АСІПОВІЧЧЫНА: адраджаем традыцыі разам! №5

Калядаванне, якому не адно стагоддзе,з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць.
Не раз даводзілася назіраць за калядоўшчыкамі, сустракаць іх на вуліцы, прымаць
у хаце. Працуючы раней у вясковай школе, здаралася быць не толькі гледачом, а і
непасрэдным удзельнікам гэтага дзейства — так званага адваротнага боку свята і
радасці куды болей…

Для вяскоўцаў калядоўшчыкі — госці жаданыя.
Спрадвечныя традыцыі тут памятаюць. Усім вядома: калядоўшчыкі Казу вядуць і
радасць нясуць, а “дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць, дзе Каза хвастом,
там жыта кустом, дзе Каза рогам, там жыта стогам”. Бывае, што некаторыя
гаспадары нават спецыяльна і загадзя просяць, каб пераапранутыя калядныя госці
абавязкова не абмінулі іх хату.

Калядаванне ад “Асіповіцкага
краю”

Неяк сама сабой і ў рэдакцыі ўзнікла ідэя пайсці
пакалядаваць, а потым усё накалядаванае перадаць у малазабяспечаныя сем’і.
Прыняць удзел у мерапрыемстве за-прасілі самадзейных артыстаў з народнага
ансамбля “Сузор’е” Пратасевіцкага Дома культуры. Да гонару членаў
ансамбля, яны адразу пага-дзіліся прыняць удзел у дабрачыннай акцыі. У іх
рэпертуары ўсё падрыхтавана: абрадавыя песні на любы выпадак — для гаспадыні з
гаспадаром, каб жылося і вялося; для хлопца-халасцяка, каб жонку добрую
знайшоў; для дзяўчыны, якая доўга нявесціцца, каб суджанага сустрэла. На ролю
галоўных калядоўшчыкаў — Казы і Мядзведзя — запрасілі гімназістаў-валанцёраў
Насцю Саўрыцкую і Валерыя Валадзько.

І вось дарослыя, пры-браўшыся ў іншых калядных
герояў і вызначыўшыся са сцэнарыем, рушылі, як і належыць, з каляднай зоркай
Святым вечарам па вуліцах горада. І гукі баяна і бубна, мілагучныя галасы
дзяўчат знакамітага “Сузор’я”, якія завялі “На новае
Лета…”, прыпынялі кожнага стрэчнага.

Першыя дзверы. Паправілі касцюмы, пераглянуліся:
хто націсне званок? Але так было толькі ў пачатку, пасля проста збіліся з ліку
дзвярэй, паверхаў, пад’ездаў, уласных дамоў. І паўсюдна разам з каляднымі
віншаваннямі і пажаданнямі нагадвалі, што гэта — дабрачынная акцыя, усё
накалядаванае будзе перада-дзена тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

“Заходзьце! Калі ласка!” — гасцінна
расчыняе дзверы добра вядомы ў горадзе мужчына, нядаўні кіраўнік адной
сельгасгаспадаркі. У другой кватэры гаспадыня кінулася ў скокі з цыганскім
баронам, а за тое, што цыганка “нагадала” яе сыну хуткі ўсплеск і
развіццё бізнесу, аддзячыла 20-тысячнай купюрай…

На жаль, былі і тыя, хто дзвярэй наогул не
адчыніў. Але калядоўшчыкі не крыўдзіліся. І нарэшце, гэта асабістая справа
кожнага. Мы жадалі ўсім поспехаў і дабрабыту…

Праз стагоддзі ад першапачатковага абраду
калядавання засталіся толькі асобныя элементы. Змяніўся знешні выгляд
калядоўшчыкаў, іх пажаданні і музычнае суправа-джэнне. Урэшце, змяніліся і
гасцінцы ў каляднай торбе. Але галоўнае засталося ранейшым: шчырасць пажаданняў
калядуючых, шчодрасць і хлебасольства сустракаючых на парозе.

Літаральна назаўтра, узгадніўшы прозвішчы
малазабяспечаных грамадзян з прадстаўнікамі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання
насельніцтва, мы перадалі ўсё накалядаванае людзям, якія маюць у гэтым патрэбу.
Дарэчы, некаторыя візіты каштавалі нямала душэўных сіл — даводзілася ўсміхацца
нават там, дзе хацелася плакаць. Доўга не хацелі пускаць нас да сябе маці і
двое падлеткаў, якія назаўсёды засталіся ў дзіцячым узросце. А пасля ўжо… не хацелі
адпускаць нашага Дзеда Мароза, ролю якога на сябе ўзяў па сумяшчальніцтву
намеснік галоўнага рэдактара газеты Дзмітрый Саўрыцкі. З радасцю перабіралі ў
руках пакеты з падарункамі і прадуктамі харчавання і даверліва, з удзячнасцю
ківалі галовамі, гледзячы на маці. Пасля такіх сустрэч у машыне стаяла нацятая
цішыня, гаварыць было вельмі цяжка…

 Мы
наўмысна выбіралі сем’і праз Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, дзе падобных
людзей добра ведаюць. Таму кожная з наведаных намі была далёка не выпадковай.

Прыемна, што першы блін не атрымаўся камяком, а
значыць, у падобных дабрачынных акцыях ёсць будучыня.

Свет жа не без добрых людзей, правільна?

