Бібліятэка — месца для розуму
— Прыярытэты ў рабоце ўстановы засталіся ранейшымі, — расказвае загадчык раённай бібліятэкі Наталля Праснякова, — забяспечыць адкрытасць і захаваць роўнасць праў і магчымасцей для ўсіх катэгорый карыстальнікаў. Вялікая ўвага надаецца і развіццю сацыяльнага партнёрства з рознымі ўстановамі і арганізацыямі горада.
Для дзяцей і дарослых
— Намі ладзяцца разнапланавыя мерапрыемствы, якія распрацоўваюцца з улікам пажаданняў і інтарэсаў нашых чытачоў. Людзям падабаецца інтэрактыў: квэсты, літаратурныя гасцёўні, флэшмобы. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з дзіцячымі садамі. У кожным дашкольніку бачым патэнцыйнага чытача бібліятэкі, таму ўсе мерапрыемствы з дзецьмі праходзяць максімальна цікава і займальна.
І трэба сказаць, такі падыход мае двайную эфектыўнасць: рабяты не толькі самі прыходзяць з кнігай, але часта далучаюць да чытання сваіх бацькоў.
Юных чытачоў знаходзім і падчас летніх выездаў у парк. Там прэзентуем дзіцячую літаратуру, арганізоўваем яркую забаўляльную праграму.
Асаблівае месца ў сэрцы нашых абанентаў займаюць сустрэчы з вядомымі і пачынаючымі майстрамі слова і проста творчымі людзьмі. Нядаўна прайшла сустрэча з пісьменнікам Паўлам Гушынцом. Аўтар па адукацыі медык, таму і тэматыка твораў адпаведная, але з лёгкім, ненадакучлівым гумарам, так упадабаным чытачамі. Але аказалася, што ў аўтара ёсць і іншы кірунак творчасці: ён запісвае ўспаміны тых, хто выжыў у блакадным Ленінградзе, былых зняволеных канцлагераў. Пасля сустрэчы кнігі аўтара, якія меліся ў фондзе бібліятэкі, разышліся ўмомант.
На адной хвалі з кнігалюбамі
— Патрэбы ў чытачоў абсалютна розныя: ад забаўляльнага чытання да вучобы. Таму актыўна выкарыстоўваем электронныя каталогі, каб дапамагчы ў пошуку неабходнай літаратуры. Абласны краязнаўчы партал стаў скарб-ніцай ведаў для тых, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. Таксама мноства інфармацыйна ёмістых баз размешчаны на нашым сайце.
Заўжды заставацца чалавекам
— Для бібліятэкара важныя, перш за ўсё, прафесійныя веды, уменні і навыкі. Нікуды сёння і без валодання камп’ютарам. Абавязкова веданне ўсёй літаратуры, якая знаходзіцца на паліцах. Адсюль выцякае наступная якасць — развітыя камунікатыўныя навыкі і эмацыянальны інтэлект. Людзей прыходзіць шмат, і прафесійны бібліятэкар абавязаны ўмець наладзіць дыялог з кожным чытачом, спакойна і добразычліва адказаць на любое пытанне. Магчыма, таму бібліятэка стала не толькі храмам кнігі, але і месцам для размоў пра важнае.