“Месца, дзе прыходзіць на свет чалавек, мае значны ўплыў на далейшае яго светаўспрыманне і развіццё. У такім прыгожым кутку, як Вяззе, не можа не быць таленавітых, чуллівых да мастацтва людзей,” — мяркуе дырэктар Вяззеўскага СДК, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля беларускай песні “Вязанка” Мікалай ЗабаўскI. Ён і распавядае аб сваёй рабоце, дзеліцца разважаннямі аб ролі культуры ў жыцці вяскоўцаў:
— Вось табе дзяўчаты, разгортвай работу, — сказаў, прывёўшы мяне на мясцовую ферму да даярак і даглядчыц, намеснік сакратара партыйнай арганізацыі гаспадаркі. Так усё і пачалося. Спачатку рэпетыцыі тут, на ферме, і былі. Калі людзям зручна, дык што замінае?
— Многія жыхары сельсавета ведаюць Вас з самага маленства…
— Так. Я вяду заняткі ў дзіцячым садку, знаёмлю малышню з цудоўным светам музыкі. Потым школьнікі прыбягаюць у клуб на рэпетыцыі. Сцэна дысцыплінуе, рознабакова развівае, выхоўвае эстэтычна. Наогул, усе нашы стасункі з дзецьмі накіраваны на фарміраванне асобы. Асобы, якая цікавіцца родным краем і сваімі каранямі, ганарыцца сваім паходжаннем.
— А чым жа прывабны сельскі клуб для дарослых? Iм, здаецца, ужо нічога прывіваць не трэба.
— Чалавек можа ўдасканальвацца бясконца. Адносна ж тых жанчын, якія, ад-працаваўшы дзень на рабоце, упарадкаваўшы дома гаспадарку і сям’ю, бягуць на рэпетыцыі… Ёсць людзі, у якіх існуе ўнутраная па-трэба ў творчасці, у самавыяўленні. Калі чалавек знаходзіць самарэалізацыю на сцэне — калі ласка. Уявіце сабе, наколькі важна для сельскага жыхара адчуваць, што ён знаходзіцца ў жыццёвай плыні, не абдзелены ніякімі магчымасцямі ў параўнанні з гараджанамі, мае культурны адпачынак.
— Якія наогул напрамкі дзейнасці ваша ўстанова культуры мае зараз?
— Гэта, безумоўна, су-праваджэнне розных свят: гарадскіх, раённых, пасялковых. Праводзімыя намі мерапрыемствы разлічаны на гледачоў розных узростаў: імкнемся зрабіць іх цікавымі як для малых, так і для дарослых. Традыцыйна ў Вяззі праходзіць конкурс маладых сем’яў “Уладар сяла”, сёлета ўпершыню адбыўся фестываль дзіцячай творчасці “Сузор’е талентаў”. Наогул, самадзейнасць дазваляе пашыраць кругагляд, таксама “людзей паглядзець, сябе паказаць”. У гэтым годзе “Вязанка” пабывала на фестывалях “Александрыя збірае сяброў”, “Мотальскія пры-смакі”. Нядаўна вяззеўская “Хваля” — узорны клуб аматараў музыкі набірае ўсё большую папулярнасць — прымала ўдзел у “Анімаёўцы” ў Магілёве: спявалі песні з мультфільмаў.
Апошнім часам стала запатрабаванай такая паслуга клуба, як сустрэча вяселляў у Вяззі, на ўлонні нашай цудоўнай прыроды.
— Якімі турботамі жыве кіраўнік сельскага Дома культуры?
— Захаваць той узровень цікавасці да нашай установы ў насельніцтва, які дасягнуты зараз, а калі атрымаецца — то і павысіць. Як беларуса, клапоціць лёс роднай мовы: не хацелася б, каб яна аказалася зусім занядбанай. Што тычыцца матэрыяльнага, то трэба неяк набыць прыгожае “адзенне” для сцэны — гэта, бадай, будзе важным гарманізуючым штрыхом у афармленні нашага СДК. Мы заўсёды рады сустракаць гасцей!