 

У дзіцячым садку “Родничок”

ужо не першы год адзначаюць каляднае свята.
Педагогі добра разумеюць, што менавіта з малога ўзросту трэба выхоўваць у
дзяцей любоў да роднай мовы, да беларускіх нацыянальных традыцый. Таму і
стварылі ва ўстанове этнаграфічны куточак “Беларуская хатка”, дзе і праводзяць
усе мерапрыемствы, прымеркаваныя да народных свят. Вось і ў гэтым годзе
выхавацелі падрыхтавалі для дзяцей і іх бацькоў сапраўднае карнавальнае
дзейства з Казой, Мядзведзем, Цыганом, Кабылай ды Чортам. Яны цешылі публіку
каларытнымі жартамі і камічнымі рухамі, разам з выхаванцамі пускаліся ў скокі,
пелі калядныя песні і гулялі ў цікавыя гульні. Словам, усе прысутныя акунуліся
ў атмасферу шчадравання-калядавання і атрымалі ад убачанага і пачутага шмат
станоўчых эмоцый.

 

Шчадроўкі на ялізаўскім падворку

Напэўна, такога не было тут яшчэ ніколі: адразу
каля сотні каляднікаў сабраліся ў пасёлку ў адзін дзень. А ўсё таму, што 15
студзеня тут ла-дзіўся раённы фестываль “Ліпеньскія шчадроўкі ў гасцях у
Ялізаве”.

Зімовае свята распачаў абрад калядавання, які
праводзіў народны калектыў “Вяселле”. Стракатая каўгарская кампанія: Мядзведзь
з павадыром, 2 цыганкі (адна з іх вусатая — мастацкі кіраўнік Анатоль
Цімашэнка), Каза, Кікімара, 7 спявачак і баяніст — ад-правілася на
мікрааўтобусе ў госці да дырэктара шклозавода Вячаслава Рыбака. Гэты калектыў з
усіх удзельнікаў “Шчадровак” змог найбольш наблізіцца да беларускай аўтэнтыкі.
Для фестываля каўгарцы падрыхтавалі 3 калядныя песні, якія здаўна пяюцца ў іх
мясцовасці: “Нова радасць”, “Шчодры вечар” і “Зязюленька”. Артысты захавалі іх
старадаўняе мінорнае гучанне, таму гэтыя творы вельмі адрозніваюцца ад
прывычных для нас вясёлых калядак.

Усім гледачам таксама запомніўся касцюм
каўгарскай Козачкі. На Наталлі Міхадзюк, якая пераўвасобілася ў персанажа, была
зробленая з са-праўднай жывёлы маска — атрыбут спецыяльна для ялізаўскага
фестываля выканаў брат. Між іншым, каўгарская Козачка выконвала сваю ролю
згодна з народнымі традыцыямі: “памірала” і “адраджалася” пасля таго, як
гаспадары прыносілі мясны пачастунак.

“Вяселле”, зарабіўшы ў сям’і Рыбакоў каляду,
вярнулася ў Дом культуры. Там гасцей сустрэлі песнямі і пры-смакамі гаспадары —
Анатоль Пятраеў і мясцовы самадзейны калектыў “Вечарынка”. На сцэне яшчэ
выступалі карытнянскія “Сваякі”, асіповіцкая “Люлечка”, вязаўніцкія “Чыстыя
крыніцы”, “Ліпеньскія зоркі”, пратасевіц-кае “Сузор’е” і вяззеўская “Вязанка”.
Цуды беларускага народнага “брэйкдансу” публіцы прадэманстравалі юныя
ўдзельнікі харэаграфічнага ансамбля “Крынічка” з дзіцячай школы мастацтваў №1.

Начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына
Раманчук уручыла ўсім мастацкім кіраўнікам калектываў, а таксама кіраўніку
аматар-скага аб’яднання “Чараўніцы” (Радуціцкі СДК) і дырэктару раённага цэнтра
рамёстваў дыпломы за зберажэнне беларускіх народных традыцый.

Завяршае цыкл калядных святаў Вадохрышча.

“Святое Хрышчэнне — і Калядам
прашчэнне”, — гаварылі ў наро-дзе. У гэты дзень асвячалі ваду і верылі ў
яе цудадзейную сілу. Ужо не першы год на Вадохрышча ў вёсцы Краснае адбываецца
цэлае дзейства, звязанае з абрадам Хрышчэння. У ім прымаюць удзел мясцовы
сельскі Дом культуры разам з казакамі, а таксама пры непасрэдным удзеле
свяшчэннаслужыцеля прыхода Храма Ражджаства Прасвятой Багародзіцы Сяргея
Iванова.

Адраджэнню беларускіх народных традыцый вялікую
ўвагу надаюць і супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, якія арганізавалі
і правялі на базе Карытнянскай бібліятэкі літаратурна-музычную панараму
“Свята Хрышчэння: традыцыі, павер’і, гаданні, пажаданні”.

Тамара ВАЛАДЗЬКО, Ніна ВIКТОРЧЫК, Вольга
ЖАРНАСЕК.

Последние новости

Общество

Прямая телефонная линия с управляющим делами Осиповичского райисполкома

22 августа 2025
Читать новость
Общество

НЕТ домашнему насилию

22 августа 2025
Читать новость
Общество

26 августа состоится очередная сессия Осиповичского районного Совета депутатов

22 августа 2025
Читать новость
Образование

Завяршаецца прыём дакументаў у Асіповіцкі дзяржаўны каледж

22 августа 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 21 августа для всех знаков зодиака

22 августа 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассказал о скором визите в Китай и встрече с Си Цзиньпином

21 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем