Вёска Вялікая Грава на працягу некалькіх гадоў натхняла мастакоў Бархатковых на творчасць

Гісторыя мастацкай дынастыі Бархатковых — гэта тры пакаленні таленавітых беларускіх жывапісцаў, ключавыя прадстаўнікі якой Антон Бархаткоў і яго сын Ігар з жонкай Аленай.
Работы Антона Бархаткова



Выдатны беларускі мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Антон Бархаткоў на працягу ўсяго свайго доўгага творчага шляху звяртаўся да тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, але больш за ўсё праславіўся як пейзажыст. Творы Антона Бархаткова знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім і шэрагу іншых музеяў краіны, у прыватных зборах Беларусі і замежжа, у тым ліку Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве.
Картины Елены Бархатковой








Прадаўжальнік традыцыі Ігар Бархаткоў — лаўрэат Нацыянальнай прэміі Беларусі, майстар станковага жывапісу і пейзажу. Яго жонка Алена — вядомая мастачка, якая піша яркія і сакавітыя нацюрморты і вясковыя пейзажы. Абое з’яўляюцца членамі Беларускага саюза мастакоў.
Работы Бархатковых вядомы ў Галандыі, Італіі, Францыі, Польшчы і іншых краінах свету. Прадстаўнікі дынасыі навучаліся ў лепшых майстроў — Міхаіла Савіцкага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Мая Данцыга.
Работы Игоря Бархаткова, созданные на Осиповщине








Ігар Бархаткоў вырас у сталіцы і доўгі час працаваў там. А ў 1991 годзе набыў хату ў Вялікай Граве і разам з сям’ёй прыехаў у вёску. Вось што ён расказвае, успамінаючы той перыяд творчасці:
— Дзеці былі малымі, і жонка захацела купіць домік у сельскай мясцовасці. Я не выказваў асаблівага энтузіязму з гэтай нагоды. Але мясцовая прырода захапіла. Да таго доўгі час насычана працаваў у майстэрнях Міхаіла Савіцкага, пісаў карціны накшталт “Мір. Праца. Май”, “Рэвалюцыя. Вайна. Перамога”, а тут пачалася перабудова, і ўзгаданая тэматыка стала незапатрабаванай. А я ўжо моцна “згаладаўся” па пленэрным жывапісе, калі застаешся сам насам з прыродай і размаўляеш з ёй на сваёй мове.
Два гады Алена і Ігар жылі і працавалі на Асіповіччыне. Калі яны пакінулі Вялікую Граву, Антон Стэфанавіч яшчэ з год заставаўся тут, а затым таксама з’ехаў.
Эти фотоснимки были сделаны в деревне Большая Грава, где в 90-х жили и работали художники Бархатковы





…На жаль, не засталося таго дома, дзе калісьці пражывалі творцы Бархатковы. Даўно скончыўся зямны шлях бацькі, а Ігар з Аленай перабраліся ў вёску Харужына пад Ракавам. Яны знайшлі ў сельскім жыцці сваю непаўторнасць, ды і працуецца мастакам лепш у суладдзі з прыродай. І хоць жывуць ужо ў іншым месцы, аднак Вялікая Грава засталася важным перыядам іх жыцця і творчасці, як лічыць сам Ігар Антонавіч, — паваротным этапам. Тут ім добра пісалася. Нейкі час яны жылі ў Галандыі, але самай вялікай праблемай там стала адсутнасць натуры, бо ўся зямля — прыватная ўласнасць, і каб выйсці з мальбертам, патрэбен дазвол уласніка. У нас жа малюй, дзе хочаш. І якое хараство вакол!
Шмат работ, на якіх адлюстраваны дамы вялікаграўскіх жыхароў і асіповіцкія краявіды, знаходзіцца ў музеях і прыватных калекцыях краіны і за яе межамі. Не можа забыць Ігар Антонавіч і тутэйшае насельніцтва. Неабыякавыя да ўсяго, што адбываецца навокал, непасрэдныя, насельнікі вёскі не маглі прайсці міма, калі бачылі, што мастакі працуюць. Яны задавалі мноства пытанняў, накшталт: ”А чаму ты Маньчыну ліпу не намаляваў?”, нават імкнуліся нешта падказаць, параіць. што зараз успамінаецца з усмешкай.
У калекцыі Бархатковых захоўваецца нямала работ таго перыяду, а таксама фотаздымкаў, якімі Ігар Антонавіч падзяліўся і з чытачамі нашага выдання.
Іна Заскевіч.
