Айчынная iндустрыя казкi №23

Калі
мы хочам змяніць свет да лепшага, мы павінны пачынаць з дзяцей

Астрыд
Ліндгрэн.

Да братоў Грым казкі лічыліся ўсяго толькі не
вартым увагі здабыткам простых людзей. Ніхто з паважаных літаратурных мэтраў іх
не запісваў і, тым больш, не пісаў. Але шматгадовая праца братоў-немцаў дазволіла
пахіснуць гэтае зняважлівае стаўленне і ўвесці казку ў кнігарні, салоны і
палацы. З часоў «перавароту” мінула багата гадоў, але асколкі некалі разбітага
стэрэатыпу ўсё яшчэ даюць аб сабе знаць. У чарговую 25-ую гадавіну святкавання
Сусветнага дня пісьменніка мастацкі кіраўнік узорнага лялечнага тэатра «Ялінка”
Ларыса Мядзведская распавяла «раёнцы” пра беларускую казачную індустрыю і яе
аўтараў, літаратурныя захапленні маленькіх асіпаўчан, а таксама пра
складанасці, з якімі сутыкаецца яе тэатрык.

Варта нагадаць, што «Ялінка” ў гарадской
дзіцячай бібліятэцы існуе з 1989 года, а пад кіраўніцтвам Ларысы Канстанцінаўны
— з 2003 года. Сёння яе рэпертуар уключае больш за тры дзясяткі тэатралізаваных
казак, інсцэніровак і прадстаўленняў на беларускай і рускай мовах. У дзвюх
групах займаюцца каля 15 юных акцёраў.

— Ці ёсць у «Ялінкі” ўлюбёны пісьменнік?

— Пытанне рэпертуару для нас самае балючае, —
адзначае Ларыса Мядзведская. — Аматарскаму дзіцячаму тэатру падыдзе далёка не
кожны твор. Па-першае, тэкст павінны ўпадабаць акцёры, таму загадзя падбіраю
варыянты будучых пастановак, а дзеці вырашаюць, што ім іграць. Па-другое, трэба
ўлічваць магчымасці нашага лялечнага асартыменту, здольнасці артыстаў і мяне,
іх рэжысёра. Ставілі творы Уладзіміра Караткевіча, Мікалая Гогаля, Сяргея
Міхалкова, Мікалая Суцеева ды інш.

Найбольш прыйшліся да душы п’ескі-казкі
лагойскага пісьменніка Міколы Захаранкі, з якім пазнаёмілася дзякуючы дзіцячаму
часопісу «Вясёлка” і яго рубрыцы «Тэатр Васі Вясёлкіна”. Творы Захаранкі
невялікія, дынамічныя, вясёлыя ды асучасненыя. Некаторых дзетак адразу
насцярожыла беларуская мова, на якой напісаны п’есы, аднак калі азнаёміліся з
тэкстам больш грунтоўна, усе прыйшлі ў захапленне. Сёння ў нашым рэпертуары 6
рэчаў гэтага аўтара.

Год таму адправілі яму падзячны ліст праз
рэдакцыю «Вясёлкі”. Праз некаторы час у бібліятэку прыйшоў адказ. Мікола
Захаранка прызнаўся, што нават калі яго п’еса «Паехалі” ставілася на сцэне
Купалаўскага тэатра, ён не атрымаў столькі радасці, колькі ад нашага пісьма.
Аказалася, што піша ён у асноўным для дарослых, а гэтыя казкі — своеасаблівы
эксперымент.

— Што дапамагае арыентавацца ў прасторы
шматлікіх аўтараў і іх твораў?

— Часопісы «Вясёлка”, расійскі «Театр круглый
год”. Праўда, апошні больш у Беларусі не прадаецца, а ён якраз быў разлічаны на
аматарскія тэатры і падчас нас ратаваў. Нешта бяру з дадаткаў да газеты
«Культура”, аднак гэтага недастаткова. Выданняў, якія дапамагаюць дарослым і
дзецям знаёміцца са светам дзіцячай літаратуры, мала, і цэняцца яны на вагу
золата. Часта бяром за аснову нейкі тэкст і пераапрацоўваем яго. Так становімся
сааўтарамі: прыдумваем канцоўкі, уводзім новых герояў і рэаліі сучаснага жыцця.
Напрыклад, вось наш кавалачак з п’есы Паншынай «Пераборлівы жук”: «День за днем
уж год проходит, царь покоя не находит, в интернет он не заходит!”.

А яшчэ даўно выношваю ідэю: выдаць зборнік
дзіцячай творчасці. Некаторыя нашы чытачы ўжо прынеслі ў скарбонку свае вершыкі
і расповеды. Ёсць сярод іх і пара твораў унучкі паэткі Лёлі Багдановіч.

— Сучасныя дзеці любяць чытаць? Ці стымулюе
цікавасць да кнігі дзейнасць тэатра?

— Пачну з таго, што асартымент кніг у бібліятэцы
для ўсіх узростаў проста багацейшы, толькі чым сталей дзіця, тым менш яно чытае
і больш цягнецца да камп’ютара, гэта не сакрэт… У пэўнай ступені нашы
пастаноўкі аднаўляюць цікавасць да кнігі, прынамсі мае акцёры — самыя актыўныя
карыстальнікі бібліятэкі. За год некаторыя з іх прачытваюць 30-60 кніг. Што
чытаюць? Пераважна навінкі, якія вельмі граматна пададзены: прыгожае
аздабленне, інтрыгуючыя назвы. Даспадобы прыхо-дзяцца серыі кніжак кшталту
«Улюбёныя кнігі дзяўчат”, заўжды папулярным застаецца фэнтэзі. Між іншым,
некаторыя выдавецтвы ідуць на хітрыкі і перавыдаюць класічныя творы ў серыях
навінак. Напрыклад, у серыі «Улюбёныя кнігі дзяўчат” расійскай выдавецкай групы
«АСТ” побач з «Пакутамі юнага хакера” Раманава выйшлі і «Прыгоды Алісы
Селязнёвай” Кіра Булычова.

Цікавасць да чытання трэба падтрымліваць. Сёння
ў кнігі моцная канкурэнцыя, таму толькі прывабнага выгляду, назвы і цікавага
зместу выдання недастаткова. Па-трэбна яе граматная папулярызацыя. Дзеці шмат
чытаюць па школьнай праграме і вельмі мала для сябе. Калі ставім п’есу перад
школьнікамі, імкнемся расказаць нешта захапляльнае пра яе аўтара. Сваіх акцёраў
стымулюем тым, што яны першымі могуць браць навінкі.

— З якіх аўтараў, лічыце, трэба сёння прывучаць
да чытання?

— Самуіл Маршак, Агнія Барто, Эдуард Успенскі…
(спіс атрымаўся салідны — аўт.). З айчынных — Янка Маўр, Уладзімір Караткевіч,
але гэта ўжо для больш дарослых. Зараз багата цудоўных дзіцячых серый — кшталту
«Казак ХХI стагоддзя”, «Беларускай аўтарскай казкі”, «Скарбаў роднай прыроды”
ці «Славутых iмён”. І ўсё гэта можна знайсці ў нашай бібліятэцы!

Ганна МАЦКЕВІЧ.

Последние новости

Культура

Интересные факты про районный центр народных ремесел и декоративно- прикладного искусства в Осиповичах

12 октября 2025
Читать новость
Культура

Как организована работа Осиповичского районного центра культуры и досуга?

12 октября 2025
Читать новость
Общество

Уважаемые работники культуры, ветераны отрасли, примите поздравления с Днем работников культуры!

12 октября 2025
Читать новость
Общество

112 добрых спраў

11 октября 2025
Читать новость
Общество

Служить, как отец: история Павла Зиновенко из Осиповичского РОЧС

11 октября 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 11 октября

11 октября 2025
Читать новость

Рекомендуем