— Каб бацька пры выпісванні дакумента не скінуў год, то сёлета мне б ужо 80 споўнілася, — распачынае свой аповед Надзея Васільеўна Дрозд. — А наогул я тутэйшая. Нарадзілася ў Дрычыне, да вайны пайшла ў першы клас, але пахадзіла ў школу толькі адну зіму. За ваенны час вырасла, павучылася яшчэ тры гады, а далей — прыйшлося працаваць, не да навукі было.
З чатырнаццаці гадоў як пайшла, дык 44 гады і шчыравала ў калгасе. З іх 33 — на адной сеялцы. Чаго толькі не даводзілася сеяць: пшаніцу і жыта, цімафееўку і лён з грэчкай, садзілі бульбу і буракі… Працавалі без выхадных і свят. Вывозілі гной, ламалі хвою, сена рыхтавалі — не пералічыць усяго, чым былі запоўнены калгасныя будні. Рабілі аддана і зямельку любілі. І яна адказвала ўзаемнасцю. Асабліва высокія паказчыкі былі пры старшыні Вараб’і, — з гонарам паведамляе былы хлебароб.
Замуж пайшла Надзея на дваццаць першым годзе жыцця за мясцовага хлопца Аляксея. Ён жыў праз вуліцу, разам раслі, гулялі і працавалі, таму і сям’я атрымалася моцная: агульная справа аб’яднала. І пераязджаць далёка не прыйшлося — толькі прозвішча Логвін змяніла на Дрозд. Муж працаваў у будаўнічай брыгадзе рабочым, потым — брыгадзірам.
Пра работу Надзея Васільеўна расказвае з любоўю. Ды і не дзіва: надзвычай адказна працавала, ведала, што вынік залежыць ад прыкладзеных намаганняў. Мела і пашану — медалі “За працоўную адзнаку”, “За доблесную працу”, бронзавы медаль ВДНГ СССР. На саму выставу жанчына не патрапіла, а ўзнагароду атрымала. У скарбонцы — шэраг значкоў “Выдатніка”, “Ударніка”, “Пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва”, граматы за подпісам старшыні калгаса да міністра сельскай гаспадаркі. Займалася і грамадскай работай. Лічба “3” у гэтым сэнсе аказалася магічнай: тройчы выбіралася дэпутатам раённага Савета і столькі ж — сельскага.
А за ўсімі гэтымі ўзнагародамі — штодзённая самаадданая праца, ад досвітку да змяркання. Таму і рукі так баляць — натру-джаныя, спрацаваныя рукі хлебароба… Добра, што дачка-бібліятэкар жыве ў райцэнтры, часта наведваецца да маці. Муж Аляксей Пятровіч годам назад скончыў свой зямны шлях. Сын жыве ў Мінску — робіць на прыватным прадпрыемстве. А яшчэ ўнук, дзве ўнучкі і праўнук радуюць бабулю ў час прыезду.
— Здароўе часам падводзіць, нядаўна выпісалася з бальніцы. Другі раз і дрэнна, але шкадую медыкаў, не хочацца іх турбаваць, асабліва ноччу. Неяк дапаўзу да стала, таблеткі прыму — і троху лепей становіцца.
У гэтых словах сутнасць чалавека, які нават у цяжкую часіну клапоціцца не аб сваім стане, а думае аб навакольных, стараецца не даставіць ім нязручнасці. А яшчэ перажывае аб тым, як зараз працуюць у калгасе. І — удзячная ўсім: былому і цяперашняму кіраўніцтву гаспадаркі, суседзям і сваякам за дапамогу і падтрымку.