Александрыя сабрала сяброў. І мы там былі!

На выхадных цэнтрам агульнага прыцяжэння стала Магілёўшчына, а дакладней — аграгарадок Александрыя, дзе ў 17-ты раз прайшло рэспубліканскае свята «Купалле». Сюды прыехалі тысячы людзей з розных куточкаў Беларусі, а таксама іншых краін.
Накіравалася ў Шклоў і асіповіцкая дэлегацыя на чале з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Святланай Нявесценка, дырэктарам цэнтралізаванай клубнай сістэмы Анастасіяй Санінай.
Праграма, як заўсёды, была яркай і насычанай. Канцэртныя і тэматычныя пляцоўкі, грандыёзнае тэатралізаванае адкрыццё фэсту, пляценне галоўнага сімвала свята — купальскага вянка, гандлёвыя рады, выступленне зорак беларускай і расійскай эстрады. У гасцей была магчымасць наведаць Александрыйскую сярэднюю школу, дзе ў свой час вучыўся Аляксандр Лукашэнка.
Упершыню на Купаллі працавала тэматычная пляцоўка Беларускага саюза жанчын. Прастора пад назвай “Жаночая гасціная” аб’яднала ўсю разнастайнасць дзейнасці БСЖ: ад конкурсаў для шматдзетных сем’яў да праектаў па зберажэнні жаночага здароўя, умацаванні сям’і, мацярынства і дзяцінства.
Самым важным і ўрачыстым момантам стала сустрэча Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Народ вітаў лідара шчырымі авацыямі. Прэзідэнт гаварыў цікава і пра многае, у тым ліку і пра Год беларускай жанчыны. “Мы святкуем Купалле ў Год беларускай жанчыны. Невыпадкова сімвалам свята стала купальская Берагіня. Продкі верылі, што яна аберагае пасевы і напаўняе жыватворнай сілай травы, ахоўвае сямейны ачаг, клапоціцца пра дзяцей і матуль, — звярнуўся да ўдзельнікаў і гасцей Купалля Аляксандр Лукашэнка. — Хочацца, каб увесь наш свет, такі крохкі, як мы бачым, быў ахутаны яе покрывам. Каб у кожнай сям’ і панавалі любоў і дабрабыт. Каб праз год мы з вамі зноў сустрэліся тут, у Александрыі. І разам адправіліся ў новае падарожжа да душы славянскага народа — загадкавай душы, але нязменна шырокай, шчырай і міласэрнай”.
Галоўнай творчай пляцоўкай выступіў маштабны кірмаш народных рамёстваў. Тут развярнуліся каларытныя экспазіцыі ўсіх абласцей Беларусі і амаль 30 рэгіёнаў Расіі. Кожны мог дакрануцца да самабытнай культурнай спадчыны і рэгіянальных традыцый дзвюх краін, а таксама набыць унікальныя сувеніры.
• • Ведай нашых!
Актыўна ўдзельнічалі ў культурным мерапрыемстве і майстры Асіповіцкага раённага цэнтра народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На нашым падворку праводзіліся разнастайныя майстар-класы. Так, Аляксандра Ткачова знаёміла з пісанкай, вучылі ткацтву Кацярына Савонь, ганчарству — Дзмітрый Палешчук. Вялікай папулярнасцю карысталіся драўляныя гульні Алега Сямёнава. Увогуле, такая творчая камандзіроўка патрабавала вялікай падрыхтоўкі. Майстрамі РЦНР была створана работа для конкурсу “Берагіня Купалля”. Гэта зроблены ўручную касцюм: вянок з бісеру і стужак, адмыслова аздобленая стужкамі сукенка з распісаным узорамі нізам, вышытая паеткамі. Працавалі над касцюмам Лідзія Кардымон, Дзіяна Гулік, Дзмітрый Палешчук. Вынікаў конкурсу пакуль чакаем.


• • І музыка, і песні
На працягу ўсяго дня радавалі сваімі звонкімі выступленнямі наведвальнікаў свята народны ансамбль народнай песні “Чыстыя крыніцы” Вязаўніцкага СДК. Група, дарэчы, на галоўным беларускім Купаллі пабывала ўжо чацвёрты раз. І кожны з іх — асаблівы і па-свойму хвалюючы і запамінальны. Самадзейныя артысты падрыхтавалі тры канцэртныя блокі па паўгадзіны кожны. А кіраўнік калектыву Алег Матусевіч яшчэ і прымаў удзел у святочным шэсці на адкрыцці ўрачыстасці. Дарыць людзям добры настрой — такой была асноўная задача нашых выканаўцаў.

• • Сырны фестываль
Адной з цікавых і смачных лакацый свята стала… сырнае месца, дзе была створана асаблівая атмасфера з прыцягальнымі фотазонамі і, зразумела, багатым асартыментам свежай малочнай прадукцыі і элітных сыроў. Сталы проста ламіліся ад сырных шэдэўраў “Бабушкиной крынки”. Наведвальнікаў запрашалі прыняць удзел у народным галасаванні “Сырная карона”. А госці і не адмаўлялі — спрабавалі прадукцыю, дзяліліся ўражаннямі і з задавальненнем галасавалі.
У выніку была адзначана і прадукцыя філіяла “Асіповіцкі”. У намінацыі “Самы арыгінальны смак сыру” наша прадпрыемства заняло другое месца! І ўвогуле дэгустацыя ішла актыўна ўвесь дзень, а найбольшай жа папулярнасцю карысталіся сыры “Пармизано де Люкс” і “Могучий Лев”. У чарговы раз асіповіцкія перапрацоўшчыкі паказалі найвышэйшае майстэрства, адданасць традыцыям і сапраўдную любоў да сваёй справы.
• • “Купальская краса-2026”
Фінал арганізаванага ГА “БРСМ” конкурсу атрымаўся сапраўды трыумфальным для асіпаўчанкі Лізаветы Ляўкоўскай, інжынера-канструктара Асіповіцкага завода транспартнага машынабудавання, маладога спецыяліста. Адбылася падзея на пляцоўцы “Твой драйв. Твой поспех. Твая краіна”. Акрамя ганаровага срэбра і тытула першай віцэ-міс, Лізавета пакарыла сцэну і стала пераможцай у спецыяльнай намінацыі “Сцэнічнае абаянне”. Ліза зачаравала журы і гледачоў харызмай, артыстызмам і ўменнем трымаць увагу залы. Яе творчы нумар і бездакорныя выхады сталі сапраўдным увасабленнем магіі сцэны. Гэта абсалютна заслужаная ўзнагарода за талент, шчырасць і той самы агеньчык, які робіць дзяўчыну сапраўднай зоркай.
— Рада, што конкурс атрымаўся такім выніковым. Канкурэнцыя на самай справе была высокая, бо іншыя дзяўчаты таксама дасканала падрыхтаваліся. Мне ў многім дапамагала першы сакратар райкама БРСМ Яўгенія Ільева, — расказвае Лізавета. — Увогуле, люблю ўдзельнічаць ва ўсялякіх такіх праектах. Гэта выдатная магчымасць праявіць сябе, паспаборнічаць, паказаць свой талент, пашырыць сяброўскі круг. “Купальская краса” складалася з чатырох іспытаў: дэфіле, інтэлектуальны і творчы конкурсы, а таксама конкурс вянкоў. І ад конкурсу, і ўвогуле ад “Купалля-2026” засталіся толькі самыя станоўчыя і светлыя ўражанні.
Валянціна КОРБАЛЬ.
