Казкі, проза і вершы: агляд навінак асіповіцкіх пісьменнікаў і паэтаў за 2023 год

2023 год для літаратурнага жыцця раёна стаў надзіва прадуктыўным: выхад калектыўных зборнікаў “У краіне фантазій”, “Подых часу”, “Чатыры вечныя пары”, “Памяці слова жывое”, “Здабытак”, міжнароднага альманаха “Сузор’е”, шматлікія творчыя вечарыны і, канечне, арганізацыя літаратурна-музычнага фестывалю нацыянальных культур Беларусі і Расіі “Сузор’е”, які ўпершыню прайшоў на асіповіцкай зямлі. Парадавалі аматараў узвышанага слова і новыя кнігі аўтараў-землякоў.
Асноўнай мэтавай аўдыторыяй літаратурных навінак сталі дзеці.
Сваімі добрымі, пазітыўнымі вершамі і казкамі падзялілася з юным чытачом Лёля Багдановіч. Летась яна выпусціла кнігу “Казка — у жыцці падказка” і стала заснавальніцай серыі “Бабуліны казкі”, куды ўвайшлі выданні для дашкольнікаў і малодшага школьнага ўзросту “Сарочыны байкі”, “Як смайлік у лазню хадзіў”, “Бабуліны пончыкі”, “Чароўная крынічка”.
Захапляльнымі і цікавымі творамі папоўніліся бібліяграфіі кіраўніка літаратурнага аб’яднання “Літаратар” Тамары Кавальчук і паэтэсы Людмілы Піскун. З-пад пяра Тамары Васільеўны выйшла казка “Тайны малінавай планеты”, якая расказвае пра дзяўчынку Квятаначку. Ноччу яна пераносіцца на планету маленькіх істот, знаёміцца з іншапланецянінам Шуршыкам, і яны разам ратуюць планету ад гібелі. Зборнік вершаў “Браты меншыя мае”, выдадзены Людмілай Піскун, прызначаны для самых маленькіх. З іх дапамогай бацькі змогуць у забаўляльнай форме пазнаёміць дзіця з жывёльным светам.
2024 год пачаўся таксама з дзіцячай літаратуры. На літаратурнай паліцы Асіповіччыны з’явіўся зборнік вершаў “Жыццё адно, гісторый многа” Вольгі Лаўровай, добра знаёмай чытачам нашай тэматычнай старонкі “Ты с “АК” поразмышляй-ка”. Кніга напісана простай даступнай мовай, лёгка запамінаецца. Як адзначае аўтар, смешныя вершаваныя гісторыі абавязкова падымуць настрой і прымусяць усміхнуцца. Каляровыя малюнкі, якія суправаджаюць кожны верш, спрыяюць лепшаму ўспрыманню тэкста, развіццю вобразнага мышлення маленькага чытача. Зараз Вольга рыхтуе да друку новую кнігу для дашкольнікаў “Салодкая азбука: прысмакі для радасці”.
У хуткім часе выйдзе кніга яшчэ аднаго аўтара, які робіць першыя крокі ў мастацтве слова, — зборнік казак Людмілы Булавацкай “Унучка Лесавіка”.
Сярод навінак ёсць і сур’ёзная літаратура. Краязнаўца Мікалай Тамашоў парадаваў жыхароў дараганаўскага краю сапраўднай энцыклапедыяй мінулага. “Гісторыя адукацыі ў Дараганаўскім краі: дзень за днём, год за годам” змяшчае звесткі пра школы на тэрыторыі сельсавета, фатаграфіі і копіі архіўных дакументаў. Тамара Кавальчук прадставіла кнігу перакладаў вершаў Фёдара Цютчава “Душа быць зоркаю хацела” і стала складальнікам калектыўнага зборніка “Куфэрак натхненняў”. Папоўнілася бібліяграфія паэтэсы Соф’і Мароз. Вершы, якія ўвайшлі ў зборнік “У абдымках мірнай цішыні”, вызначаюцца жыццёвасцю і лірычнасцю, любоўю да роднага краю, да сваёй краіны; асноўная тэматыка вершаў зборніка “Дарога даўжынёй у жыццё” — сэнс існавання, перажыванні і суджэнні, а таксама вершы аб прыродзе, каханні, мастацкія пераклады. У хуткім часе пабачыць свет зборнік твораў пачынаючага паэта Аляксандра Анюхоўскага “Давайце пра каханне пагаворым”.
Усе адзначаныя кнігі можна набыць непасрэдна ў аўтараў альбо знайсці ў бібліятэках раёна.