на вачах
сваёй маленькай дачкі забіў маці. Дзяўчынка была сведкам злачынства, таму
павінна была ў дэталях расказваць усё, што бачыла…

…Зваротах у суд

— Суд — гэта інструмент для вырашэння спрэчак,
таму звярнуцца сюды мае права кожны. Пераважная большасць зваротаў тычыцца
сямейна-бытавых зносін: разводаў, падзелу маёмасці і жыллёвых пытанняў. Як
правіла, законапаслухмяныя грамадзяне звяртаюцца за дапамогай толькі ў сапраўды
складанай сітуацыі, але ёсць сярод нашых землякоў некалькі суцяг-заўзятараў,
якія, не маючы законных абгрунтаванняў для прэтэнзій, упарта імкнуцца даказаць
сваю правату. Даўно было, але назаўсёды ўрэзалася ў памяць, як адзін з іх,
прайграўшы чарговы працэс, ускрыў сабе вены прама ў будынку суда…

На жаль, далёка не ўсе землякі ведаюць парадак
работы судовага механізму, што часам вядзе да непаразуменняў і заўсёды — да
марных страт часу суддзяў ды саміх заяўляльнікаў. Шкада, што культура дзелавых
зносін у большасці нашых землякоў не на вышыні. Магчыма, хтосьці з іх
прыслухаецца да парады спецыяліста і засвоіць правільны алгарытм дзеянняў: каб
граматна скласці заяву, неабходную для пачатку працэсуальных дзеянняў, трэба
абавязкова звярнуцца ў юрыдычную кансультацыю, і толькі атрымаўшы кваліфікавана
складзены дакумент, ісці ў суд.

…Сваіх далейшых планах

— Суддзя заўсёды навідавоку, таму вымушаны
пры-трымлівацца патрабаванняў карпаратыўнага кодэксу гонару. І нават калі ён
ідзе ў адстаўку, даваць сабе волю не мае права — былых суддзяў, як вядома, не
бывае. Так што паводзіны, кола зносін і звычкі па выхадзе ў адстаўку не
зменяцца. А вось прыстасоўвацца да менш загружанага штодзённага графіка,
адчуваю, будзе цяжка. Калі дзесяцігоддзямі працуеш па 10-12 гадзін шэсць дзён у
тыдзень, проста не ведаеш, чым заняцца ў вольны час. Так што маю намер не
адкладваючы ў доўгую скрыню ўсур’ёз заняцца фізкультурай: гэта добры спосаб з карысцю
траціць жыццёвую энергію і падтрымліваць здароўе. Ну і, нарэшце, адвяду душу на
рыбалцы. На маё даўняе захапленне ўсё жыццё, бадай, не хапала часу…

А сумаваць па любімай справе буду, канешне. І па
калегах, якіх добра ведаю, вельмі паважаю і якім бясконца ўдзячны за сумесную
работу.

* * *

Пастфактум.
За 36 гадоў работы ў Асіповіцкім судзе суддзя Сітнік разгледзеў каля 4.000 крымінальных,
звыш 8.000 грамадзянскіх, 3.900 адміністрацыйных і іншых спраў. Быў
узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, нагруднымі знакамі “Ганаровы
работнік юстыцыі Беларусі”, “За адзнаку” ІІ ступені, Ганаровай граматай
Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Последние новости

Общество

Прямая линия с директором Осиповичского государственного колледжа

30 июня 2025
Читать новость
Общество

За каждой цифрой — продукция. 30 июня — День экономиста

30 июня 2025
Читать новость
Общество

В Осиповичах пройдет прямая линия с начальником отдела статистики труда Главного статистического управления области

30 июня 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 30 июня для всех знаков зодиака

30 июня 2025
Читать новость
Общество

25 июня в Осиповичах прошли мероприятия в рамках Марафона молодежи и студенчества

29 июня 2025
Читать новость
Благоустройство

График вывоза отходов растительного происхождения с территории частного сектора города Осиповичи

29 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем