Дзесяцігадовы юбілей у суботу адзначыць народны эстрадны ансамбль “Парадыз” Ліпеньскага сельскага Дома культуры
Дзесяцігадовы юбілей у суботу адзначыць народны эстрадны ансамбль “Парадыз” Ліпеньскага сельскага Дома культуры.
Тэрмін значны як для чалавека, так і для любой справы. Ужо набыты ўнушальны вопыт, але столькі цікавага, неверагоднага, шчаслівага яшчэ чакае наперадзе…
Гісторыя ліпеньскага калектыву пачалася ў 1973 годзе, калі па ініцыятыве былога дырэктара ўстановы Галіны Семчанка з’явіўся ансамбль народнай песні “Ліпеньскія зоркі”. Пад такой назвай артысты выступалі амаль 35 гадоў. У 2003 годзе калектыў абараніў званне народнага, але з цягам часу кардынальна змяніўся. Рэпертуар пад уздзеяннем сучасных тэндэнцый набыў новае гучанне: на месца фальклорных матываў прыйшлі папулярныя сёння кампазіцыі і манера выканання. У 2013 годзе ансамбль поўнасцю перайшоў на эстраду, абараніў званне народнага і набыў новую назву — “Парадыз”.
— За гады існавання нам прыйшлося пераадолець шмат складанасцей, выкліканых у асноўным перастаноўкамі і змяненнямі саставу, — расказвае ўдзельніца калектыву Таццяна Шастакова. — Свае карэктывы ўносіла жыццё: замужжа, нараджэнне дзяцей, пераезды ў іншыя мясціны. Зараз “Парадыз” — сэкстэт. Алена Грышановіч і Крысціна Вікторчык, якая кіруе ансамблем з 2022 года, спявалі яшчэ ў “Ліпеньскіх зорках”. Адносна нядаўна далучіліся яшчэ тры дзяўчыны. Віялета Пекур працуе музычным кіраўніком у дзіцячым садку № 7 “Каласок”. З песняй звязана з дзяцінства: шмат гадоў выступала ў Доме культуры чыгуначнікаў. Вікторыя Матусевіч — былая ўдзельніца вяззеўскай “Хвалі”. Пасля школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, атрымала прафесію рэжысёра-па-станоўшчыка народных святаў, працавала ў раённым цэнтры культуры і вольнага часу. Аліна Дзяраева прыйшла ў Ліпеньскі сельскі дом культуры культарганізатарам, потым перайшла ў раённы метадычны цэнтр і сёння атрымлівае другую вышэйшую адукацыю па музычным профілі. Яны ўнеслі новыя погляды на творчасць, удыхнулі больш жыцця. Але, бадай, асаблівай увагі за-слугоўвае самая малодшая ўдзельніца калектыву — трынаццацігадовая жыхарка Ліпеня Яўгенія Падтыкалава. Ад яе чыстага, мілагучнага голасу дух займае. Ужо на працягу двух гадоў яна займаецца вакалам, выступае на разнастайных конкурсах. Нельга не ўспомніць і былых удзельніц Вольгу Струкаву і Вольгу Галамака, з якімі звязана значная частка гісторыі калектыву.
За плячыма “Парадыза” мноства перамог, дасягненняў рознага ўзроўню. Адно з самых значных — Гран-пры абласнога агляду-конкурсу аматарскіх харавых калектываў. Ансамбль вядомы за межамі раёна, аднак самымі ўдзячнымі і любімымі гледачамі застаюцца жыхары Ліпеньскага сельсавета. Як адзначыла загадчык СДК Алена Галамака, на выступленнях юбіляраў зала ніколі не бывае пустой:
— Удзельніцы — маладыя, творчыя, таленавітыя, неардынарныя асобы. Яны сваёй энергіяй, запалам могуць зарадзіць нават самую панурую і неактыўную публіку. Ды і працаваць з імі адно задавальненне, бо дзяўчаты заўжды гатовыя дапамагчы арганізаваць любое мерапрыемства. Што дзіўна, за ўвесь час існавання “Парадыза” не прыходзілася чуць ад спявачак скаргаў ці нейкіх адгаворак. Усе ведаюць, навошта прыйшлі ў культуру і з якімі складанасцямі прыйдзецца сутыкнуцца.
— Мы як сям’я: сябруем і кантактуем па-за сцэнай, праводзім сумесныя святы, дапамагаем адна адной, — дадае Таццяна Шастакова. — “Парадыз” не работа, а душэўны адпачынак. Разам мы прайшлі нялёгкі шлях, на якім хапала і добрага, і благога. Але гэта робіць нас мацнейшымі.