“Асіповіцкі падворак” запрашае гасцей
Сябраваць, каб лепш пазнаць сябе. Менавіта такім прынцыпам кіруюцца тыя, хто хоча паглядзець: а як там у сяброў, суседзяў, што ў іх ёсць такога, чаго ў нас няма? Звычайна, калі ў падгледжаным нешта зачапіла, то вы абавязкова будзеце імкнуцца да лепшага. Так ужо ўстроены чалавек. Таму і існуе ў сусветнай практыцы такое паняцце, як вывучэнне перадавога вопыту ва ўсіх сферах дзейнасці. Работнікі культуры тут таксама не выключэнне. Абмен паміж мастацкімі калектывамі, выставамі, разнастайнымі творчымі праектамі і праграмамі, правядзенне фестываляў як на мясцовым, так і на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях — яскравае сведчанне таму.
Значная работа ў гэтым напрамку праводзіцца і ўстановай культуры “Магілёўскі абласны навукова-метадычны Цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы”. Адна з яго асноўных задач — захаванне, прапаганда і папулярызацыя нематэрыяльнай спадчыны, якую пакінулі нам продкі. Практыкуюцца розныя формы дзейнасці, але больш за ўсё пашырана правядзенне выязных семінараў, творчых лабараторый, майстар-класаў па ўсіх жанрах народнай творчасці як у вобласці, так і за яе межамі. Стала добрай традыцыяй арганізацыя сустрэч начальнікаў раённых аддзелаў культуры і кіраўнікоў клубных устаноў Магілёўшчыны са сваімі калегамі з іншых абласцей рэспублікі. Падчас такіх мерапрыемстваў ідзе не толькі актыўны абмен думкамі, кожны бок стараецца прадэманстраваць сябрам самае лепшае, што існуе ў сістэме сваёй работы. Можна пазнаёміцца з тым ці іншым відам дзейнасці, стаць удзельнікам канцэртнай праграмы або майстар-класа. А расказаць, паказаць і даць магчымасць асабіста паспрабаваць зрабіць падобнае калегам ёсць што. Так, у мінулую паездку па Брэстчыне магілёўскія культработнікі змаглі наведаць каля дваццаці ўстаноў культуры заходняга рэгіёна рэспублікі (гл. “АК” № 68 ад 6 жніўня б.г.). Шмат цікавага і карыснага пачарпнулі для сябе з гэтай творчай вандроўкі і прадстаўнікі Асіповіччыны — начальнік аддзела культуры Ірына Раманчук і вядучы метадыст цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Хамянок.
Напрыканцы верасня каля 30 прадстаўнікоў культурнай галіны Брэсцкай вобласці ступілі ўжо на магілёўскую зямлю. А калі канкрэтней, то ганаровае права прыняць калег было дадзена нашаму раёну. Урачыста, хлебам-соллю, каларытнай песняй пад гукі цымбалаў і гармоніка ансамбль “Вязанка” прывітаў шаноўных гасцей. Для іх супрацоўнікамі ўзгаданага цэнтра была падрыхтавана насычаная культурна-асветніцкая праграма, ажыццявіць якую прадугледжана было на тэрыторыі Асіповіцкага, Бабруйскага, Кіраўскага, Крычаўскага, Мсціслаўскага і Дрыбінскага раёнаў. Менавіта тут існуюць адны з самых лепшых творчых калектываў, якія займаюцца адраджэннем і захаваннем беларускіх народных традыцый.
Як сказала Ірына Раманчук падчас правядзення завочнай экскурсіі па раёне, нам ёсць чым ганарыцца і што паказаць. Сфера
культуры прадстаўлена 31 установай клубнага тыпу, 34 бібліятэкамі, 10 школамі мастацтваў з 11 філіяламі, раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, маладзёжна-падлеткавым цэнтрам “Равеснік”. Працуюць бібліобус, аўтаклуб, кінавідэаперасоўка. Але найвялікшую каштоўнасць, як і ў любым рэгіёне, уяўляюць людзі, якія поўнасцю аддаюць сябе любімай рабоце. Як і ўсюды на Беларусі, кожная мясціна нечым адметная, мае свой незвычайны каларыт, свае духоўныя традыцыі. Да прыкладу, Дараганаўшчына — унікальны куточак асіповіцкага краю, дзе бруіць, не перасыхае магутная крыніца народных талентаў. Менавіта там чакалі брастчан народны калектыў мастацкай самадзейнасці Каўгарскага Дома культуры, супрацоўнікі мясцовай дзіцячай школы мастацтваў і краязнаўчага музея , а таксама перасоўная творчая пляцоўка раённага Цэнтра народных рамёстваў.
