Рока-Мота Пікнік – 2013 у Асіповічах

У культавым рок-гурце “Арыя” ёсць музычны хіт “Бяспечны анёл”, прысвечаны каралям дарог — байкерам. Рамантыка вольных вандровак, верны “байк” і прыгожая спадарожніца побач — так мы ўяўляем сабе гэтых своеасаблівых людзей: “Под гитарный жесткий рок, который так любил, на “Харлее” он домчать нас мог до небес и звезд любых…”
Нядзіўна, што “Рока-Мота пікнік”, які ў мінулыя выхадныя праходзіў у Асіповічах, сабраў вялікую колькасць — каля 600 чалавек — цікаўных людзей і мотааматараў, сярод якіх былі не толькі мужчыны, але і жанчыны з розных куткоў Беларусі, Расіі. Госці раскінулі палатачны гарадок на беразе Асіповіцкага вадасховішча. Атмасфера ў лагеры была самая вясёлая і сяброўская — так заўсёды бывае, калі разам збіраюцца людзі, апантаныя адной ідэяй. Дарэчы, у асяроддзі байкераў выклікаюць павагу не толькі ўладальнікі “крутых” матацыклаў, але і тыя, якія віртуёзна змаглі перабраць старэнькія “ІЖ”, “Ява”, “Мінск”, “Усход”, і тыя па сваёй тэхнічнай якасці не саступаюць ін-шым мадэлям.
У суботу асіпаўчан чакала шыкоўнае відовішча: у суправаджэнні работнікаў ДАІ калона байкераў у прамым сэнсе аглушыла гарадскія вуліцы. Чоперы, хонды, сузукі, спортбайкі, гоначныя матацыклы, байкі “хэнд-мэйд” і ўдасканаленыя савецкія мадэлі прыпаркаваліся на цэнтральнай плошчы, і зацікаўленыя землякі і нашы госці адразу памкнуліся сваімі рукамі “памацаць” яркія храміраваныя часткі матацыклаў, якія проста іскрыліся на жнівеньскім сонейку. А тым часам арганізатары мерапрыемства заклікалі байкераў прымаць удзел у конкурсах “марудная гонка”, а таксама прадэманстраваць свае ўменні валодання фігурным кіраваннем матацыкла. Пераможцы атрымалі граматы і каштоўныя падарункі, а гледачы — шмат станоўчых уражанняў. Дарэчы, на свяце прысутнічалі і выхаванцы Асіповіцкай спецшколы-інтэрната: частка сабраных сродкаў ад продажы сувенірнай прадукцыі якраз і пойдзе ў фонд установы.
Пасля таго, як усе жадаючыя сфатаграфаваліся на фоне матацыклаў і іх уладальнікаў, байкеры зрабілі апошні пачэсны круг і адправіліся на базу, дзе свята працягнулася рок-канцэртам, які быў прысвечаны памяці Віктара Цоя.
У нядзелю ўдзельнікі пікніка развітваліся са сваімі новымі сябрамі. Для многіх з іх пах паліва, гул рухавіка іх стальнога каня, хуткасць і адрэналін і блакітная стужка дарогі — сэнс і лад усяго жыцця…
Нэлі АСТРЭЙКА. Фота аўтара.