Тры музычныя эцюды з жыцця дырэктара дзіцячай школы мастацтваў № 2 26.02.10, № 15-16
Медныя трубы — галоўнае выпрабаванне ў яго жыцці.
Спачатку Сяргей Iосіфавіч вучыўся іграць на гэтым духавым інструменце. Потым
музыка з захаплення ператварылася ў працу. Мужчына не расстаецца з трубою ўжо
на працягу 40 гадоў. Выпрабаванне славай Ашэйчык праходзіў неаднойчы, але
фанабэрыстым і самалюбівым так і не стаў. Сёлета гэты чалавек узнагароджаны
Ганаровай граматай райвыканкама за шамтгадовую добрасумленную працу.
Трубач
— Духавую музыку палюбіў яшчэ ў дзяцінстве. У 60-я
гады ў Асіповічах было шмат штатных ваенных аркестраў. Наша сям’я жыла на
вуліцы Абросімава, дзе часта праходзілі вайсковыя парады і дэманстрацыі. Ад
гукаў духавых інструментаў па целу беглі дрыжыкі і замірала сэрца. У музычнай
школе — перайменавана ў другую школу мастацтваў — займаўся ў таленавітага
трубача Льва Валнушкіна.
Потым у інстытуце культуры набіраўся ведаў не толькі
ад выкладчыкаў, але і ад сяброўства са студэнтамі-замежнікамі. У іх можна было
“дастаць” дэфіцытныя грампласцінкі і нотную літаратуру. Мы часта
разам ігралі на розных вечарынах і вяселлях. Такім чынам навучыўся
імправізаваць і палюбіў джаз.
У 90-я гады духавая музыка ў Асіповічах
“заняпала” — толькі мы з таварышамі іншым разам ігралі ў святы. У
1997 годзе прапанавалі паўдзельнічаць у абласным фестывалі духавой музыкі ў
Быхаве. Тое ўдалае выступленне і на-тхніла на стварэнне “перманентнага”
духавога ар-кестра. У яго склад увай-шло 30 музыкантаў. Некаторыя з іх
прыязджалі на рэпетыцыі нават з Мінска, Мар’інай Горкі, Бабруйска і Цэлі. Праз
год аркестр атрымаў званне народнага.
Мы аб’ездзілі з канцэртамі ўсю Беларусь, бывалі ў
Расіі. Асабліва запомнілася выступленне ў маскоўскім Палацы моладзі. Звонку
гэта звычайны будынак, але акустыка там — як у царкве: такога эфекту дасягнулі,
дзякуючы кругламу канцэртнаму залу з купалам. У родным горадзе мы іграем даволі
часта.
Педагог
— Дрэнна, што ў старэйшых класах адмянілі ўрокі
музыкі, малявання і сусветнай мастацкай культуры. Эстэтычнае выхаванне
адыгрывае вельмі важную ролю ў станаўленні асобы. Вучні ў сценах
“музыкалкі” нават паводзяць сябе інакш, чым у звычайнай школе.
Натуральна, што да нас прыходзяць дзеці з рознымі
здольнасцямі. І настаўнік, працуючы з імі, не павінен арыентавацца выключна на
праграмныя патрабаванні. Трэба падтрымліваць усіх, а не толькі таленавітых.
Заняткі музыкай прыносяць карысць любому чалавеку. Дзеці, якія займаюцца проста
для сябе, могуць радаваць бацькоў хатнімі канцэртамі.
Штогод са сцен нашай установы выпускаецца каля 40
чалавек, і толькі 4-5 з іх паступаюць далей на музычныя спецыяльнасці. Са сваіх
вучняў хацелася б вылучыць Івана Запруцкага і Аляксандра Тамковіча, якія сёння
саліруюць у аркестры Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і Вялікім
сімфанічным аркестры Расіі.
Дырэктар
— Колькасць жадаючых навучацца ў
“музыкалцы” пастаянна павялічваецца. Сёння ў нас займаецца 260
школьнікаў, прычым большасць — у другую змену. Месца на ўсіх не хапае,
спраўляемся з дапамогай іншых устаноў: у СШ №№ 2 і 3 праходзяць урокі музыкі, у
МПЦ “Равеснік” — харэаграфіі, у кінатэатры “Радзіма” —
спеваў. Няма ў нас і свайго канцэртнага зала — абыходзімся памяшканнямі
“Равесніка” і РЦК.
Мяркую, што беларускія музычныя школы трэба
мадэрнізаваць: больш увагі надаваць сучасным накірункам, адкрываць новыя
ад-дзяленні. Цяперашнія дзеці пастаянна чуюць папулярную музыку і не маюць
асаблівага жадання іграць на народных інструментах. 6 гадоў таму мы першымі
сярод усіх “музыкалак” вобласці сталі навучаць школьнікаў эстрадным
спевам. Зараз гэта адно з самых папулярных аддзяленняў. Хацелася б навучаць
дзяцей яшчэ і ігры на ўдарных. Але патрэбны сур’ёзныя сродкі, каб закупіць
інструменты. Пасля гэтага можна “замахнуцца” і на свой гурт.
Наша школа валодае асаблівай энергетыкай. Людзі, якія
калісьці вучыліся тут, вяртаюцца назад. Гэта адбылося не толькі са мной і маёй
дачкой. Былыя выпускнікі складаюць амаль палову ад усіх сённяшніх выкладчыкаў.
Спадзяюся, што і ў будучым такі магнетызм не аслабне.
Вольга ЖАРНАСЕК.