Гімназія — месца, дзе класічныя каштоўнасці становяцца трывалым падмуркам укаранення сучасных тэхналогій, захоўваюцца беларуская мова і нацыянальная культура

За 31 год работы гімназію скончыла 1 327 навучэнцаў, 146 з іх атрымалі медалі. І сёння падрастае новая змена кемлівых і дапытлівых дзяцей. Таму перад калектывам настаўнікаў стаіць задача зберагчы лепшыя педагагічныя практыкі і смела ўкараняць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, каб развіваць функцыянальную адукаванасць вучняў. Гэта дае станоўчыя вынікі. У 2024/2025 навучальным годзе 86% дзяцей скончылі год на высокім і дастатковым узроўнях, сярэдні бал па выніках цэнтралізаваных экзаменаў 71,29, на цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове Марыя Шыхалёва атрымала 100-бальны вынік. Гімназісты заваявалі восем узнагарод рознай ступені на ІІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды, чацвёра ўдзельнічалі ў заключным этапе, два з іх сталі пераможцамі.
У гэтым навучальным годзе гімназісты ўжо атрымалі 43 дыпломы на ІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды, сем дыпломаў і два заахвочвальныя водгукі на ІІІ этапе. Чацвёра прымуць удзел у заключным этапе спаборніцтва па інфарматыцы, геаграфіі, гісторыі, рускай мове і літаратуры.
Адукацыйныя магчымасці падлеткаў пашыраюцца дзякуючы дапрофільнай падрыхтоўцы ў 8-9 класах і профільнаму навучанню ў 10-11-х.
Штогод адкрываюцца групы прававога кірунку пад эгідай Асіповіцкага раённага аддзела Следчага камітэта краіны з паглыбленым вывучэннем вучэбных прадметаў “Грамадазнаўства” і “Англійская мова”. Таксама фарміруюцца групы педагагічнай накіраванасці.
Паспяхова ўкараняецца інжынерны профіль навучання з паглыбленым вывучэннем фізікі і матэматыкі. Для падрыхтоўкі паступлення на філалагічныя спецыяльнасці працуюць групы з паглыбленым вывучэннем англійскай, беларускай і рускай моў, на эканамічныя — англійскай мовы і матэматыкі.
З 1997 года ў гімназіі дзейнічае навуковае таварыства “Пошук” — саюз настаўнікаў і гімназістаў 9-11 класаў. Штогод вучні становяцца прызёрамі конкурсаў навукова-даследчых работ, пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дзякуючы адкрыццю на базе гімназіі інжынерна-тэхнічнага цэнтра гімназісты пад кіраўніцтвам настаўнікаў інфарматыкі Яўгена Гарадзецкага і Наталлі Громавай прымаюць удзел у рабоце па ўкараненні камплектаў робататэхнічнага абсталявання “РОББО”, займаюцца 3D-мадэліраваннем, праграмаваннем і праектнай дзейнасцю.
Магчымасці інжынерна-тэхнічнага цэнтра выкарыстоўваюцца і на ўроках фізікі, і гэта работа прыносіць станоўчыя вынікі.
Пяць разоў вучні 9-11 класаў праходзілі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па кірунках “Авіякасмічныя тэхналогіі”, “Энергетыка будучага” і “Зялёная хімія”.
У сакавіку ў змене па адукацыйным напрамку “Робататэхніка” прыме ўдзел дзевяцікласнік Андрэй Чумак.
Вопыт работы гімназіі паказвае, што сучасныя адукацыйныя практыкі ў сувязі з захаванымі традыцыямі робяць працэс фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў больш асэнсаваным і эфектыўным. У атмасферы, дзе паважаюць школьныя традыцыі і гатовы да інавацый, дзеці вучацца жыць, вучыцца і працаваць на карысць сваёй будучыні, а значыць, і на карысць грамадства.
Елена Суета
