Навукоўцы не адзін дзясятак гадоў ламаюць свае разумныя галовы над тым, як зрабіць чалавечае жыццё больш працяглым, прыдумваюць шматлікія дыеты, раяць, дзе лепш жыць і як сябе паводзіць, каб падоўжыць свой зямны век, але пакуль, на жаль, безвынікова… Гэтая светлая, “сонечная” жанчына ўсяляе веру ў тое, што знайшла свой “бальзам маладосці”. Ён не ў аптэчнай мікстуры і не ў захоўванні сябе ад цяжкасцей і працы, а ва ўнутранай пазітыўнай энергіі, якая, чым больш яе траціш, тым больш прыбывае.
Яніна Іосіфаўна Ганчаронак проста зараджае аптымізмам. Што вельмі рэдка сустракаецца ў людзей не проста сталага веку, а маючых за плячыма 100 няпростых гадоў, абпаленых войнамі і рэвалюцыямі. Аб чым бы ні зайшла гутарка, субяседніца заўзята смяецца і ў вачах загараюцца гарэзлівыя іскрынкі. Унукі і праўнукі лічаць бабулю “гумарной і прыкольнай”, вельмі любяць і шануюць яе.
А яшчэ чалавека адрознівае тое, што жыве не былым, а цяперашнім. Дзяцінства было ў бабулі гарэтнае, таму пра яго мала ўспамінае: з пя-ці гадоў — круглая сі-рата, жыла дзе прый-дзецца і як пашанцуе. Шанцавала не заўсёды, часта крыўдзілі: не сваё ж дзіця! Але вырасла не ўзлаванай на несправядлівасці лёсу, а з дабром у душы, якое пранесла праз гады, шчодра дорачы навакольным. Замужам пабыла нядоўга: вайна ада-брала спадарожніка жыцця. Жыла ў роднай Орчы, расціла дачушку, а калі пайшло на пяты дзясятак, зусім нечакана выйшла замуж і нарадзіла другую дачку. Пераехалі ў райцэнтр, набылі хату. Але сямейнае шчасце і на гэты раз было нядоўгім…
Дзеці выраслі. Ужо дарослымі сталі чацвёра ўнукаў, мае 7 праўнукаў. Жыўшы ў вёсцы, працавала ў калгасе за “працадні”. У горадзе стала адміністратарам гасцініцы. Пра гэты адрэзак часу бабуля ўспамінае ахвотна: з людзьмі заўсёды ладзіла і старалася стварыць усе ўмовы для зручнасці іх пражывання, забяспечыць камфорт.
Развітаўшыся з працоўнай дзейнасцю, Яніна Іосіфаўна працягвае весці актыўны лад жыцця. Да дзяцей перабірацца не хоча: свая хата патрабуе догляду, а агарод кліча да працы. Толькі ў самыя лютыя студзеньскія маразы разам з катом-пестуном прыехала да малодшай дачкі пагасціць. І чакае хутчэйшага пацяплення, калі зноў можна будзе ўзяцца за спрадвечна сялянскую дзейнасць па вырошчванні ўраджаю. Ды і сяброўкі чакаюць вясёлую, “завадную” суседку, якая заўсёды падтрымае размову, настроіць на пазітыўны лад.
Вось такая яна, бабуля Яніна: не скардзіцца на малую пенсію, жыццёвыя няўдачы і хваробы, а добры настрой умее стварыць і сабе, і блізкім. Сто гадоў — не мяжа чалавечага жыцця, а пэўны чарговы этап. Дабрыня — яна перамагае пашпартны ўзрост, а жыццё робіць прыгажэйшым.
Сёння Яніна Іосіфаўна пераступіла стогадовы рубеж. Здароўя Вам, паважаная юбілярка, яшчэ на доўгія гады! Служыце і надалей прыкладам чалавечай стойкасці, мудрасці і дабрыні!