Разам стварылі свята

Разам стварылі свята

Полацк і Тураў, Навагрудак і Нясвіж, Заслаўе і Камянец… Сёлета да гэтага далёка     не поўнага спісу вядомых у Беларусі і за яе межамі гарадоў з багатай гісторыяй далучыліся Бялынічы. Менавіта там у 27-мы раз адбыўся Дзень беларускага пісьменства

Іна Заскевіч.

i.zaskevich@gzt-akray.by

Сталіцы важнага для краіны свята выбіраюцца не выпадкова: усе гэтыя гарады з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі, з якімі звязаны жыццё і дзейнасць вядомых дзеячаў літаратуры, культуры, мастацтва. А на Бялыніччыне нарадзіліся лаўрэаты Ленінскай прэміі Оскар Курганаў і Дзяржаўнай прэміі СССР Ігар Шклярэўскі, пісьменнікі Янка Шарахоўскі, Васіль Найдзін, Вячаслаў Казакевіч, Наталля Батракова; акадэмікі Валерый Казакоў, Эдуард Мінько, Валерыян Снытко; саліст Вялікага нацыянальнага тэатра оперы і балета Юрый Гарадзецкі; мастак Ларыса Журавовіч. З гэтым краем звязана жыццё народнага артыста Беларусі Генадзя Аўсянікава. Тут пачынаў сваю дзейнасць аўтар першага ў славянскай літаратуры вянка вянкоў санетаў Змітрок Марозаў, тварыў народны мастак РСФСР і БССР акадэмік жывапісу Вітольд Бялыніцкі-Біруля. І гэта толькі самыя вядомыя выхадцы з Бялыніцкай зямлі.

Сцежкамі знакамітасцей разам з іншымі гасцямі ў выхадныя дні гулялі і асіпаўчане. І ўражанні атрымалі самыя лепшыя. Горад падрыхтаваўся да прыёму шматлікіх наведвальнікаў грунтоўна: былі адрамантаваны дарогі, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. З’явілася шмат архітэктурных кампазіцый, жылыя дамы і іншыя будынкі набылі яркую афарбоўку.

5 верасня прайшоў міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў, а таксама імпрэза Саюза пісьменнікаў Беларусі “Роднае слова — светлае слова”. Распачаў сваю работу фестываль кнігі і прэсы.

Назаўтра яшчэ не паспеў рассеяцца ранішні туман, а ў райцэнтры ўжо віравала жыццё. Толькі ў гэты дзень бялынічане маглі адразу ўбачыць на сваіх вуліцах работнікаў у форме камунальнай арганізацыі, міліцыянераў і прадстаўнікоў духавенства побач з дамамі ў крэналінах, людзей у ваенным адзенні розных часоў у кампаніі моладзі з сімволікай БРСМ, кавалерыстаў у будзёнаўках, якія мірна гутарылі з удзельнікамі фальклорных калектываў у народных строях… Нібы ў калейдаскопе, перамяшаліся ўсе часы і падзеі. Справа ў тым, што часткай праграмы стала тэматычная пляцоўка “Лёс зямлі маёй праз слова”, у адпаведнасці з якой на цэнтральнай вуліцы ў рад выстраіліся палаткі, экспазіцыя якіх дэманстравала ўмовы працы кнігадрукароў, пісьменнікаў, журналістаў — асветнікаў розных эпох, іх прылады працы, кнігі, газеты, буклеты, фотаматэрыялы і многае іншае. Асіповічы прадстаўлялялі экспазіцыйны комплекс “Афганская вайна 1979-1989 гг.”, які быў аформлены прадстаўнікамі ветэранскага актыву Юрыем Корбанам і Паўлам Грашчанкам, спецыялістамі цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Асіповіцкага раёна і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, краязнаўчага музея і намеснікам галоўнага рэдактара раённай газеты Дзмітрыем Саўрыцкім.

А людзей на вуліцах усё прыбывала і прыбывала. Нават сонейка вырашыла ўмяшацца ў справу: разагнала туман і ўзяло на сябе ролю  мастака па святлу, удала падсвечваючы экспазіцыі.

Шматлікія выставы прапаноўвалі мастацкую літаратуру, як класічную, так і творы сучаснікаў. Рэдакцыі газет Магілёўшчыны ўручалі гасцям спецвыпускі сваіх выданняў. Рамеснікі прадстаўлялі вырабы з розных матэрыялаў, праводзілі майстар-класы, латарэі.

Ранкам гэтага дня прыбыў да месца прызначэння Жываносны агонь ад Гроба Гасподняга, які ўдзельнікі хрэснага ходу неслі ў тым ліку і праз наш раён. У рамках праекта “Дакрануцца да духоўнасці” адбыўся канцэрт духоўнай музыкі, прайшло чытанне паэтычных твораў літаратара Бялыніччыны іераманаха Васілія (Жудро).

На ўрачыстым адкрыцці XXVII Дня беларускага пісьменства выступіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, які агучыў Прывітальнае слова беларускага лідара да ўдзельнікаў свята. “Дзень пісьменства — асаблівая падзея ў культурным жыцці краіны, — адзначыў прамоўца. — На яго пляцоўках адбываецца дыялог майстроў пяра. Тут сустракаюцца, узбагачаючы творчую ніву, літаратура, музыка, жывапіс”. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падкрэсліў, што прымаць гэта свята — вялікі гонар для раёна і вобласці.

Прыемна, што ў канцэртнай праграме на цырымоніі адкрыцця разам са знакамітымі зоркамі беларускай эстрады выступіў музычны калектыў Асіповіччыны “Вязанка”.

У гэты дзень адбыліся дзве важныя для горада падзеі: урачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Бялыніцкай іконе Божай Маці, і мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі.

Аб уласным музеі ў горадзе даўно марылі, тым больш што ў ім ёсць што размясціць. З 27 карцін знакамітага мастака, выстаўленых у зале новай установы культуры, толькі адна з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, у якім, дарэчы, усе палотны папярэдне прайшлі кансервацыю — своеасаблівы касметычны рамонт, астатнія — гарадская ўласнасць. У музеі таксама размешчана зала, прысвечаная духоўнай спадчыне рэгіёна. Асаблівую каштоўнасць прадстаўляе фрэска з разбуранага мясцовага манастыра.

З цікавасцю госці свята наведалі мясцовы парк культуры і адпачынку з рамантычнай назвай “Ліпавы гай”. Там таксама было што паглядзець. А заадно і паўдзельнічалі ў закладцы алеі гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства.

Усіх мерапрыемстваў, што прайшлі ў рамках свята, пералічыць немагчыма. Можна было пазнаёміцца з цудамі Бялыніцкай зямлі і паназіраць за вырабам драўляных кніг, наведаць міні-заапарк і прадэгуставаць прадукцыю мясцовых харчавікоў. Часу для суму не заставалася ні ў каго. Малодшае пакаленне ўдзельнічала ў квэсце, свяце дзіцячай кнігі, фатаграфавалася з мульцяшнымі  раставымі фігурамі, а асобным попытам хлопчыкаў усіх узроставых груп карысталася экспазіцыя асіповіцкіх ветэранаў-афганцаў, дзе можна было патрымаць у руках сапраўдную зброю, а яшчэ і атрымаць пазнавальную інфармацыю ад сапраўдных франтавікоў. Дарэчы, у падарунак ад рэдакцыі “АК” музей ветэранаў ваенных дзеянняў у Афганістане атрымаў мастацка аформлены творчы праект “Вайна за рэчкай”, які стане дапаўненнем да кнігі “Без лініі фронту”.

Увечары адбылося ўрачыстае закрыццё Дня беларускага пісьменства, якое завяршылася маляўнічым салютам. Бялынічы перадалі эстафету Капылю, дзе праз год адбудзецца чарговае ўслаўленне друкаванага слова.

 

Последние новости

Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском государственном колледже прошел необычный мастер-класс

18 апреля 2025
Читать новость

Рекомендуем