Народнае становіцца стыльным №3

Традыцыйнае беларускае вяселле ўяўляла сабой
складаны рытуальна-абрадавы комплекс. Раней у час гэтай урачыстасці выконвалася
каля 200 песень і 50 разнастайных абрадаў.

Паколькі лад жыцця беларусаў за апошняе
стагоддзе істотна змяніўся, старыя звычкі страцілі сваю значнасць і
актуальнасць. У наш час вясельнай “класікай” ужо лічацца афіцыйныя рэгістрацыі
ў ЗАГСе, застоллі з тамадой і дыскатэкай. Цяпер усё часцей такая “схема”
падаецца звычайнай і малацікавай. Адсюль і вынікае жаданне зрабіць свята па-сапраўднаму запамінальным і
арыгінальным.

І дапамагчы ў гэтым могуць забытыя народныя
традыцыі. Вясельную этнапраграму сёння можна заказаць не толькі ў вядомых
музеях краіны, але і ў нашым раёне.

Аднымі з першых паспрабавалі аднавіць
традыцыйнае вяселле на Асіповіччыне жыхары Каменіч. У 1997 годзе самадзейны
мастацкі калектыў “Спадчына” правёў такі абрад для маладой ураджэнкі вёскі
Марыны Жук. Жанчына і зараз успамінае аб гэтым з захапленнем:

— Раней ніколі такога не бачыла! Праграма
працягвалася даволі доўга — амаль гадзіну. Для гасцей гэта было вялікай
нечаканасцю. Але найбольш уразіліся ўкраінцы, якія вядомыя сваім беражлівым
стаўленнем да ўсяго нацыянальнага. Тады і я адчула, наколькі каларытная сама па
сабе беларуская мова, не кажучы ўжо пра нашы традыцыі!

Вясельныя абрады для жыхароў раёна ўжо не першы
год праводзяць і народныя калектывы з Вяззя і Карытнага. Па словах мастацкага
кіраўніка “Вязанкі” Мікалая Забаўскага, само месца размяшчэння Вяззеўскага
клуба на маляўнічым беразе Свіслачы падказала ідэю яго ска-рыстання: туды
пастаянна прыязджаюць фатаграфавацца вясельныя картэжы. Мясцовыя артысты
звычайна выступаюць перад гараджанамі ці аднавяскоўцамі пасля заключэння шлюбу.
Неаднойчы былі і такія выпадкі, калі “Вязанка” прысутнічала на рэгістрацыі
новай сям’і прама на беразе вадасховішча.

А карытнянскія “Сваякі” ўпершыню выступалі з
вясельнай праграмай перад замежнікамі! Чатыры гады таму каранская дзяўчына
выходзіла замуж за італьянца. Маладыя вырашылі распісацца ў Карытным.
Удзельніца “Сваякоў” Наталля Малая адзначае, што рэгістрацыя шлюбу ў сельскім
клубе мае свае перавагі. Па-першае, тут намнога больш месца, чым у будынку
сельсавета. Да таго ж кожнае вяселле ў вёсцы — значная падзея. Каб паглядзець
на яго, злавіць на шчасце цукерак прыходзіць нямала людзей. Па-другое, час
знаходжання маладых у ЗАГСе абмежаваны, а ў клубе можна праводзіць праграму не
спяшаючыся.

У Асіповічах беларускі каларыт у афіцыйнае
вяселле прыўносіць народны калектыў “Люлечка”. Рэкламку гэтай паслугі можна
знайсці ў Доме абрадаў. Удзельнічаць у вяселлях гарадскім артыстам прапанаваў
10 год таму тагачасны начальнік аддзела культуры Васіль Налівайка. Апошні раз
“Люлечка” выступала на такім мерапрыемстве ўвосень. Гэта было інтэрнацыянальнае
свята, дзе сабраліся разам прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Малдовы, Чэхіі і
Калінінграда.

Якія ж паслугі прапануюць жаніху і нявесце
народныя калектывы? Вясельная праграма разлічана прыкладна на 15-40 хвілін.
Маладых на парозе сустракаюць хлебам-соллю. Каб была багатай і шчаслівай
будучыня, абсыпаюць зернем і прапускаюць праз браму з ручнікоў. Пад жывую
музыку артысты спяваюць народныя вясельныя песні, водзяць карагоды і праводзяць
гульні-конкурсы.       

І, канечне ж, у кожнага ансамбля ёсць свае
іскрынкі. Напрыклад, “Вязанка” частуе кліентаў самаробным бярозавым квасам і
выпрабоўвае жаніха, якому трэба перацерці зерне на старажытных жорнах. “Сваякі”
рыхтуюць “кладачку між дзявочым і замужнім жыццём”, праз якую любы павінен
правесці нявесту, а таксама прапануюць маладым першую сумесную працу —
распілаваць бервяно. “Люлечка”, акрамя песень, яшчэ выконвае разнастайныя
народныя танцы — польку, падыспань, вальсок — і забаўляе гасцей, пакуль нявеста
і жаніх знаходзяцца ў пакоях ЗАГСа.

Зусім нядаўна ў нашым раёне адбылася вельмі
цікавая і рэдкая падзея — сватаўство па народных традыцыях. 25 снежня яго
правёў у Вялікім Бары дрычынскі калектыў “Вярба”. Маці нявесты Валянціна
Дашкевіч распавяла, чаму ў іх доме з’явіліся народныя спявачкі:

— На канцэрце, пры-свечаным святу працаўнікоў
сельскай гаспадаркі, “Вярба” выканала песню пра дзяўчыну, якую будуць сватаць.
Гэта і падштурхнула мяне на думку запрасіць на сватаўство артыстак. Падзялілася
з дочкамі, тыя адобрылі, і больш ніхто пра гэта і не ведаў. У дзень сватаўства,
пакуль сын ездзіў у Асіповічы за сватамі і жаніхом, я схавала спявачак у
спальні. Калі госці прыйшлі ў хату, сказалі свае словы пра купца і тавар,
папрасіла хвіліначку ўвагі і аб’явіла пра сюрпрыз. Дзверы расчыніліся,
Мікалаеўна расцягнула баян і зазвінелі народныя песні… Ні ў каго яшчэ не было
такога сватаўства! І галоўнае — усім спадабалася! Сын здымаў абрад на
фотакамеру, і ён абавязкова ўвойдзе ў вясельны відэафільм. Само вяселле будзе
праходзіць у Асіповічах. Але калі б спраўлялі ўрачыстасць у вёсцы, то там бы
абавязкова прысутнічала “Вярба”!

Штогод на Асіповіччыне праводзіцца каля 4-5
вяселляў з элементамі народных абрадаў. Лічба пакуль што невялікая, але
ўстойлівая. І сведчыць аб тым, што мы хоць і няспешна, але вяртаемся да нашых традыцый.

Вольга ЖАРНАСЕК.

 

Последние новости

Общество

Гороскоп на 7 июля для всех знаков зодиака

7 июля 2025
Читать новость
Общество

Гурт невялічкі — гуляць няма звычкі

6 июля 2025
Читать новость
Общество

Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”

5 июля 2025
Читать новость
Общество

Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.

5 июля 2025
Читать новость
Общество

“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах

4 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем