У жніўні палі Асіповіччыны зіхацяць золатам, якое так і просіцца ў рукі. Некаторыя ўмельцы твораць з саломы сапраўдныя цуды

Жыхарка аграгарадка Ліпень Таццяна Хомчанка рукадзеллем цікавіцца даўно. Любіць рэчы, якія ўпрыгожваюць жыллё і побыт. Асвоіла бісерапляценне, тэхніку вырабу кошыкаў з папяровых трубачак, а потым навучылася працаваць з рагозам, з якога пляла падстаўкі пад посуд і нават лапці.
А гады чатыры назад зацікавілася работай з саломкай. Убачыла ў магазіне саламяныя сувеніры і была зачараваная імі. Зацікавілася, як яны вырабляюцца. Набыла кнігу, пазнаёмілася анлайн з тэхнікай. І гэта справа Таццяне Сяргееўне прыйшлася па душы. Навучылася вырабляць кветкі з саломы, першы букет падарыла матулі на 8 Сакавіка. А потым і выраб лялек асвоіла. Робіць прыгожыя аплікацыі з выявамі чароўных птушак, кветак. У якасці асновы для такіх работ выкарыстоўвае кардон і мешкавіну.
Нямала зроблена майстрыхай за гэты час. На святы яе родныя і сябры нярэдка атрымліваюць “залатыя” падарункі: рознага кшталту сувеніры з саломкі.
Дарэчы, матэрыял Таццяна “гадуе” ва ўласным агародзе. Іржаныя ці пшанічныя саломіны павінны быць роўнымі, стромкімі. Убіраць іх трэба ў пэўны тэрмін, а затым вымочваць, адбельваць. На адзін выраб ідзе да 200 саломін. Работы нямала, затое і вынік радуе.
Якую б рэч ні стварала, майстрыха заўсёды дадае штосьці сваё, таму ні адзін выраб не паўтарае папярэдні. Нядаўна стварыла прыгожага каня, а зараз у яе планах — такі ж па памеры зубр. Дапамогу ў вырошчванні збожжа і падрыхтоўцы матэрыялу да работы аказвае муж Анатоль, а ўжо потым Таццяна дае волю сваёй фантазіі.
Пакуль уласных выставак майстрыха не праводзіла, затое на работу іншых паглядзець змагла ў час наведвання ў маі рэспубліканскага фестывалю-кірмашу народных рамёстваў “Вясновы букет”, выставы “Калядныя ўзоры”, што праходзіла зімой у сталіцы, а ў час правядзення летам у Віцебску Форуму рэгіёнаў нават дапамагала афармляць адзін з падворкаў.
З цягам часу работа з саломкай для Таццяны Сяргееўны стала любімым заняткам, бо матэрыял гэты валодае нейкай прыцягальнай сілай і вы-клікае жаданне пасцігнуць шматвекавы вопыт, накоплены нашымі прашчурамі.