Эстраднай фолк-групе “Вяззеўскі кірмаш” яшчэ толькі каля двух гадоў, але яе песні гучалі ўжо не толькі ў Вяззі — іх чулі далёка за межамі аграгарадка

Эстраднай фолк-групе “Вяззеўскі кірмаш” яшчэ толькі каля двух гадоў, але яе песні гучалі ўжо не толькі ў Вяззі — іх чулі далёка за межамі аграгарадка, пры сельскім Доме культуры якога створаны гэты творчы калектыў.
— Мы стараемся паказаць людзям усю шырату і шматграннасць народнай і эстраднай песні, — расказвае кіраўнік групы Лілія Маскалёва. — Да фарміравання рэпертуару ставімся адказна, выбіраем тэксты з глыбокім сэнсам, правераныя гадамі і пакаленнямі людзей, песні, што пранікаюць у душу і ствараюць настрой. Адметная рыса нашага рэпертуару — усе мелодыі мажорнага ладу. Сумныя песні прынцыпова не спяваем, каб не навяваць лішні раз тугу і самоту. Асноўнай задачай лічым настроіць гледачоў на пазітыў, зняць напружанне дня і даць магчымасць павесяліцца. Паказваем, што наш народ умее і працаваць, і святы ладзіць. І з усім спраўляецца аднолькава добра.
Фолк-група “Вяззеўскі кірмаш” — жаданы ўдзельнік шматлікіх народных фэстаў. “Каляды”, “Купалле”, “Гуканне вясны”, “Дажынкі” — ні адно абрадавае свята не абыходзіцца без гэтага калектыву, як і розныя канцэртныя праграмы, фестывалі і іншыя творчыя мерапрыемствы.
Таццяна Верамейчык, Рэната і Віталь Парамонавы, Ірына Маліноўская, Лілія Маскалёва — людзі розных прафесій, пасля асноўнай работы яны спяшаюцца на рэпетыцыі, каб развучыць новыя творы і на чарговым свяце парадаваць землякоў. Выступалі ў райцэнтры, Вялікай Гарожы, Бабруйску, аграгарадку Александрыя на Шклоўшчыне…
Удзельнікі фолк-групы задаволены, што іх творчасць блізкая не толькі людзям сталага веку, да іх песень прыслухоўваецца і моладзь — ахвотна падпявае, танцуе пад іх.
І калі знойдуцца аматары, якія захочуць папоўніць групу і будуць мець адпаведныя здольнасці, разгледзяць прапанову аб пашырэнні складу. У планах і асваенне акапельных спеваў з выкарыстаннем асобных народных інструментаў. Зараз, напрыклад, удзельнікі асвойваюць калёсную ліру. Так што ўсё яшчэ наперадзе! Пакуль жа вяззеўскія артысты актыўна рэпеціруюць, удасканальваюць сваё майстэрства. І задаволены, што гледачы па-знаюць іх не толькі па стылізаваных касцюмах, якія спецыяльна для калектыву пашыла мясцовая майстрыха, але і па галасах.