Гісторыя сусветнай поп-музыкі ведае багата яркіх прыкладаў знакамітых трыа, квартэтаў і нават квінтэтаў. Шведская чацвёрка “ABBA”, англійская пяцёрка “Spаce girls” — усіх не пералічыць. Многія кіраўнікі эстрадных студый перакананы, што поп-калектыў з некалькімі вакалістамі глядзіцца на сцэне значна больш выгадна. Аднак ці заўжды гэта так? Прынамсі, беларуская “копія” расійскай “ВИА Гры” пад назвай “Топлесс” ставіць пад вялікае сумненне гэтае меркаванне. Увогуле, безаблічнасць беларускіх эстрадных калектываў і салістаў — хвароба, характэрная не толькі для айчыннага шоу-бізнесу, але і для многіх лакальных вакальных студый.
На шчасце, ёсць і выключэнні. Адно з іх — гэта “Нон-стоп”, старшая група ўзорнага клуба аматараў поп-песні “Хваля” Вяззеўскага Дома культуры, кіраўніком якога з’яўляецца Iрына Забаўская. Сам “Нон-стоп” — гэта Вікторыя ВIхарава, Юлія Непарадная і Дар’я Забаўская.
У групы павінна быць “фішка”!
Палову шалёнай папулярнасці поп-дыска-гурту “ABBA” прынес талент музыкаў, а палову — эфектны імідж. Таму дзяўчаты з “Нон-стопа” слушна мяркуюць: у калектыва павінна быць адметнасць — “фішка”. Што ёсць такога ў Вяззеўскага трыа, чаго няма ў іншых?
— Дынамічнасць і энергічнасць, — адказвае Дар’я. — У другіх ёсць і голас, і знешнасць, і добрыя сцэ-нічныя касцюмы, але няма, на мой погляд, галоўнага — жвавасці…
Назва, як і стыль калектыву, былі прыдуманы спантанна. “Нон-стоп” — гэта песня Ксюшы Сітнік і першая кампазіцыя, якую дзяўчаты выканалі разам.
За першым трэкам пацягнуліся іншыя: у стылі “рэтра”, народныя апрацаваныя, патрыятычныя. Усяго ў рэпертуары гурта каля 20 рэчаў, а гэта — дзесьці гадзінная канцэртная праграма. Часткова песенны матэрыял падбірае кіраўнік, нешта вакалісткі прапаноўваюць самі. А пошукам фанаграм займаецца ўжо дырэктар ДК Мікалай Забаўскі. Апошнім, што дзяўчатам спадабалася, стала кампазіцыя “Sunny” групы “Bonеy M”.
Яшчэ адна запамінальная рыса “Нон-стопа” — гарма-нічны сінтэз харэаграфіі і вакалу. Дарэчы, пластычнае суправаджэнне прыдумвае сама Дар’я, якая з 5 гадоў займаецца танцамі.
— Каб добра рухацца і спяваць адначасова, трэба шмат працаваць, — раскрывае яна сакрэт. — Прапу-шчаныя рэпетыцыі, лішнія кілаграмы адразу даюць пра сябе ведаць: не хапае дыхання, хутка стамляешся.
Аднак, як адзначае Вікторыя, дзяўчаты з усім спраўляюцца лёгка. Тым больш што, напрыклад, Віка актыўна займаецца спортам у школе і ездзіць на спартакіяды.
Яшчэ адзін важны кампанент “Нон-стопа” — эфектныя касцюмы. Распрацоўкай эскізаў, не без удзелу саміх вакалістак, займаецца зноў-такі Iрына Забаўская, а шые іх — яе маці. Вось такая майстэрня!
Улюбёнцы лапіцкіх “газавікоў”
“Нон-стоп” з’явіўся ў 2007 годзе, калі ў ДК прыйшла Iрына Забаўская. Дагэтуль дзяўчаты спявалі ў асноўным сольна, а тут нара-дзілася ідэя паспрабаваць калектыўны праект. Калі казаць пра музычна-танцавальную “кар’еру”, то ў Юлі яна пачалася каля 7, а ў Вікі — каля 5 гадоў таму. Даша ж у творчай сферы яшчэ з дашкольнага ўзросту.
— З дзяцінства марыла стаць спявачкай, — прызнаецца Вікторыя. — Таму сёлета буду паступаць у Iнстытут культуры на эстраднае аддзяленне. Калі не атрымаецца, пайду ў Магілёўскі “кулёк”, але ў Iнс-тытут культуры патраплю ўсё роўна, хаця б на завочнае аддзяленне.
Такая ўпартасць не можа не радаваць. Між іншым, Віка адзіная з дзяўчат, хто будзе працягваць музычную кар’еру на больш прафесійным узроўні. Даша рыхтуецца пайсці на эканамічны факультэт, а Юля — у ваенную акадэмію. Але, як кажа апошняя, ёсць голас — знойдзецца і прымяненне. Ва ўсялякім разе, вакалісткі пакуль не плануюць ліквідаваць “Нон-стоп”. I нават зараз, калі ідзе актыўная падрыхтоўка да ўступных экзаменаў, знахо-дзяць час на канцэрты і распрацоўку новых песень. Сёлета, цераз 15 хвілін пасля навагодніх курантаў, дзяўчаты ўжо спявалі на дыскатэцы ў Вяззеўскім ДК…
— Раней збіраліся і па тры разы на тыдзень, летнія канікулы не выключэнне, — кажа Даша. — Што рабіць летам? А так — схадзіў на рэпетыцыю і адчуваеш, што зрабіў нешта карыснае!
Не толькі карыснае, але і цікавае другім. Напрыклад, выхаванцаў Вяззя вельмі любяць лапіцкія “газавікі”, якія часта запрашаюць іх на юбілеі і святы.
— Калі праца табе не падабаецца, патрэбнай якасці і энергетыкі не атрымаеш, — кажа Вікторыя. — Таму пільна і падыходзім да падбору рэпертуару, танца і касцюмаў.
Трэба прызнаць: галоўная фішка “Нон-стопа” — яго драйвовая энергетыка. Ня-гледзячы на тое, што дзяўчаты толькі перапяваюць чужыя песні, яны робяць гэта настолькі цікава, што часам знакаміты хіт у іх выкананні проста непазнавальны!