Напрыканцы жніўня ў Глуску прайшоў чарговы абласны фестываль сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”, які сабраў не адзін творчы калектыў Прыдняпроўя, аб’яднаны любоўю да роднага краю, да яго самабытнай культуры, да тых звычаяў і традыцый, якія спакон веку захоўваюцца ў беларускіх сем’ях. Адметнасць сёлетняга фестывалю — удзел у ім і самадзейных артыстаў з Расіі і Украіны.
Два жнівеньскія дні Глушчына сачыла за яркай, арыгінальнай творчасцю сямейных дынастый.
Наш раён на гэтым свяце прадстаўляў сямейны ансамбль “Свята” з Пратасевіцкага сельскага Дома культуры. У яго складзе — муж і жонка Аляксандр і Наталля Еўдакімовічы, а таксама іх трое дзяцей: сыны, Ілья і Уладзіслаў, і дачушка Марыя. Яны ўжо не першы раз бяруць удзел у гэтым фестывалі. І, як правіла, вяртаюцца з яго з узнагародамі. Так, сёлетнія спаборніцтвы прынеслі ім удачу ў конкурсе рыбаловаў, падчас якога трэба было налавіць рыбы і прыгатаваць з яе юшку. Як прызнаюцца Еўдакімовічы, гэтая нацыянальная беларуская страва аказалася такой смачнай і наварыстай, што журы аднагалосна прызнала іх пераможцамі і ўручыла Дыплом І ступені. Акрамя гэтага конкурсу, было шмат іншых. Але найбольшую цікавасць, на думку Наталлі Анатольеўны, выклікаў такі, як “Сувязі часу праз ручнік”, у ходзе якога трэба было прадставіць ручнік — сімвал сямейнага дабрабыту і шчасця. Дружная сям’я Еўдакімовічаў дэманстравала ручнік, сатканы па ўзору вырабу канца ХІХ стагоддзя, які належаў жыхарцы Дараганава.
Наогул жа, фестываль прынёс яго ўдзельнікам багата ўражанняў, новых знаёмстваў і стасункаў, даў магчымасць абагаціцца новымі творчымі ідэямі. І, галоўнае — засяродзіў увагу на такіх паняццях, як дабрыня, любоў, павага і ўзаемаразуменне, на якіх трымаецца са-праўдная сям’я.