Музычныя перамогі выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў № 1 на розных прэстыжных конкурсах сталі ўжо нормай.
Вось і нядаўна вучні класаў на духавых і ўдарных інструментах паказалі вышэйшы клас ігры як на адборачным туры, які праходзіў у Бабруйску, так і на за-ключным — у Магілёве. Адбыўся ён на базе музычнага каледжа імя А.Рымскага-Корсакава. У ім прынялі ўдзел 44 канкурсанты з розных раёнаў вобласці. Гонар нашай першай “музыкалкі” абаранялі Улад Чудакоў — трамбон (вы-кладчык Юрый Еўдакімчык), Захар Краўчанка — труба (вы-кладчык Аляксандр Панасенка) і адзін з самых юных удзельнікаў конкурсу Мікіта Туміловіч — труба (выкладчык Аляксандр Панасенка). Для ўсіх траіх акампаніравала канцэртмайстар Паліна Хамянок.
Кампетэнтнае журы пад началам прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вячаслава Будкевіча ўзнагародзіла нашых таленавітых пачынаючых музыкантаў Дыпломамі ІІ і ІІІ ступені, а таксама заахвочвальным прызам адпаведна.
Перамога ў конкурсе для хлопцаў зусім не выпадковая. Яны прызнаюцца, што рыхтаваліся да спаборніцтва вельмі сур’ёзна, шмат часу праводзілі за інструментам, выконвалі ўсе парады выкладчыкаў.
— Самае ж галоўнае — справіцца з хваляваннем і напружаннем, якія ахопліваюць перад выступленнем, — гавораць рабяты. — Нам удалося гэта зрабіць. Таму і трымаліся на сцэне ўпэўнена і спакойна, што, безумоўна, паўплывала на станоўчы вынік.
Трэба адзначыць, што для Захара і Мікіты гэта быў адзін з першых сур’ёзных конкурсаў, які прынёс ім перамогу. Улад жа станавіўся ўжо дыпламантам такога конкурсу тры гады таму.
Поспехі не толькі прыносяць радасць, але і даюць надзею на будучыню. Напрыклад, Чудакоў адназначна вырашыў для сябе ў будучыні стаць навучэнцам музычнага каледжа. Тым больш што бацькі пагадзіліся набыць яму прафесійны інструмент, ад якога залежыць ці не палова поспеху падчас конкурсных выступленняў. Такі падыход да справы, несумненна, радуе і выкладчыкаў школы мастацтваў, для якіх шчасце — бачыць свой працяг у вучнях.