Интересные факты про районный центр народных ремесел и декоративно- прикладного искусства в Осиповичах

Цікавосткі пра раённы цэнтр народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
1.Зараз ва ўстанове дзейнічае дзевяць гурткоў па лозапляценні і пляценні з папяровай лазы і саломкі, ткацтве і кераміцы. Іх наведвае 81 чалавек, 51 з якіх школьнік.
2. Самы папулярны гурток — кераміка. Ён падзяляецца на чатыры напрамкі і аб’ядноўвае як дзяцей, так і дарослых.
3. У кожнага майстра ўзорнай студыі ткацтва “Чароўныя ўзоры”, куды, акрамя шасці дзяўчынак, ходзіць два хлопцы, ёсць свой напрамак дзейнасці. Спецыялізацыя Кацярыны Пацкевіч — абярэжныя лялькі. Аляксандра Рыбак стварае прыгожыя паясы і сурвэткі, Лідзія Кардымон — майстар універсальны. Жанчына вяжа, тчэ паясы, займаецца вышыўкай, але найбольш вядома як адзіны ў раёне стваральнік лялек-рэборнаў — цацачных немаўлят, якіх складана адрозніць ад сапраўдных дзяцей.
4. Адразу тры ўзнагароды высокай якасці ў 2025 годзе прынёс удзел у абласным конкурсе “Дрэва жыцця”. Першыя месцы занялі Аляксандра Рыбак з работай “Сплеценае неба” і Кацярына Пацкевіч, якая прадставіла на конкурс вышыўку пад назвай “Размова з родам”. На сярэбраную прыступку ўзнялася майстар саломапляцення Таццяна Хомчанка з работай “Сцяжынкі продкаў”.
5. Майстар-класы — упадабаная асіпаўчанамі і гасцямі горада форма работы цэнтра. Як расказала метадыст па народных мастацкіх рамёствах, традыцыях, абрадах і фальклоры Вікторыя Сафроненка, найбольшую колькасць удзельнікаў збіраюць майстар-класы па лепцы з гліны і пляценні кошыкаў з папяровай лазы. Часам да іх дадаюцца неверагодна цікавыя і пазнавальныя экскурсіі па ўстанове.
6. Вялікая ўвага надаецца развіццю прысутнасці ў разнастайных сацсетках і месенджарах. Зараз старонкі цэнтра можна знайсці ў сацыяльных сетках Instagram і «ВКонтакте», а таксама стаць падпісчыкам канала ў Telegram.
— Сацыяльныя сеткі — выдатны інструмент для таго, каб не толькі інфармаваць насельніцтва пра нашы дасягненні і мерапрыемствы, але і для дэманстрацыі ўсёй прыгажосці і разнастайнасці традыцыйных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — адзначае Вікторыя Сафроненка.