Аб выбары не шкадуюць
Многія характарыстыкі Дрычына на першы погляд могуць паказацца даволі
песімістычнымі. Узяць хаця б дэмаграфічную статыстыку: сёлета тут нарадзі-лася
толькі 3 дзіцяці, а пайшло з жыцця 13 чалавек. З райцэнтра сюды можна дабрацца
рэйсавым аўтобусам, які ў будні дзень робіць два абароты, а ў выхадны — тры.
Альтэрнатывы месцаў працы амаль ніякай — гэта, за невялікім выключэннем, можа
быць лясніцтва або мясцовае сельгаспрадпрыемства. Нямала тут ёсць
непрацаўладкаванага насельніцтва, а таму схільнага змякчыць сваё “гора”
якім-небудзь саграваючым напоем. Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што той,
хто хоча працаваць, без работы ў Дрычыне не застанецца. Ды і наогул пры
дэталёвым разглядзе аказалася, што ўсё не так шэра, як магло падацца адразу.
Возьмем хаця б лад-быт маладой сям’і Караватых, якія жывуць тут ужо тры гады.
Да вясковага жыцця Аня была гатова заўсёды, інакш не выбрала
б сабе прафесію заатэхніка. Пасля вучобы ў Дараганаўскай школе мязовіцкая
дзяўчына атрымлівала адукацыю ў Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Свой
працоўны шлях малады спецыяліст пачынала ў калгасе імя Чарняхоўскага.
— Чым ваш дзень адрозніваецца ад дня гарадской гаспадыні? —
цікаўлюся ў Ані, якая зараз знахо-дзіцца ў дэкрэтным адпачынку — маленькаму
Юрку нядаўна споўніўся годзік.
— Калі прааналізаваць, то нічым. Такія ж хатнія клопаты,
такой жа можна карыстацца бытавой тэхнікай, каб хутчэй і смачней прыгатаваць
ежу ці навесці парадак у доме, які, па вялікім рахунку, аналаг трохпакаёвай
кватэры. I ўвагі дзеці патрабуюць аднолькава. Мінулі тыя часы, калі вясковыя
хлапчукі і дзяўчынкі раслі “самі па сабе”. Адно толькі адрозненне: у вольную
хвіліну вый-дзеш на прысядзібны ўчастак.
У Караватых тут у асноўным расце бульба ды розная гародніна
— усё як ва ўсіх. Спачатку трэба дасканала авалодаць агульнапрынятым, а потым
ужо — эксперыментаваць. Праўда, для душы ёсць яшчэ клумба.
Аня з мужам — маладыя людзі, таму пытанне, ці ёсць чым
заняцца вясковай моладзі не толькі па вечарах, але і наогул, падалося рэзонным.
Як аказваецца, праблем з арганізацыяй вольнага часу няма. Па выхадных днях у
выдатна адрамантаваным сельскім клубе, якому могуць пазайздросціць многія
аналагічныя ўстановы населеных пунктаў раёна, праводзяцца дыскатэкі. Сюды часцяком
наведваецца моладзь з Крамка і Вялікага Бору. Ну а дрычынскія юнакі і дзяўчаты,
у сваю чаргу, могуць наносіць візіты ў клубы бліжэйшых вёсак — гэта ўжо ў каго
дзе з’яўляецца сардэчны інтарэс. Асабліва не выпадае сумаваць моладзі ўлетку:
многія ходзяць у лес збіраць ягады, за продаж якіх атрымліваюць добрую капейку.
Ці ёсць магчымасць самарэалізавацца ва ўмовах параўнальна
невялікага населенага пункта? Не без гэтага. Напрыклад, Аня завочна вучыцца ў
сельгасакадэміі на той жа спецыяльнасці, што і раней у каледжы — заатэхнія.
Цалкам верагодна, што з цягам часу стане добрым спецыяліс-там, пакуль жа,
“седзячы” ў дэкрэтным адпачынку, складана ацэньваць свае прафесійныя
якасці. Муж працуе ў Дрычынскім ляс-ніцтве трактарыстам. Атрымліваў ён гэтую па
ўсіх параметрах карысную прафесію ў Асіповіцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным
каледжы. Работа падабаецца, ходзіць туды з задавальненнем. Ляснічы Вадзім
Бурнос свайго падначаленага толькі хваліць: чалавек, маўляў, надзейны,
стараецца. Калі трэба, то і ў выхадны дзень без пытанняў выйдзе на працу. Ну а
перспектывы росту ў такіх людзей ёсць заўсёды.
Дарэчы, датычна ляс-ніцтва. Тут працуе больш за 30 чалавек.
З гэтага года быў адкрыты ўчастак акорвання драўніны, 4 станочнікі задзейнічаны
на выпуску прадукцыі. За месяц з-пад акорвальных станкоў выходзіць 100 метраў кубічных
розных відаў калоў. 5 фур дрычынскага эксклюзіву адпраўляецца на экспарт.
У Дрычынскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы
сад-сярэдняя школа 73 чалавекі. Школьнікаў — 62, 12 з іх — вучні 10-11 класаў,
якія праз некаторы час стануць студэнтамі. У школе не прынята засмучацца, калі
выпускнік па-ступіў не ў ВНУ, а ў сярэднюю спецыяльную вучэбную ўстанову,
асабліва ў наш каледж. Логіка простая: тады значна большая верагоднасць, што
дзеці вернуцца на працу ў сваю вёску. Ну а сельгасакадэмія — самы аптымальны
варыянт: і вышэйшая адукацыя, і работа ў мясцовым калгасе. Дарэчы, сёлета якраз
3 выпускнікі з пяці і паступілі ў Горкі.
Кім стане маленькі Юрка Караваты пакуль цяжка сказаць.
Наперадзе яшчэ — дзіцячы сад, школа, прафесійнае навучанне. Аднак ужо зараз па
яго характары — хлапчук вельмі жвавы і мэтанакіраваны — можна меркаваць, што
яго чакае вялікая будучыня. I не вы-ключана, што яна будзе звязана менавіта з
аграгарадком Дрычын.
Валянціна КОРБАЛЬ.