Бібліяграфія асіповіцкай паэтэсы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Лёлі Багдановіч папоўнілася яшчэ двума выданнямі

Казачныя гісторыі з новай кнігі “Чароўны пярсцёнак” знаёмяць маленькага чытача з цікавымі і незвычайнымі персанажамі, сярод якіх павучок Сымонка, мышаняты Моня і Маня, васілёк Вася, рамонак Ромка, Юлька-капрызулька, вожык Стасік, сінічка Сонька. Творы паспрыяюць выхаванню ў дзяцей такіх якасцей, як сумленнасць, ветлівасць, паважлівыя адносіны да старэйшых, уменне сябраваць, любоў да роднай прыроды.


Таксама творы зямлячкі патрапілі ў хрэстаматыю для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту пад назвай “Гульня майго дзяцінства”. У кнізе змешчаны аўтабіяграфічныя нарысы вядомых беларускіх пісьменнікаў пра гульні іх дзяцінства, тэматычна падабраныя творы пра дзіцячыя гульні і захапленні. Біяграфічны матэрыял з жыцця творцаў будзе цікавы як вучням, так і настаўнікам. Кніга дазволіць на больш высокім узроўні праводзіць урокі беларускай літаратуры.
Ганна САБЕЛА
