Таццяна Рудэнка нарадзілася ў горадзе Асіповічы. Скончыўшы сярэднюю школу, працавала тэлеграфісткай раённага вузла сувязі. З 1995 года працуе памочнікам выхавацеля ў спецшколе-інтэрнаце. Пісаць пачала з 2000 года. Яе вершы не раз друкаваліся ў раённай газеце і іншых перыядычных выданнях: “Беларуская думка”, “Алеся”, “Во славу Родины”, “Могилёвские ведомости”, “Женский калейдо-скоп”, “Преображение”, “Семейный очаг”, “Любимая”, “Двое”. Яна — аўтар зборніка вершаў “Я живу, я надеюсь и верю…”, выдадзенага ў 2001 годзе, пераможца Асіповіцкага гарадскога творчага конкурсу “Паэты роднаму гораду” 2002 года. У лютым 2003 года стала членам Беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь”. Тады ж выйшаў у свет яе другі зборнік вершаў “Кошка-ночь”. Піша ў асноўным на рускай мове. На рад яе вершаў мясцовым кампазітарам Віктарам Шышкаўцом былі напісаны песні. У лютым 2004 года выйшаў зборнік вершаў “Мой материк”.
Анатоль Тамашэўскі нарадзіўся 3 студзеня 1943 года ў вёсцы Ваўканосава Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. З 1966 года працаваў рабочым БУ-91 будтрэста № 12 г. Магілёва, з наступнага — у рэдакцыі Круглянскай раённай газеты “Сельскае жыццё”. 1973-77 гады — слухач Мінскай вышэйшай партыйнай школы, з 1980 года — галоўны рэдактар асіповіцкай раённай газеты. Член Саюза журналістаў. У 1992 годзе яму прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь”. Узнагароджаны медалём “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі, Магілёўскага аблвыканкама, райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Яго вершы і гумарэскі друкаваліся ў мясцовай, абласных і рэспубліканскіх газетах, часопісе “Вожык”. У іх ліку — “Хто як разумее”, “У лазні”, “Васількі”, “Жонка на дыеце”. Па назве апошняга выдадзена кніга. На яго вершы напісана нямала песень В.Шышкаўцом: “Куточак мілай Беларусі”, “Па-над рэчкай туманы”, “Сны ветэрана”, “Воінам-вызваліцелям”, “Дзень добры, Асіповічы мае!”, “Песня пра Ялізава” і інш.
Марыя Цімінская нарадзілася ў ліпені ў 1937 года ў вёсцы Вялікая Гарожа. Выхаванка Свіслацкага дзіцячага дома з 1946 года. У 1953 годзе там жа скончыла сямігодку, праз пэўны час — педагагічны інстытут. 30 гадоў працавала ў Дзераўцоўскай школе. Піша вершы, прыпеўкі, якія сама і спявае, збірае народныя выслоўі. Дыпламантка рэспубліканскага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”. Выдала зборнік вершаў “На струнах маёй душы”, у якім адлюстраваны яе няпросты жыццёвы лёс, боль і радасць, каханне і смутак, замілаванне і любоў да роднае зямлі — шчырыя пачуцці сэрца, якому так хочацца цеплыні…
Васіль Шабалтас нарадзіўся 15 жніўня 1936 года ў вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Малалетнім хлопчыкам разам з сям’ёй быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Спрабаваў пісаць вершы яшчэ ў школе — першы быў надрукаваны ў газеце “Піянер Беларусі”. Вучыўся ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, потым пераехаў у Расію і паступіў ў Маскоўскі політэхнічны тэхнікум. Працаваў галоўным канструктарам на швейнай фабрыцы, завочна вучыўся — да 4 курса — на аддзяленні Маскоўскага політэхнічнага інстытута. З 1960 г. жыў і працаваў на Браншчыне ў г. Новазыбкаве. Друкуе свае першыя апавяданні ў раённай газеце і абласной “Брянский рабочий”. У 1981 годзе выходзіць у свет яго першы зборнік апавяданняў “Знакомство”, у 1983 г. — зборнік апавяданняў і аповесцей “Экзамен”.
З 1983 г. жыве ў Асіповічах. Надрукаваў звыш 50 апавяданняў і гумарэсак на літаратурнай старонцы раённай газеты. У 1993 го-дзе стаў членам Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь. Выйшлі з друку кнігі прозы — “Знакомство”, “Экзамен”, “Плата за страх”, “Душегуб”, “Злой дух”, “Белобок, “Ночной вызов”, “Адпомсціць і выжыць”, “Цветы для печали”. Асноўная тэматыка яго творчасці — памяць аб вайне, лёс чалавека, жыццёвыя абставіны, у якія той трапляе. Зараз працуе над раманам “Гарачая лазня”.