Осиповичский народный хор ветеранов труда районного Центра культуры и досуга отмечает 40 лет

Калектыў быў створаны ў 1985 годзе ў рамках святкавання 40-годдзя Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне па ініцыятыве раённага савета ветэранаў пры падтрымцы райваенкамата, які ўзначальваў палкоўнік Фёдар Давыдаў. Ён, а таксама іншыя ўдзельнікі вайны — Пётр Санковіч, Мікалай Касічкін, Іван Хічэўскі, Адольф Цяцерын — і стаялі ля вытокаў музычнага калектыву. У пачатку творчага шляху ў склад хору ўваходзіла дзесяць удзельнікаў, але паступова ён папаўняўся іншымі ветэранамі вайны і працы. Першым мастацкім кіраўніком стаў Мікалай Сідоранка — чалавек, які кожную рэпетыцыю ператвараў ва ўрок музычна-харавой адукацыі.
У 1986 годзе хору было прысвоена ганаровае званне “народны”.
На змену Мікалаю Сідоранку прыйшлі Віктар Шышкавец, а затым Юрый Камісараў. Калектыў вёў актыўную канцэртную дзейнасць, стаў лаўрэатам ІІ і ІІІ Усесаюзных фестываляў народнай творчасці, прымаў удзел у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе самадзейных калектываў, прысвечаным 45-годдзю Вялікай Перамогі, неаднаразова перамагаў у раённых і абласных конкурсах. У 1997 г. быў уда-стоены звання лаўрэата ІІІ рэспубліканскага фестывалю “Не старэюць душой ветэраны”.
З 1998 г. мастацкім кіраўніком і дырыжорам хору становіцца Людміла Грынько. Высокае выканаўчае майстэрства, шматгалоссе характарызуе выступленні калектыву ў гэты перыяд.
І вось ужо дзясяты год народны хор ветэранаў узначальвае Эла Кузьміна.
— Зараз у склад калектыву ўваходзяць 27 удзельнікаў, — расказвае Эла Генадзьеўна. — Найбольшы “стаж” маюць Анатолій Ляўковіч, Людміла Архіпенка, Інеса Дарашкевіч, Ганна Кычакова, Ларыса Абразцова.
Аснову рэпертуару ў пачатку дзейнасці хору складалі выключна песні ваеннай тэматыкі. Традыцыя гэта захоўваецца і цяпер, творы ваенна-патрыятычныя — аснова, але да іх далучаюцца і іншыя кампазіцыі. Так, мы выконваем беларускія песні, пра Радзіму, хараство роднай прыроды, узаемаадносіны людзей. Задушэўна спяваюць нашы артысты “Бераг белых буслоў”, “Ой, там, каля млына”, “Военное танго”, “Беларусь моя”, “Майский вальс”, “Ах, калі-на, каліна”, “Поклонимся великим тем годам”, “Хмель зялёны” і іншыя песні.
Яшчэ адна добрая традыцыя — у рэпертуары заўсёды прысутнічалі і творы мясцовых аўтараў. Напрыклад, раней спявалі песні асіповіцкага кампазітара Віктара Шышкаўца, напісаныя на словы Анатоля Тамашэўскага і Таццяны Рудэнка. Зараз да іх дадаліся творы нашага акампаніятара Аляксандра Яўсейчыка “Женщинам слава!”, “А любовь берегла”, “Солдат Отчизны”, а таксама песня на верш Тамары Кавальчук “Асіповічы”.
Вядзём актыўную канцэртную дзейнасць. Выступаем не толькі на вялікіх сцэнах, але і наведваем маланаселеныя вёскі. Напрыклад, нядаўна давалі канцэрты ў аграгарадку Дрычын і санаторыі “Талька”, у студзені выступалі на выбарчых участках у Малой Гарожы і пасёлку Савецкім. На некаторых мерапрыемствах спявае не поўны склад хору, а вакальная група “Мелодыя душы”. Такім камерным складам выступалі ў санаторыі імя Леніна, раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спецшколе-інтэрнаце.
Удзельнічаем і ў конкурсах, у тым ліку ўсерасійскіх і міжнародных. І даволі вынікова: у адным з іх — “Бітва хароў”— атрымалі Гран-пры, удзел у конкурсе “Наша дзяржава” прынёс дыплом у намінацыі “За патрыятызм”. Пастаянна прымаем удзел у конкурсе “Не стареют душой ветераны”, раённых святах, мітынгах.
Нашы артысты — былыя настаўнікі, гандлёвыя работнікі, чыгуначнікі, медработнікі, ваеннаслужачыя. Яны не маюць спецыяльнай адукацыі, але вельмі любяць музыку, сваю краіну і людзей, якія ў ёй жывуць. А песня для ўсіх іх — сродак справіцца з перажываннямі, палепшыць настрой гледачоў і паказаць сілу і шматграннасць песні.