Марыя Паўлаўна і Аляксей Аляксеевіч Аляшкевічы —
карэнныя каменічане. Тут жылі іх бацькі і дзяды, тут нарадзіліся і яны. Выраслі
— і ўзялі шлюб, які даказаў сваю моц: на днях адзначылі брыльянтавае вяселле.
Марыя расла ў вялікай сям’і: маці, бацька, дзед,
пяцёра дзяцей. Жылося цяжка, елі і канюшыну, і жалуды. Сямігадовай дзяўчынкай
пазнала ўсе жахі вайны. Калі бацька вярнуўся з фронту, іронія лёсу занесла яго
ў другую вёску да іншай маладзіцы. Так і жыў — на два дамы. Майстар быў на ўсе
рукі: боты шыў, габляваў — рабіць умеў усё…
Дзяўчынка ў школе вучылася толькі 5 гадоў —
трэба было працаваць. Хадзіла з матуляй палоць проса, абівалі і цёрлі лён,
сушылі сена, кідалі стагі — шмат чаго давялося рабіць. Сельскагаспадарчай
тэхнікі ў тыя гады яшчэ не было, адна надзея на працавітыя рукі людзей. Многія
равеснікі збягалі ў горад. Аб гэтым пачала думаць і яна, але з’явіўся Аляксей…
Хлопец даўно заўважыў дзяўчыну, што з дня ў
дзень працавала ў полі побач з маці. Значыць, і гаспадыня будзе добрая, ды і
сабой была вельмі прыемная — цвіла ў свае 17 гадоў, як тая ружа. Вяртаючыся з
работы — Лёша працаваў у леспрамгасе — стаў збочваць да поля, дзе шчыравала
Маня, падкаравульваў яе паўсюль. Дзяўчына напачатку непрыхільна ставілася да
назойлівага кавалера, а цяпер смяецца: на танцы хадзіў — у запечку спаў. Ды яно
і не дзіўна, калі напрацуешся за дзень…
Доўга прыйшлося пазаляцацца кавалеру, але
вы-трымка і мэтанакіраванасць дапамаглі: летам пяцьдзясят другога стварылі
сям’ю. Бацька маладога мужа працаваў лесніком, а калі ляс-ніцтва
расфарміравалі, пера-ехаў з сям’ёй у Краснае, пакінуўшы дом і гаспадарку на
маладых. Так вось дзяўчынцы і прыйшлося ўзваліць на сябе гаспадарку, у якой
меліся карова, цяля, парасяты. Раніцой хацелася спаць, не магла адкрыць вочы,
але, як казалі ёй людзі, як рупіць — дык пралупіць.
Аляксей часта ездзіў па службовых справах у камандзіроўкі,
пакідаючы маладую жонку ў адзіноце. Яна баялася начаваць адна ў пустой хаце,
таму звала да сябе меншых братоў. Успамінае, як у час навальніцы нават хаваліся
пад ложкам.
У хуткім часе нарадзіўся першынец Мікалай.
Хлопчыку было 3 месяцы, як настаў час жаць жыта. Малому — сусла, сама — у поле.
“Усяго хапіла, — уздыхае жанчына. — Раз, спяшаючыся да дзіцяці, згубіла
серп. Са слязьмі яго шукала, але знайшла…”
У Аляксея былі браты, якія таксама мелі патрэбу
ў жыллі, таму маладыя вырашылі будаваць уласны дом. Для таго, каб атрымаць лес
на хату, было даведзена заданне: скасіць 5 гектараў травы і зжаць 2 гектары
жыта. Было надзвычай цяжка, але пераадолелі і гэту перашкоду. Хату будавалі
ўласнымі сіламі.
Потым сям’я Аляшкевічаў папоўнілася яшчэ сынам
Віктарам і дачкой Інай. Прывыкшы змалку да цяжкай работы, Аляксей з Марыяй
працавалі пастаянна. Ён — лесніком, потым загадчыкам фермы, калі прыйшоў час
пенсіі — малаказборшчыкам у калгасе. Жанчына ж адпрацавала ў гаспадарцы 33
гады. Чым займацца — не выбірала, куды накіроўвалі — туды і ішла. Збірала
смалу, вырыла абеды механізатарам, прыбірала кантору, працавала ў складзе
будматэрыялаў, выпісвала пуцёўкі вадзіцелям. Ні разу практычна не была ў
водпуску — сельская гаспадарка не ведае перарываў і адпачынку. Калі давялося
стаць калгасным кашаварам, у сваім двары ставіла сталы на 70-80 чалавек. Такую
грамаду і карміла штодзённа — толькі на раздачу прыбягалі дзяўчаты з канторы,
каб хутчэй адправіць механізатараў на поле. А калі дзеці прывезлі ўнучка, якому
было на той час паўтара годзіка, пачула ад кіраўніцтва: “Ты яшчэ не на
пенсіі, каб унукаў нянчыць!”. Так і даглядала дзіця “без адрыву ад
вытворчасці”. А яшчэ знаходзіла час выступаць у самадзейнасці. З гуртам
народнай песні “Спадчына” аб’-ездзілі навакольныя вёскі, пабывалі ў
Бабруйску, Мінску…
Ужо колькі гадоў яны не ходзяць на работу, але
ўстаюць па-ранейшаму рана. Агарод, куры, каза, парасё — жыццё на вёсцы не дае
палёгкі. Выраслі даўно дзеці, сталі ўжо і ўнукі дарослымі, ёсць 4 праўнукі.
Часта гучыць у гэтым доме вясёлы гоман, калі прыязджаюць родныя. Вось і цяпер
выдалася такая добрая нагода — брыльянтавае вяселле…
Іна Заскевіч.