У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі (вул. Рабоча-Сялянская) днямі адкрылася выстаўка работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва педагога дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Прышчэпавай. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены вышытыя ручнікі, сурвэткі, іншыя прадметы, выкананыя пры дапамозе іголкі і нітак у розных тэхніках — вышыўка “крыжыкам”, “гладдзю” і ў “набор”.
Па словах Надзеі Аляксандраўны, падобнае мерапрыемства — хоць і не першая спроба пазнаёміць асіпаўчан са сваёй творчасцю (іх можна было ўбачыць у “Горадзе майстроў” падчас правядзення гарадскіх свят), але надта адказнае і хвалюючае для яе. У кожны выраб укладзена часцінка яе душы. І ніводзін з іх не падобны адзін на аднаго. Каб атрымалася такая незвычайная выстаўка, спа-трэбілася 7 гадоў напружанай, цікавай працы, якая і прынесла цудоўныя вынікі. Дарэчы, многія з экспанатаў прымалі ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах і займалі прызавыя месцы. У экспазіцыі знаходзяцца работы і яе выхаванцаў, якія дасягнулі пэўных поспехаў, займаючыся ў гуртку, у тым ліку — і работы з бісера Таццяны Гізбрэхт з Лапіч.
Уважлівыя гледачы звернуць увагу і на той факт, што ў работах прысутнічаюць не толькі беларускія матывы, але і ўкраін-скія, таму што рукадзельніца менавіта родам з Украіны. Гэтая дэталь надае вырабам яшчэ большы каларыт і разнастайнасць. Наогул ад эксклюзіўных, зробленых уручную рэчаў атрымліваеш масу станоўчых эмоцый. Узнікае жаданне паспрабаваць зрабіць нешта падобнае. Значыць, мэта выстаўкі дасягнута!