Вандроўныя “Шчадроўкі” 19.01.10, № 4
Традыцыйна фінальным акордам калядных святаў на Асіповіччыне з’яўляецца фэст “Ліпеньскія шчадроўкі”. 15 гадоў запар ён ладзіўся ў Ліпені, куды з’язджаліся лепшыя ансамблі з усяго раёна, а з гэтага года арганізатары вырашылі, што фэст будзе вандраваць па розных вясковых клубах. Сёлетняй “сталіцай” “Шчадровак” стала Вяззе.
17 студзеня ў мясцовы Дом культуры прыбыла больш за сотню артыстаў з 8 народных калектываў: “Ліпеньскія зоркі”, пратасевіцкае “Сузор’е”, карытнянскія “Сваякі”, крамокская “Вярба”, свіслацкія “Рэчанькі”, ялізаўская “Вечарынка”, сасноўская “Журавушка” (на фота) і тутэйшая “Вязанка”.
Распачалося свята народных традыцый з калядаванняў. Магчымасць пашчадраваць апошні раз у бягучым годзе выпала артыстам з Карытнага. Пасля вяртання “Сваякоў” у СДК пачаўся сам канцэрт.
Фармат правядзення фэста апошнім часам стаў мяняцца. Раней нумары калектываў проста ішлі адзін за адным, потым у сцэнарый “Шчадровак” ўвялі тэатралізацыю. Так, на сцэне з’явіліся гаспадар з гаспадыняй, да якіх па чарзе ў хату заходзяць артысты-каляднікі. Сёлета “запрасілі” яшчэ і чорта — у гэтага “цёмнаскурага” персанажа вельмі ўдала пераўвасобіўся вяззеўскі артыст Вячаслаў Кілбас. Нячысцік не столькі хацеў папсаваць людзям свята, колькі сам у ім паўдзельнічаць, аднак людзі пастаянна гналі гэтага недарэку ад сябе.
Нашы “Шчадроўкі” могуць пазнаёміць любога чалавека з беларускім абрадам калядавання. У выступленнях народных ансамбляў удзельнічалі амаль усе яго традыцыйныя персанажы: павадыр з казой, дзед, цыганы, мядзведзь, механоша, афіцэр. Акрамя святочных песень артысты ўключалі ў свае нумары яшчэ і народныя танцы. Прычым, да кожнага новага фэсту яны абавязкова абнаўляюць рэпертуар.
Пасля канцэртнай часткі начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Раманчук уручыла ўсім удзельнікам дыпломы — за зберажэнне беларускіх народных традыцый. Правядзенне свята супала з 50-годдзем канцэртмайстра і баяніста Сцяпана Саханчука — яго ўзнагародзілі Ганаровай граматай за асабісты ўклад у развіццё мастацкай самадзейнасці Асіповіцкага раёна.
Фэст “Шчадроўкі” праводзіцца не проста для забаўкі, а з мэтай падтрымкі нашай традыцыйнай культуры. Спецыялісты цэнтралізаванай клубнай сістэмы адзначаюць, што апошнім часам асіповіцкая моладзь стала больш цікавіцца беларускай аўтэнтыкай. І на вяззеўскай сцэне сапраўды вельмі прыемна было бачыць багата хлопцаў і дзяўчат.