Марыя Аляксееўна Міхадзюк нарадзілася і вырасла ў вёсцы Краі Дараганаўскага сельскага Савета, працавала ў Каўгарах больш за дваццаць гадоў, а сёння ўзначальвае мясцовы савет ветэранаў. Аднак яе працоўная біяграфія магла быць зусім іншай, калі б не яго вялікасць Выпадак. А пачалося яе самастойнае жыццё з… цяжкага плеўрыту.
Захворванне навучанню не перашкода
Марыя Аляксееўна захварэла, калі пайшла на працу пасля заканчэння школы. З-за доўгага лячэння давялося прапусціць уступныя іспыты ў тэхнікум. Аднак год з-за гэтага дзяўчына не згубіла. Марыя хацела стаць ткачыхай, і аб гэтым ведалі ўсе яе сябры і знаёмыя. Так, адна прыяцелька неяк сказала ёй: “Мая сястра вучыцца на ткачыху ва Уладзімірскай вобласці, во табе яе адрас, можаш ехаць”. Што і было зроблена. Марыя паступіла ў школу фабрычна-завадскога навучання ў горадзе Вязнікі Уладзімірскай вобласці, дзе і пачала спасцігаць ткацкае майстэрства. Выпадкова выбраная справа дзяўчыне спадабалася, і яна вырашыла навучацца далей — паступіла на завочнае аддзяленне профільнага інстытута ў Кастраме.
“Здаваць вучэбныя сесіі было праблематычна, нават не з-за таго, што вельмі шмат цяжкіх прадметаў. Проста сяброўкі стаяць над табой і паўтараюць кожную хвіліну: “Ну кідай хутчэй свае кніжкі, хадзем гуляць!”. Вось так зімнюю сесію асілі-ла, а потым вырашыла перавясціся на дзённае аддзяленне, каб было менш спакус”.
Вяртанне дахаты
Да слова, яшчэ на радзіме Марыя Аляксееўна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які паехаў вучыцца ў Растоўскую вобласць, а нявесце ўвесь час слаў лісты. Калі дзяўчына была на трэцім курсе інстытута, маладыя людзі ажаніліся. З’явілася дзіця, а калі была цяжарная другім — Марыя Аляксееўна паехала дадому. Пасля вучобы ў партыйнай школе горада Горкага прыехаў да сям’і муж. Больш яны з родных месцаў не з’язджалі.
Ужо праз паўгода пасля нара-джэння другога дзіцяці Марыя Аляксееўна пачала працаваць. У яе была вышэйшая адукацыя, і маладой маці ў “Каўгарскім” — тады саўгасе — прапанавалі стаць інжынерам па тэхніцы бяспекі. Пазней, у 1980-м, яе выбралі старшынёй прафкама. На новай пасадзе Марыя Аляксееўна працавала, як заўжды, з агеньчыкам: “Прафкам у грошах патрэбы не адчуваў — тады іх на ўсё хапала, былі б ідэі, на што траціць. Я арганізоўвала шмат паездак: па Беларусі, Расіі, Украіне… У працаўнікоў саўгаса пастаянна была магчымасць з’ездзіць у санаторый. Самай вялікай праблемай з’яўляўся пошук жадаючых паехаць у дом адпачынку ці на поўдзень — ва ўсіх сям’я, вялікае падвор’е і шмат працы”. У тым жа 1980-м Марыя Аляксееўна арганізавала хор “Вяселле”, які адзін з першых у раёне атрымаў званне народнага: “Цяпер у нас амаль усе калектывы народныя, а раней такое званне было рэдкасцю. Таму і цанілася больш. Рыхтавалі нас тады спецыялісты з Мінска. У РДК мы давалі вялікі канцэрт, былі суддзі, сабралася шмат народу…”. Хор “Вяселле” і сёння радуе слухачоў звонкімі песнямі, а Марыя Аляксееўна застаецца яго нязменным удзельнікам.
Не сядзіцца дома…
Нават на пенсіі каўгарская актывістка не спыніла грамадскую дзейнасць. Чатыры гады таму яна ўзначаліла мясцовы савет ветэранаў, у які ўваходзяць звыш 300 пенсіянераў з усяго Дараганаўскага сельсавета. Прыходзіцца пастаянна дапамагаць пажылым людзям у вырашэнні іх паўсядзённых праблем, таму ў сельскім Савеце Марыя Аляксееўна часты госць. Вядома, часцей за ўсё да яе звяртаюцца з пытаннямі бытавымі: дапамагчы нарыхтаваць дроў на зіму ці са-браць ураджай з агарода… Хаця часам прыходзіцца вырашаць праблемы і больш сур’ёзныя. Напрыклад, афармленне адзінокіх пенсіянераў у дом састарэлых.
Марыя Аляксееўна сама ўжо даўно на пенсіі, аднак дазволіць сабе ціха сядзець на канапе перад тэлевізарам яна не можа і не хоча. Ды і як пасядзіш, калі акрамя пастаянных рэпетыцый у хоры і спраў у ветэранскай арганізацыі прыходзіцца даглядаць вялікую гаспадарку. Дагэтуль яна разам з мужам трымае карову, каня, курэй, гусей…
Можа, з гэтага жадання зрабіць у жыцці як мага больш карыснага і складаецца “рэцэпт” выдатнага настрою, аптымізму і энергічнасці гэтай незвычайнай жанчыны?