Беларус не беларус, калі не пачастуе свайго госця самымі лепшымі стравамі. Ды не проста стравамі, а сапраўднымі дараганаўскімі прысмакамі, прыгатаванымі па рэцэптах, якія вядомы толькі мясцовым паварыхам. Са знаёмства з мясцовай народнай кухняй і пачаўся семінар “Работа метадычных служб вобласці па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны”.
Станоўча ацаніўшы прафесійнасць работы вясковых кухарак, яго ўдзельнікі завіталі да выхаванцаў музычнай школы, якія паказалі сваё майстэрства. Але самае цікавае іх чакала на імправізаваным “Асіповіцкім падворку”. Увесь натоўп згуртаваўся каля гарачай цаглянай печкі, дзе ўвіхаўся за работай народны майстар Рэспублікі Беларусь па кераміцы Дзмітрый Паляшчук. Разам са сваімі вучнямі ён даў майстар-клас па вырабе рэчаў з гліны на драўляным крузе і абпаліў іх на вачах у гледачоў у перасоўнай печы. Заняты працэсам работы, Дзмітрый адначасова адказваў і на шматлікія пытанні, якія цікавілі гасцей.
Наступны ўрок — урок ткацтва — давала на ткацкім станку Аляксандра Рыбак, якая падрыхтавала і сваю невялічкую выставу сатканых ёю ручнікоў і сурвэтак. Былі на падворку і вырабы з бяросты, якія дэманстравала Святлана Дубініна, і іншыя работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў асіповіцкага краю, якія не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных.
Вялікае ўражанне засталося ў прадстаўнікоў культурнай сферы Брэстчыны і ад наведвання краязнаўчага музея, які ўтрымлівае багата інфармацыі як пра мінулае, так і пра сучаснасць роднага краю. На развітанне яны атрымалі ў падарунак зробленыя ў ходзе майстар-класа па кераміцы прыгожыя гліняныя вазачкі, якія будуць служыць напамінкам аб наведванні
самабытнай асіповіцкай зямлі. Па шчырых усмешках, шчырых словах падзякі было відаць, што зачапіла гасцей падрыхтаваная нашымі землякамі праграма.
Падсумоўваючы вынікі семінару якраз напярэдадні Дня работнікаў культуры, Ірына Раманчук адзначыла наступнае:
— Нашы жыхары маюць вялікую спадчыну, пакінутую дзядамі і прадзедамі, і надзвычай важна яе ўмела зберагчы і перадаць наступнаму пакаленню. Гэта ўдала атрымліваецца ў многіх як спецыялістаў Асіповіччыны культурнай, так і аматараў-краязнаўцаў. Да такіх можна смела аднесці шматлікія народныя калектывы, у тым ліку і самых актыўных удзельнікаў, на якіх яны трымаюцца. Імёнаў можна пералічыць багата. Сярод іх як маладыя, так і людзі сталага ўзросту. І вельмі добра, што існуе пераемнасць пакаленняў. Гэта сведчыць аб тым, што народныя традыцыі жывуць і будуць жыць. Але для падтрымання жыццядзейнасці некаторых з іх патрабуецца ўкладанне грашовых сродкаў. Напрыклад, для шырокага распаўсюджвання ганчарства, як паветра, патрэбна была муфельная печ. І, нарэшце, у верасні яна была набыта. Каб развіваць ткацтва, неабходна закупіць або змайстраваць станкі. Хацелася б абсталяваць стацыянарныя сялянскія падворкі накшталт “Дома рыбака”, “Дома селяніна” і г.д., шырэй развіваць агра-экатурызм, які б базіраваўся на народнай культуры.
Планаў шмат. Будзем спадзявацца, што паступова ўсе яны рэалізуюцца. Таму і сабе, і ўсім работнікам культуры хацелася б пажадаць плёну ў працы і моцнага здароўя. І каб задуманае абавязкова ажыццявілася.
Ніна ВІКТОРЧЫК.