Лёс ткацтва: печ ці сметнік? №5

У параўнанні з сучасным складаным абсталяваннем
для вырабу матэрыі саматужны ткацкі станок выглядае безумоўнай архаікай. І гэта
пры тым, што ў Беларусі з ужывання ён выйшаў не так даўно, гадоў 30-40 таму.
Што пацвярджаюць, напрыклад, успаміны дырэктара раённага Цэнтра народных
рамёстваў Людмілы Саламянковай:

— На свае вочы ў дзяцінстве бачыла, як бабуля
ткала ходнікі на вялікім станку, які займаў цэлыя сенцы. Яна, калі пераязджала
ў Асіповічы з вёскі, забрала яго з сабой. А пасля таго, як бабулі не стала,
дзядзька пасек прыладу на дровы…

Раней аддавалі, цяпер прадаюць…

Такі лёс напаткаў не толькі станок бабулі
Людмілы Іосіфаўны. Багата старажытных прылад ткацтва “пераехала” на сметнік,
было разабрана і, натуральна, спалена. Штосьці самі жыхары аддавалі ва ўстановы
культуры, шмат рэчаў выратавалі падчас экспедыцый этнографы. Але зараз, як
прызнаюцца навукоўцы, матэрыялаў для этнаграфічных даследаванняў амаль не
засталося.

Яшчэ колькі гадоў таму ў Цэнтр рамёстваў
прыходзілі людзі з прапановай аддаць старыя ткацкія станкі ці “запчасткі” ад іх
— маўляў, нам непатрэбна, а выкінуць — шкада. Тагачаснае кіраўніцтва ўстановы
чамусьці ўпарта адмаўлялася, але зараз, калі ткацтвам у цэнтры занялася яго
метадыст Аляксандра Рыбак, станкі сталі запатрабаванымі. Толькі дзе іх сёння
знойдзеш? Тым больш — бясплатна?

— Не так даўно да нас звярталіся з падобнай
прапановай, але ўжо за ўзнагаро-джанне, — распавядае яна. — Таму выкручваемся
сваімі намаганнямі: адзін станок зрабіў Юрый Туркін, другі — Дзмітрый Паляшчук.
Прычым адпаведнага цяслярнага до-сведу ніхто з мужчын не меў… У перспектыве
з’явіцца і трэці станок — невялічкі і разборны, для выездаў.

Станкі-“франкенштэйны”

Аляксандра працуе ў Цэнтры рамёстваў 4 гады,
ткацтвам захапілася ўсяго год таму. Што стала прычынай?

— Першы штуршок — конкурс нацыянальнага касцюма,
— тлумачыць ткачыха. — Як высветлілася, аднавіць строй — гэта неверагодна
складаны працэс: трэба правесці экспедыцыйную работу, распрацаваць эскізы і
г.д. Цікавы момант: многія бабулі народныя касцюмы Асіповіччыны называлі
“навалаччу”. З правядзеннем чыгункі ў рэгіёне з’явілася багата прыез-джых з
рознымі стылямі народнай вопраткі, якія пазней перамяшаліся з мясцовымі. Другі
штуршок — конкурс рушнікоў. Яшчэ на мінскай канферэнцыі па касцюмах пазнаёмілася
з Галінай Бураўцовай, дырэктарам цэнтра са Старых Дарог. Закарцела не проста
вышыць рушнік на конкурс, а саткаць яго, таму звярнулася да калег са
Старадарожчыны за дапамогай. Там запал крыху астудзілі, сказалі, што за месяц
нельга навучыцца ткаць. Дарэчы, пры падвядзенні вынікаў конкурсу аказалася, што
з усіх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці толькі адзін прадставіў тканы рушнік! Так
пачаліся мае паездкі ў Старыя Дарогі…

З гэтага часу ў цэнтры паступова збіраецца першы
станок, прычым частка дэталяў — з гарышчаў Асіповіччыны.

— Вельмі дапамагла бабуля з Брадзішчаў, дзякуючы
ёй у нас ёсць старыя панажы, бёрда, ніты, навоі, — распавядае Аляксандра. — У
прынцыпе, усе гэтыя “запчасткі”, акрамя бёрдаў, можна было б і самім зрабіць.
Аднак для цэнтра, у якім няма адпаведных спецыялістаў, гэта праблематычна. А
выкананне бёрдаў — ювелірная і складаная праца, не ведаю, ці займаецца ёю
хто-небудзь наогул у вобласці…

Фестывальны дрэс-код

Адна з першых грунтоўных спроб прадставіць
саматужныя вырабы рэгіёна — першая сельскагаспадарчая і саматужна-прамысловая
выстава 1896 года, арганізаваная Магілёўскім сельскагаспадарчым таварыствам. На
ёй экспанаваліся працы 120 сялян і рамеснікаў-мяшчан.

Сёння падобныя кірмашы пад назвай “горад
майстроў” рэгулярна ладзяцца па ўсёй рэспубліцы ў межах розных фестываляў. А
нядаўна рамеснікам, якія ў іх удзельнічаюць, паставілі ўмову: адпаведны знешні
выгляд.

— На выстаўцы-кірмашы ты абавязкова павінен быць
у строі, — тлумачыць Аляксандра. — Раней бралі сукенкі ў раённым Цэнтры
культуры. Аднак прасіць ужо надакучыла, ды і добрых строяў нам ніхто на выезд
не даваў. Таму калі з’явіліся станкі, то вырашылі пашыць адзенне самі. Выбралі
не аўтэнтычны, а мадэрнізаваны варыянт. Кожны прыдумвае сабе мадэль, а я ўжо па
магчымасці яе рэалізоўваю. Напрыклад, Вольга Герасімовіч носіць выключна
кароткае, таму ў яе будзе міні-сарафанчык. Дырэктару трэба больш салідны і
строгі строй і г.д.

Людміла Саламянкова дадае:

— Частку касцюмаў мяркуем скончыць да вясны. А
ўвогуле, хочацца зрабіць цэлую тканую калекцыю. Калі былі на выстаўцы ў
Александ-рыі, пабачылі цікавую вопратку з саломы. Чым мы горш?

Пажыральнік станкоў

Вымалёўваецца, фактычна, ідылічная сітуацыя. Але
ўзнікае пытанне, колькі яна можа працягнуцца? Тым больш, што адна з самых
важных частак станка — бёрда — ужо “ва ўзросце”, а выраб новага патрабуе
вялікага майстэрства.

— Пакуль станок не з’есць шашаль, — адказвае
ткачыха. — Часам прыйдзеш на працу, а каля прылады — груда апілак… І нічога
не дапамагае. Новы станок пакрылі лакам, паглядзім, можа дапаможа…

Аднаўленне саматужнага ткацтва

Супрацоўнікі цэнтра спадзяюцца на лепшае і
будуюць планы на будучыню. Пасля таго, як будуць гатовы касцюмы і стэнд з
выставачнымі працамі Аляксандры, мяркуецца рабіць невялікія вырабы на продаж.
Дамова аб рэалізацыі вырабаў заключана з крамай райста, якая знаходзіцца каля
чыгуначнага вакзала.

— Але наша мэта не продаж, а прасоўванне
майстэрства ў масы, — кажа дырэктар цэнтра. — Таму з наступнага навучальнага
года тут будзе працаваць адпаведны гурток.

Дырэктар цэнтра Людмі-ла Іосіфаўна называе
Аляксандру “Каралевай нітак”, бо тая, як з’яўляецца вольная хвілінка, адразу
садзіцца ткаць. Дзякуючы такім жанчынам, гэта старажытнае майстэрства зараз
атрымоў-вае другое жыццё. Напрыклад, вышэйузгаданы цэнтр народнага мастацтва ў
Старых Дарогах мае ажно цэлых 7 станкоў і салідны шэраг вучняў. У Гродзенскай,
Гомельскай і Віцебскай абласцях ткацтва паступова становіцца папулярным
заняткам, у тутэйшых рэгіёнах ладзяцца разнастайныя семінары і майстар-класы. А
там, дзе ёсць ткачы, з’яўляюцца і станкі. На замену тым, што былі спалены ці
выкінуты…

Ганна МАЦКЕВІЧ.

 

Последние новости

Общество

Гороскоп на 7 июля для всех знаков зодиака

7 июля 2025
Читать новость
Общество

Гурт невялічкі — гуляць няма звычкі

6 июля 2025
Читать новость
Общество

Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”

5 июля 2025
Читать новость
Общество

Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.

5 июля 2025
Читать новость
Общество

“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах

4 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем